Кінематограф Паўночнай Македоніі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Кінематограф Паўночнай Македоніі атрымаў у спадчыну доўгую гісторыю, якая бярэ пачатак у 1905 годзе, аднак македонскае кіно пачало станавіцца значным толькі пасля Другой сусветнай вайны і абвяшчэння Народнай Рэспублікі Македоніі ў складзе Югаславіі. Да 1980-х гадоў кіно краіны прытрымлівалася югаслаўскай ідэалагічнай хвалі, пасля чаго стала больш разнастайным. У 1994 годзе кінематограф Македоніі быў прадстаўлены за мяжой фільмам рэжысёра Мілчы Манчэўскага «Перад дажджом», які атрымаў намінацыю на «Оскар» за «Найлепшы фільм на замежнай мове» і быў узнагароджаны Залатым ільвом Венецыянскага фестываля.

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Вытворчасць фільмаў у Македоніі пачалася ў 1905 годзе працай братоў Манакі, піянераў кінематографа на Балканах. Двое фатографаў здымалі, у асноўным, кароткія дакументальныя фільмы, засяроджваючы ўвагу на традыцыях, паўсядзённым жыцці, а таксама значных падзеях, як, напрыклад, візіт у Македонію султана Мехмеда V у 1911 годзе. Да 1923 года, калі яны адкрылі першы кінатэатр у Бітале, браты яшчэ не разумелі важна кінамастацтва. На працягу 1920-х гадоў у буйных гарадах было адкрыта некалькі кінатэатраў. Першы рэальны кінатэатр «Апалон» быў адкрыты ў Скоп’і ў 1925 годзе.

Камуністычны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Культурны цэнтр Біталы, дзе праходзіць кінафестываль братоў Манакі.

Пасля ўсталявання сацыялістычнай сістэмы ў 1944 годзе кінематограф Македоніі выйшаў на новы ўзровень. Сродкі на кінавытворчасць былі абмежаванымі, і македонскія фільмы здымаліся рэдка, а кінематограф краіны саступаў больш багатым і заселеным югаслаўскім рэспублікам. У асноўным здымаліся фільмы пра перамогу над войскамі Нацысцкай Германіі ў Другой сусветнай вайне і ўсталяванне дамінуючага камунізму.

У 1952 годзе студыя «Вардар Фільм», заснаваная ў 1947 годзе, вырабіла першы македонскі мастацкі фільм «Фросіна», які распавядае гісторыю жанчыны, чый муж эміграваў з краіны. Пасля гэтага кінастудыя выпускае па фільму раз у два-тры гады. Стужка «Міс Стоўн», знятая ў 1958 годзе, стала першым каляровым македонскім фільмам. Ён распавядае сапраўдную гісторыю амерыканскай пратэстанцкай місіянеркі, выкрадзенай у 1901 годзўе войскамі Унутранай македонскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

На працягу 1960-х і 1970-х гадоў асноўнымі тэмамі мастацкіх фільмаў былі гісторыя краіны і будаўніцтва нацыі. «Вардар Фільм» выпусціла такія карціны як «Забойства ў Фесалоніках», «Крывавае македонскае вяселле», «Рэспубліка ў агні» і «Чорны камень», які распавядае гісторыю камуністаў-македонцаў, якія бяруць удзел у грэчаскай грамадзянскай вайне. Тэма гэтай вайны, а таксама камуністычных партызан і бунтаў супраць Асманскай імперыі часта з’яўляліся ў фільмах таго перыяду.

У 1979 годзе ў Бітале быў заснаваны міжнародны кінафестываль братоў Манакі, які праводзіцца да цяперашняга часу.

Сучасны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1980-я гады ў македонскім кіно з’яўляецца пэўная свежасць. Рэжысёр Столе Попаў, самым вядомым фільмам якога стаў «З Новым годам 1949», надае ўвагу ў сваіх стужках асабістым драмам і дылемам сучаснага жыцця. У 1994 годзе рэжысёр Мілча Манчэўскі прыносіць міжнароднае прызнанне кінематографу сваёй краіны фільмам «Перад дажджом», які атрымаў намінацыю на прэмію Оскар за найлепшы фільм на замежнай мове, а таксама здабыў шмат міжнародных узнагарод, у тым ліку Залатога ільва на Венецынскім кінафестывалі. Гэты фільм засяроджваецца на тэме этнічных хваляванняў падчас Баснійскай вайны, якая дасягнула свайго гвалтоўнага піку.

Пасля гэтага многія македонскія фільмы ў 1990-х і 2000-х гадах атрымлівалі міжнародную аўдыторыю. Асаблівага поспеху дасягнулі фільмы «Пыл» рэжысёра Мілчы Манчэўскага часткова зняты ў Нью-Ёрку, «Ілюзія» рэжысёра Светазара Рыстоўскага і «Сакрэтная кніга» сумеснай французска-македонскай вытворчасці. Італьянска-македонская стужка «Бал-Кан-Кан» з’яўляецца самай касавай у краіне з 500 тысячамі гледачоў.