Кізільнікі — гэта лістападныя або вечназялёныяхмызнякі, якія растуць павольна. Лісцінкі маленькія, простыя, чаргавальныя, яйкападобныя, улетку цёмна-зялёныя, увосень — чырванеюць (часцей за ўсё бліскучыя). Кветкі белыя або ружовыя, дробныя, у шчытках, гронках або адзінкавыя. Плады кізільніка — маленькія яблыкі з 2 — 5 костачкамі, поўнасцю ці амаль поўнасцю аброслыя агульным мясістым покрывам, ад аранжава-чырвоных да чорных, часта з шызым налётам.
Род налічвае больш за 100 відаў, разнавіднасцяў і формаў, якія растуць у Еўразіі, Паўночнай Афрыцы. Асабліва шматлікія ў гарах Паўднёва-Заходняга Кітая, Гімалаях, Сярэдняй Азіі, у лясах і розных супольнасцях хмызнякоў. На тэрыторыі Беларусі 40 інтрадукаваных відаў.
Усе кізільнікі непатрабавальныя да якасці і вільготнасці глебы. Растуць марудна. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (атожылкамі, чаранкамі). Добра прыжываюцца пасля перасадкі і пераносяць абрэзку.
Бабарэка Я. З.Кізільнік // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — С. 16—17. — 588 с., іл. — 10 000 экз.