Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч
Kandratovic kipryjan 1906.jpg
Дата нараджэння

15.04.1858*

Месца нараджэння

Лідскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці

31 кастрычніка 1932(1932-10-31)

Месца смерці

м.Гародна

Прыналежнасць

Расійская імперыя, БНР

Род войскаў

пяхота

Гады службы

1878-1921

Званне

Генерал ад інфантэрыі

Камандаваў

1904 - 9ая Усх-Сіб.стралковая дывізія,
1907 - 2-гі Армейскі корпус,
1910 - 1-ы Каўказскі армейскі корпус,
1913 - 23-ці армейскі корпус,
1917 - 75-я пяхотная дывізія,
1918 - Міністр абароны БНР,
1919 - Віцэ-міністр абароны Літвы

Бітвы/войны

Руска-Турэцкая вайна, Паўстанне баксёраў, Руска-Японская вайна, Першая сусветная вайна

Узнагароды і прэміі
Order of Saint Anna, 1st class Order of Saint Stanislaus, 1st class ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені Order of St. George, 4th class
Commons-logo.svg Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч на Вікісховішчы

Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч Кандрато́віч (28 красавіка 1859, в. Зіневічы каля Ваверкі ў Лідскім павеце — 31 кастрычніка 1932, маёнтак Гародна Лідскі павет), расійскі ваенны дзеяч, генерал ад інфантэрыі, член Народнага сакратарыяту БНР, Галоўнакамандуючы беларускай народнай арміі ў часы Першай сусветнай вайны.

Незаконнанароджаны сын графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці — Зінаіда Залеская — дачка памешчыка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч (зараз Воранаўскі раён), выйшла замуж на шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян і атрымаў. Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць ваенную кар'еру. Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Ваенную службу пачаў 7.5.1875 годзе ў Вільні.

Пачатак кар'еры[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877-78 гг. у шэрагах грэнадзёрскага корпуса, верагодна — добраахвотнікам. Праз некалькі год пасля вайны, падчас навучання ў акадэміі, Кандратовіч, напісаў кнігу «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.»[1]. Кніга атрымала шырокі розгалас і добра вядома гісторыкам руска-турэцкай вайны 1877-78 гг.

У 1884 г. Кандратовіч К. А. скончыў Мікалаеўскую акадэмію генеральнага Штаба па 1-му разраду (г.з. — быў сярод лепшых). Выпуск 1884 г. — 20 афіцэраў. Пасля акадэміі К. А. Кандратовіч у 1884—1900 гг., працягваючы службу ў войску, супрацоўнічаў у газеце «Московские ведомости» у якасці ваеннага аглядальніка.

3 25.03.1884 г. штабс-капітан гвардыі, затым пераведзены ў капітаны Генеральнага Штаба. Служыў пры штабе Маскоўскай Ваеннай акругі. З 24.04.1888 г. — падпалкоўнік, а з 28.03.1893 г. — палкоўнік.

15.11.1897-02.02.1901 гг. начальнік штаба 2-й грэнадзёрскай дывізіі ў Маскве. Камандзір 2-й брыгады 36-й пяхотнай дывізіі (07.02.1901-11.07.1902).

Удзельнічаў у кітайскай кампаніі 1900 г., ў падаўленні паўстання «баксёраў». У 1900 г. з фармулёўкай «за баявыя адзнакі», раней тэрміну, Кандратовічу прысвоена званне генерал-маёр. Удзельнік тых падзей, журналіст Зміцер Янчавецкі пісаў:

«23 верасня выйшаў з Мукдэна лятучы атрад пад начальствам Генеральнага Штаба генерала Кандратовіча начальніка ваенных шляхоў, у складзе пяхоты і артылерыі … і сапёраў. Мэтай гэтага атрада было ўсталяваць зносіны па рацэ Ляохэ і яе прытоку Хунхэ, які праходзіць побач Мукдэна, для таго, каб дастаўляць транспарты вадою …

Генерал Кандратовіч прайшоў увесь прызначаны шлях, меў у шматлікіх месцах перастрэлку з кітайскімі войскамі і „баксёрамі“ і ўпершыню ўсталяваў сувязь па рацэ Ляохэ паміж Мукдэнам і Інкоў. На генерала Кандратовіча ў кампанію 1900 года была ўскладзенае вельмі цяжкая, складаная і адказная справа: забеспячэнне ваенных шляхоў зносін і арганізацыіі тылу на вялізнай вобласці — ад Пекіна да Мукдэна.

Дзякуючы яго старанням, неўзабаве пасля ўзяцця Пекіна і Мукдэна быў праведзены нашымі сапёрамі рускі ваенны тэлеграф паміж Порт-Артурам і гэтымі гарадамі. Таксама дзякуючы настойлівасці генерала Кандратовіча хутка быў адноўлены кітайскі тэлеграф, разбураны ў Манчжурыі „баксёрамі“. 3 дапамогай гэтага тэлеграфа былі ўсталяваны прамыя тэлеграфныя зносіны паміж Порт-Артурам і Сібір'ю, дзякуючы чаму Пецярбург атрымаў магчымасць мець сувязь непасрэдна з Манчжурыяй і Квантунам па рускім тэлеграфе, не звяртаючыся да замежных кабеляў. Пасля генерал Кандратовіч быў начальнікам атрадаў, якія пасылаліся ў глыб Манчжурыі для ўціхамірвання краіны … цяжкія і працяглыя экспедыцыі генералаў Кандратовіча, Цярпіцкага і Каўльбарса ў горы Манчжурыі … раскідалі гнёзды „баксёраў …

Руска-японская вайна (1905)[правіць | правіць зыходнік]

3 11.07.1902 г. па 24.12.1903 г. генерал Кандратовіч знаходзіўся ў распараджэнні камандуючага войскамі Квантунскай вобласці. У прадчуванні вайны з Японіяй яму даручана сфарміраваць у Паўднёвай Манчжурыі 9-ю Усходне-Сібірскую брыгаду з 4-х палкоў 3-х батальённага складу. 18 лютага 1904 г. Кандратовіч завяршыў фарміраванне сваіх войскаў. Да лета 1904 г. 9-я брыгада папаўняецца новымі батальёнамі і становіцца 9-й Усходне-Сібірскай дывізіяй. Камандзірам 9-й Усходне-Сібірскай дывізіі прызначаецца генерал К. А. Кандратовіч.

Руска — японская вайна пачалася 27 студзеня 1904 г. У кнігах па гісторыі руска-японскай вайны, імя Кандратовіча ўспамінаецца шматкроць. 20.08.1904 г. „за баявыя адзнакі“ (зноў датэрмінова) прысвоена званне генерал-лейтэнанта.

13 студзеня 1905 г., падчас наступу расійскага 1-га Сібірскага корпуса генерала Штакельберга, Кандратовіч быў паранены на камандным пункце. Гэты момант адлюстраваны ў мемуарах А. А. Ігнаццева:

Бой разгараўся з кожнай хвілінай. Загрукатала артылерыя. Хэгаўтай (кітайская вёска) пакрыўся разрывамі снарадаў. Спачатку яны ляцелі толькі з усходу, потым аднекуль з поўдня, дзе разгортвалася наша 9-я дывізія Кандратовіча …

- Аляксей Аляксеявіч (Ігнаццеў А. А.), я паранены, — нечакана сказаў мне генерал Кандратовіч, які стаяў побач са мной, павіснуўшы на маёй руцэ. Кандратовіч меў рацыю, бо, паглядзеўшы на яго плечы, я заўважыў у яго шынялі выхадую адтуліну кулі. Падбеглі санітары, і Штакельберг … сказаў:

- Здайце камандаванне, генерал, жадаю вам хуткага выздараўлення.

Аб раненні камандзіра дывізіі паведамляла газета „Рускі інвалід“[2]

17 ліпеня 1906 г. узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ст. „За вызначэнне ў справах супраць японцаў“. У загадзе аб узнагароджанні было напісана:

Затое, што, будучы 16-га і 18-га жніўня 1904 г. начальнікам баявога ўчастка на перадавых Ляалянскіх пазіцыях ля вёскі Фанцзятунь, ён, дзякуючы добраму кіраванню, асабістай мужнасці і ўмеламу выдаткоўванню сіл свайго малога атрада, адбіў шматлікія шалёныя атакі праціўніка, які пераўзыходзіў у шмат раз у ліку наш слабы атрад; 18-га жніўня, калі з прычыны велічэзнага змяншэння людзей у дывізіі, становішча атрада стала крытычным і прарыў пазіцыі супраціўнікам зрабіўся непазбежным, генерал-лейтэнант Кандратовіч, па асабістай сваёй ініцыятыве і насуперак загаду камандзіра корпуса, зрушыў бліжэйшыя да пазіцыі часткі карпуснога рэзерву (2 батальёны 18-га Усходне — Сібірскага стралковага палка), асабіста накіраваў іх на больш пагражальныя ўчасткі пазіцыі, чым абараніў пазіцыю і выратаваў ад непазбежнай згубы рэшткі сваёй дывізіі.

Ордэн Св. Георгія з'яўляўся вышэйшай афіцэрскай узнагародай за асабістую мужнасць.

Міжваенных час (1905—1914)[правіць | правіць зыходнік]

З 02.01.1907 г. па 25.01.1907 г. — камандзір 2-га ваеннага корпуса. Штаб корпуса знаходзіўся ў Гародні. 3 25.01.1907 г. па 01.01.1910 г. памочнік Туркестанскага генерал-губернатара і камандуючага войскамі Туркестанскай акругі, генерала Самсонава. Адначасова начальнік штаба Сямірэчанскага казачага войска ў г. Ташкент Камандуючым войскамі акругі быў аднагодак Кандратовіча і аднакашнік па Акадэміі генеральнага штаба (таксама выпуск 1884 г.) — генерал Самсонаў А. В. Пасада Кандратовіча ў Сярэдняй Азіі — пасада адміністратара. Напрыклад, у адміністрацыйнай кнізе Туркестанскага губернатара подпісы генерала з візай „Зацвярджаю“, намеснік генерал-губернатара генерал-лейтэнант Кандратовіч», стаяць на паперах аб атрыманні крэдыту на насенне 294 кіргізам …, якія пакутавалі ад неўраджаю. (15 мая 1909 г.) ці «аб выдачы крэдыту ў памеры 2465 р. на насенне для 58 арандатараў, з якіх 57 туземцаў і 1 рускі» (23 мая 1909 г.). Ці аб абкладанні падаткамі жыхароў Бухары.

06.12.1910 г. Кандратовічу нададзена годнасць генерала ад інфантэрыі (поўны генерал), найвышэйшае вайсковае званне Расійскай імперыі ў мірны час.

Генерал ад інфантэрыі — гэта прыблізна генерал-палкоўнік у сучасным войску. Вышэйшае званне ў расійскай арміі — фельдмаршал, але на той час, амаль што 50 гадоў, гэтае званне не прысвойвалася і, фактычна, годнасць генерала ад інфантэріі (ад артылерыі, ад кавалерыі — «поўныя генералы») была найвышэйшай у войску. Поўныя генералы насілі генеральскія пагоны без зорак з кантам колеру, залежным ад роду войскаў, у генералаў ад інфантэрыі — з чырвоным кантам. У 1913 г. у расійскай арміі было 177 поўных генералаў, пры гэтым толькі трохі больш за палову з іх мела вышэйшаю адукацыю, пры сярэднім узросце — 66,5 гадоў. Самым маладым з іх, нават праз 3 гады пасля атрымання звання, быў генерал ад інфантэрыі Кандратовіч. Вось такая, рэдкая і бліскучая кар'ера чалавека з нізоў, для якой патрэбны праца, розум, талент сапраўднага вайскоўца i проста жыццёвы поспех.

І нездарма 18 лютага 1910 г. у газеце «Новое время» адзін з найбольш уплывовых ваенных аглядальнікаў таго часу «патрыятычнага» напрамку Меншыкаў М. А. у артыкуле «Ці можа Расія ваяваць», ацэньваючы перспектывы будучай Сусветнай вайны, пісаў:

«У нашых заходніх суседзяў толькі нешматлікія камандзіры карпусоў нюхалі порах, у нас жа 10 000 начальнікаў розных ступеняў ваявалі. Генералы: … Самсонаў, …, Кандратовіч …, складаюць цэлую плеяду. Усё яны дасведчаныя ільвы ў мундзірах.»

З 01.01.1910 г. па 15.08.1913 г. — камандзір 1-га Каўказскага армейскага корпуса. Адначасова — памочнік генерал-губернатара ў Тыфлісе.

Каля 1910 г. Кіпрыян Антонавіч пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар (1879(?) — 1954). Ада фон Рыхтар (Ada von RICHTER) — дачка расійскага генерала фон Рыхтара, нарадзілася ў Рызе, выпускніца Смольнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. У 1912 г., калі Кіпрыяну Антонавічу было 53 гады, у Тыфлісе нарадзілася Вера, адзіная дачка.

3 15.08.1913 г. камандзір 23-га армейскага корпуса, 2-й арміі, камандуючым якой за тры тыдні да пачатку вайны прызначылі генерала ад кавалерыі Самсонава.

1-ая Сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

1 жніўня 1914 г. у 17.00 Германія аб'явіла вайну Расіі. 23-ці корпус Кандратовіча, пасля заканчэння мабілізаціі, быў адразу разабраны на часткі. 3-я гвардзейская дывізія (генерал-лейтэнанта Сірэліўса) была адпраўлена ў Саколку, у рэзерв Паўночна-заходняга фронту, штаб якога ў гэты час знаходзіўся ў Лідзе. 2-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнанта Мінгіна) засталася ў крэпасці Новагеоргіеўск (зараз Модлін) і была падпарадкавана каменданту крэпасці. Кавалерыя корпуса (гвардзейская кавалерыйская брыгада) адпраўлена на Паўднёва — заходні фронт супраць аўстрыйцаў, мартырны дывізіён передадзены ў 2-гі армейскі корпус, сапёрны батальён — у крэпасць Гродна. Потым дывізію Мінгіна зноў перадалі Кандратовічу, і яна даганяла карпусы, якія наступалі. У камандзіра застаўся толькі штаб корпуса. Аднак у загадах і дырэктывах корпус лічыўся так, як быцам бы ён дзейнічаў у поўным складзе.

14 жніўня ў Беластоку Кандратовіч выдае загад па войсках корпуса № 7: «Вярнуўшыся з камандзіроўкі 13 жніўня, прыступіў да камандавання корпусам … 18 жніўня да 6 гадзін вечара корпусу сканцэнтравацца каля Новагеоргіеўска …».

Аднак тэлеграма Галоўнакамандуючага фронтам ад 14 жніўня № 3 загадвала 3-й гвардзейскай дывізіі заставацца ў Саколцы. 16 жніўня дывізія была перасунута ў Беласток, а 17 жніўня дывізіі загадана рухацца ў бок фронту, на Дэмбрава. Ад такога кіравання штабам акругі дывізіямі корпуса Кандратовіча, войскі пераблыталіся і генерал, прыкладна да 27 жніўня збіраў свае дывізіі.

17 жніўня 2-я армія, у якую ўваходзіў 23-ці армейскі корпус пачала высоўвацца да дзяржаўнай мяжы. Ад пачатку наступлення ў баях удзельнічала толькі 2-я пяхотная дывізія, наступаючы паміж 1-м і 15-м карпусамі. 24 жніўня гэтая дывізія была падпарадкавана камандзіру 15-га корпуса. 3-я гвардзейская дывізія, даганяючы войскі, падыходзіла ў гэты дзень да Млавы, 1-я стралковая брыгада была яшчэ ў Новагеоргіеўску. Такім чынам, пры выхадзе 23-га корпуса на лінію наступлення 2-й арміі, 2-я пяхотная дывізія была ў 15-м корпусе, 3-я гвардзейская дывізія ўваходзіла ў бой часткамі, пры чым яе Кексгольмскі полк быў перададзены 2-й дывізіі19.

Амаль што да канца жніўня, 2-я армія наступала без значных сутыкненняў з супраціўнікам і прайшла палову адлегласці ад расійскай мяжы да Балтыкі. Войскі смяротна стаміліся, адсутнічалі палявыя пякарні, сілкаваліся толькі сухарамі і тым, што адбіралі ў нямецкага насельніцтва. Штаб арміі не меў сувязі са штабамі карпусоў, штабы карпусоў — з дывізіямі. Ужывалася радыёсувязь, але ж да пачатку вайны штабы не распрацавалі нават кодаў, і загады войскам ішлі адкрытым тэкстам20.

Выкарыстоўваючы шчыльную сетку чыгунак, нямецкія войскі былі перавезены на левы і правы флангі арміі Самсонава. У гэты час, раскіданыя па фронце на адлегласці ў 120 вёрст, войскі генерала Самсонава ішлі насустрач свайму лёсу, нічога не ведаючы аб супраціўніку. Дадаўшы да сваіх сіл на ўсходзе два пяхотныя карпусы з французкага фронту, 26 жніўня немцы выцялі ў флангі, адразаючы расійцаў ад сваіх баз. У гэты дзень, у 7:25 Кандратовіч дасылае Самсонаву тэлеграму: « … немцы перайшлі ў энергічны наступ супраць 1-га корпуса з захаду. … жадана супраць … наступаючых высунуць … 2-ю пяхотную дывізію … загадаў адной брыгадзе 6-й кав. дывізіі перасунуцца на правы фланг …».

27 жніўня 2-ая пяхотная дывізія з корпуса Кандратовіча, падпарадкаваная штабу 15-га корпуса, была разгромлена каля Грос-Гардзіена. Самсонаў абедаў разам з англійскім ваенным аташэ Ноксам, недалёка ад фронту ў Найдэнбургу, калі салдаты разбітай 2-й дывізіі з'явіліся на вуліцах горада. Люді былі «жахліва стомленыя, тры дні не бачылі хлеба, на працягу двух дзён салдаты не атрымлівалі аніякай ежы, ніводзін з абозаў не падышоў…» — апавядаў Ноксу адзін з палкавых камандзіраў. Раніцай 27 жніўня Кандратовіч знаходзіўся ў Млаве, калі атрымаў загад прыбыць у Найдэнбург, каб кіраваць 2-й дывізіяй. Каля 8-мі гадзін раніцы генерал разам са штабам на 3-х аўтамабілях выехаў з Млавы. На дарозе ён затрымаў адступаўшыя часткі 2-й артылерыйскай брыгады і загадаў ім заняць абарону. Да аддзелаў 2-й дывізіі Кандратовіч прыбыў каля 3-х гадзін дня. Камандзір 2-й дывізіі генерал Мінгін далажыў аб вялікіх стратах і цяжкім стане 2-й дывізіі. Увечары Кандратовіч разам са сваім штабам накіраваўся ў Найдэнбург да Самсонава. У асабістай размове Самсонаў выказаў незадаволенасць Мінгіным, і даў пісьмовы загад прыняць агульнае кіраванне над тым, што засталося ад 2-й дывізіі, каб абараніць Найдэнбург і Франкенаў.

З дакладу ўрадавай камісіі, якая даследвала гэту катастрофу19, вядома, пахвілінна распісана, што рабіў Кандратовіч у дзень разгрому расійскага войска 28 жніўня:

«Тым часам конніца немцаў пачала прасоўвацца на поўдзень, у кірунку на Найдэнбург. … Генерал Кандратовіч выправіўся ў Найдэнбург, каб хутка з'арганізаваць там абарону. Прыбыўшы ў Найдэнбург, ён знайшоў там толькі 1 000 чалавек эстляндцаў, сабраных камандуючым дзеля адпачынку. Эстляндцам, пры якіх было 2 штаб-афіцэры, было загадана заняць вышыні на захад ад горада, … пасля чаго генерал Кандратовіч зноў выехаў з Найдэнбурга на поўнач, да астатніх частак свайго корпуса. Аднак, праехаўшы 2-3 вярсты, даведаўся, аб адыходе эстляндцаў … зноў вярнуўся,… і асабіста, разам з чынамі штабу, давёў частку эстляндцаў да тых вышынь, якія яны павінны былі ўтрымліваць… Устанавіўшы на пазіцыі эстляндцаў, генерал Кандратовіч зноў выправіўся да аддзелаў Мінгіна на крайні правы фланг.»

Вечары, каля 19-й гадзіны, пасля гарачай размовы з генералам Мінгіным, пад час якой Мінгін практычна адмовіўся падпарадковацца (не вядома як складаліся адносіны гэтых генералаў), Кандратовіч пакінуў аддзелы Мінгіна. Менавіта ў гэты дзень здарыўся выпадак, апісаны ў кнізе афіцэра — эмігранта Багдановіча П. Н.. Ен цытуе ўспаміны камандзіра нямецкага корпуса генерала Франсуа, аб тым, што каля 15 гадзін дня, каля яго штаба праехаў аўтамабіль з незнаёмымі афіцэрамі. Франсуа лічыў, што гэта быў камандзір 23-га корпуса. Аўтамабіль немцы нават не абстралялі! Вось так, у дзень пагрому расійскага войска, Кандратовіч перамяшчаючыся сярод сваіх напалову акружаных войскаў, ледзь сам не трапіў у палон

Як прайшла ноч, невядома, але ж назаўтра ўсё было скончана, наступіла агонія. У ноч з 28 на 29 жніўня Самсонаў аддае загад аб агульным адступленні войскаў 2-й арміі. Два дні з месца разгрому не было ніякай інфармацыі.

30 жніўня Кандратовіч дасылае тэлеграму ў штаб акругі, у якой дае інфармацыю аб стане войскаў і знікненні камандуючага арміяй. У той жа дзень штаб фронту загадвае: «ген. Кандратовічу сабраць усе … сілы каля Харжэле, адтуль дзейнічаць па абставінах …».

Па вынікам баёў усе камандзіры карпусоў расійскай арміі, у тым ліку і Кандратовіч, былі адхілены ад сваіх пасад. Гэта было крушэнне кар'еры вайскоўца.

Неабходна зазначыць, што прыкладна да сярэдзіны 1915 г., змяніліся ўсе вышэйшыя генералы Расійскага войска. Да кіравання прыйшлі саракагадовыя энергічныя генералы новай фармацыі. І ў такіх варунках, Кандратовіч не меў вялікіх шансаў застацца на камандных пасадах. А адстаўка на пачатку вайны дала магчымасць прааналізаваць сваё жыццё і пачаць пошук іншых шляхоў.

Генерал Кандратовіч К. А. у «Спісе Генеральнага Штаба 1916 г.» значыцца сярод вызначаных на службу з запасу і адстаўкі. У гэты час ён знаходзіўся ў рэзерве чыноў пры штабе Мінскай Ваеннай акругі (з 25.11.1915 г.) і такім чынам жыў у Беларусі. Верагодна, менавіта ў гэты час генерал зблізіўся з беларускай інтэлігенцыяй і дзеячамі беларускага адраджэння. Гэта дазволіла па новаму зірнуць на сваю радзіму і яе будучыню, вызначыцца з кірункамі далейшай дзейнасці. Тое, што гэты выбар сапраўдным кажа тое, што па ўспамінам, у апошні перыяд свайго жыцця, ў 20-х — пачатку 30-х гадоў, генерал нараўне з іншымі мовамі карыстаўся і беларускай.

08 мая 1917 г. Кандратовіч прыняў пасаду камандзіра 75-й пяхотнай дывізіяй. Вядома, што з пачаткам вайны, ў 1914 г. гэтая дывізія была створаная на базе 38-й і ўваходзіла ў склад Варшаўскай ваеннай акругі. Яна прымала ўдзел у бітве пад Варшавай на першым этапе вайны а ў 1917 г. гэтая дывізія дыслакавалася ў Беларусі. Май 1917 г. — не лепшы час для таго, каб генералу ад інфантэрыі ва ўзросце 59 гадоў аднаўляць сваю ваенную кар'еру. Таму, верагодна, вяртанне Кандратовіча было выклікана перспектывай беларусізацыі войска і ўдзелам у гэтым генерала.

Заканчваючы тэму службы генерала ў расійскім войску, трэба адзначыць, што за 42 гады службы К. Кандратовіч быў узнагароджаны амаль усімі выйшымі ордэнамі імперыі:

  • Св. Станіслава 3-й ст. (1885);
  • Св. Ганны 3-й ст. (1891);
  • Св. Станіслава 2-й ст.(1896);
  • Св. Ганны 2-й ст. (1899);
  • Св. Уладзіміра 3-й ст. з мячамі(1902);
  • Св. Станіслава 1-й ст. з мячамі(1904);
  • Св. Ганны 1-й ст. з мячамі(1905);
  • Залатая зброя (1906);
  • Св. Георгія 4-й ст.(17.07.1906);
  • Св. Уладзіміра 2-й ст. (04.06.1909; 03.07.1909);
  • Белага Арла (06.12.1912) 26.

Беларускі нацыянальны рух[правіць | правіць зыходнік]

У 1917 г. на з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту генерал ад інфантэрыіі Кіпрыян Кандратовіч быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР). Ён узначаліў бюро па арганізацыі беларускага войска. Памочнікамі былі генерал-маёр Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік К. Езавітаў. Генерал узяў на сябе працу па фарміраванні беларускіх палкоў на Заходнім фронце і па перамовах са Стаўкай расійскага войска. У канцы кастрычніка 1917 г. дэлегацыя воінаў-беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшыні выканкаму ЦБВР С. Рак-Міхайлоўскага, К. Кандратовіча, М. Ярушэвіча і І. Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перамоў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духоніным аб арганізацыі беларускіх ваенных фарміраванняў. Генерал М. Духонін першапачаткова нічога канкрэтнага не адказаў, але праз некалькі дзён прыслаў тэлеграму, якая дазваляла фарміраванне беларускіх адзелаў праз папаўненне беларусамі выбраных адзінак расійскага войска. К. Кандратовіч распрацаваў адпаведны план і атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Мінску, а ў наступным і беларускага корпуса на Заходнім фронце. Але рэвалюцыя 7 лістапада перакрэсліла магчымасць легальнага стварэння беларускага войска.

Генерал К. Кандратовіч, выконваючы прысягу, чакаў распараджэнняў ад вышэйшага кіраўніцтва. Пазіцыя старога ваякі складалася ў тым, што патрэбна палітычнае рашэнне, пасля якога прафесійныя ваенныя выканаюць свой абавязак. Але Часовага ўрада, ад імя якога Духонін дазволіў стварэння беларускага войска ўжо не было, а да прыняцця палітычнай дэкларацыі аб суверынітэце Беларусі заставалася яшчэ 3 месяцы, па мерках рэвалюцыйнага часу — цэлая эпоха.

Войска БНР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля 25 сакавіка 1918 г. стварэнне Беларускага войска было працягнута.

На пачатку красавіка немцы забаранілі дзейнасць Народнага Сакратарыяту БНР. Шукаючы выйсця са склаўшагася становішча, Рада БНР прыняла ў свой склад кіраўнікоў беларускіх правых з, утворанага ў лютым 1918 г., Мінскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва. Вядучымі палітыкамі правых былі Р. Скірмунт, П. Аляксюк, генерал К. Кандратовіч, кс. В. Гадлеўскі, ген. А. Багдановіч, протаіерэй С. Кульчыцкі, А. Уласаў, В. Чавусаў. Дзякуючы сваёй кампетэнтнасці, дзеячы Мінскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва мелі большую павагу ў немцаў, чым сацыялісты ў складзе Рады БНР.

25 красавіка Рада БНР, па ініцыятыве Р. Скірмунта, паслала тэлеграму з падзякай нямецкаму кайзеру Вільгельму II і прасіла аб дзяржаўнай незалежнасці ў звязе з немцамі. Тэлеграму падпісалі: кіраўнік Рады БНР І. Серада, кіраўнік Народнага Сакратарыяту Я. Варонка, Р. Скірмунт і іншыя. Кандратовіча сярод іх не было. Гэтая тэлеграма выклікала востры крызіс у беларускім руху. Распаўся Народны Сакратарыят, з якога ў знак пратэсту выйшлі некалькі міністраў. На пачатку мая на яго месцы была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта. Міністрам ваенных спраў у гэтай радзе быў прызначаны генерал К. Кандратовіч, замежных спраў — П. Аляксюк, сельскай гаспадаркі — Р. Астроўскі.

Галоўныя праблемы якія прыходзілася вырашаць міністру абароны — гэта грошы і кадры, бо прафесійнае і баяздольнае войска на энтузіязме не ствараецца. Таму толькі 9 лістапада беларускі ўрад выдаў яшчэ адну пастанову аб фарміраванні войска. 11 лістапада генералу К. Кандратовічу, палкоўніку К. Езавітаву даручана стварэнне штаба 1-га Беларускага палка. К. Кандратовіч, як сябар Рады БНР, прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнага войска і паведаміў, што віленскія банкіры і грамадзяне ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле генерала К. Кандратовіча, была неабходнасць згоды немцаў і пастаўка праз іх зброі.

Напрыканцы нямецкай акупацыі Беларусі кіраўніцтва OBER-OSTU (у Коўне) выказала згоду на фарміраванне агульнай для ўсіх нацыянальнасцей міліцыі пад кіраўніцтвам генерала К. Кандратовіча, з чым аднак не былі згодныя палякі, якія ўтваралі Аддзелы Самаабароны Зямлі Мінскай, Лідскай і інш. Таму, у часе сустрэчы ген. К. Кандратовіча з польскім камандуючым генералам Уладзіславам Вейкам, было вырашана, што кожная народнасць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаноміі і толькі ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кіраўніцтву. У хуткім часе ў Мінску адбылася супольная нарада, на якой генерал К. Кандратовіч прапанаваў месца начальніка штабу паляку, палкоўніку Фабіяну Кабардо. Аднак да ўтварэння агульнага фронту супраць бальшавікоў не дайшло, і абодва бакі стваралі асобныя ваенныя сілы.

У сувязі з магчымай акупацыяй Мінска на пачатку снежня 1918 г. частка беларускіх дзеячаў з А. Луцкевічам на чале падалася ўслед за адыходзячымі нямецкімі войскамі ў Вільню. Разам з А. Луцкевічам былі генерал К. Кандратовіч і палкоўнік К. Езавітаў з групай афіцэраў добраахвотнікаў.

10 снежня бальшавікі занялі Мінск і рушылі далей на захад.

Звяртае ўвагу невялікая лічба прафесійных афіцэраў у беларускім ваенным руху, гэта было вынікам апалітычнасці кадравых афіцэраў і стомленасці. І, нават, тыя нямногія вышэйшыя афіцэры, якія, як К. Кандратовіч, добраахвотна вызначыліся на беларускім баку, часта сустракалі абвінавачванні ў кан'юнктурызме і клопаце выключна пра асабістую выгаду. Так, напрыклад, левыя папракалі Кандратовіча ў наяўнасці маёнтка Гародна Лідскага павета.

Пры канцы 1918 г. у Гародні Кандратовіч сфарміраваў штаб — Беларускую камендатуру і 1-ы беларускі полк. Ад пачатку снежня 1918 г. да канца красавіка 1919 года полк размяшчаўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з пяці ротаў і аднаго эскадрона.

На пачатку 1919 г. генерал Кандратовіч разам з дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі Азнабішыным выязджае ў Парыж. У маі гэтага ж года яны ўручылі старшыні канферэнцыі мемарандум ураду БНР і атрымалі дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж. Пасля прыбыцця дэлегацыі, ён працаваў у яе складзе.

Немцы яшчэ раней, ў Вільні паведамілі генералу К. Кандратовічу, што не могуць дапусціць стварэнне літоўска-беларускага войска, аднак пасля паразы ў 1-й Сусветнай вайне іх рэальны ўплыў на сітуацыю скончыўся. На пачатку студзеня 1919 г. генерал К. Кандратовіч і Я. Варонка атрымалі паведамленне аб тым, што Антанта прыняла пастанову аб дапамозе літоўцам і беларусам грашыма і зброяй у арганізацыі войска для барацьбы з бальшавікамі.

Генерал К. Кандратовіч, згодна з дамовай паміж урадамі БНР і Літвы ад 11 лістапада 1918 г. камандаваў беларускім войскам, адступіўшым з Беларусі ў Літву. Лістападаўскія пагадненні мелі на ўвазе таксама ўтварэнне беларускіх вайсковых адзінак, падначаленых літоўскаму галоўнаму кіраўніцтву. Войска літоўскае ў тым часе знаходзілася ў зародкавым стане. Першы полк гэтага войска налічваў каля 30 афіцэраў і каля 200 салдат, а другі толькі некалькі афіцэраў і некалькі салдат. Такім чынам утварэнне беларускіх адзінак магло быць для літоўскага войска важным узмацненнем. Літоўскаму войску бракавала кадравых афіцэраў. З гэтай прычыны генерал Кіпрыян Кандратовіч на кароткі тэрмін быў прызначаны віца-міністрам народнай абароны ва Урадзе Літвы, але фактычным кіраўніком ваеннага міністэрства быў прем'ер Аўгусцінас Вальдэмарас.

Будучы на гэтай пасадзе, арганізоўваў літоўскае войска на Ковеншчыне. Маёр беларускага войска Аляксандр Ружанцоў пісаў у сваіх мемуарах: «… віца-міністрам быў вельмі непапулярны сярод літоўцаў генерал расійскай службы К. А. Кандратовіч … у хуткім часе генерал Кандратовіч падаўся ў дымісію (адстаўку)».

У адстаўцы[правіць | правіць зыходнік]

На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал меў 61 год узросту. Больш за тры гады, ад самага пачатку ў 1917 г. і практычна да канца, Кандратовіч працаваў над стварэннем беларускага войска — стрыжнем будучай дзяржавы. Калі не прыйсці да высновы, што беларуская ідэя стала яму сваёй, не магчыма адказаць на пытанне, чаму ён быў з беларускім рухам амаль што да апошняй рысы.

Перад 2-й Сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце: 500 га зямлі і лесу, дзе генерал пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай.

Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 г. і быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены ў 1905 г. Пахаванне адбылося на Лідскіх праваслаўных могілках.

17 верасня 1939 г. Ада Кандратовіч вымушана была з'ехаць праз Літву да дачкі ў Англію. У жніўні 1998 г. яе ўнук прыязджаў на Беларусь і перазахаваў труну генерала на новых могілках у г.п. Воранава. А ўрну з часткай праху сваёй маці, якая пражыла лепшыя гады маладосці ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парку, каля былой альтанкі, на крыжы было напісана «Вера Киприяновна Рейни (Кондратович) 1912—1988». У маі 2000 г. труна з рэшткамі генерала была перазахавана каля царквы ў Воранаве.

Зноскі

  1. ПЛЕВНА И ГРЕНАДЕРЫ, 28 НОЯБРЯ 1877 г. / сост.: Кондратович К. А., Сокол И. Я. ; под ред. Маныкина-Невструева А. И. М.: Унив. тип., 1887. X, 223, 61 с., [12] л. ил. Содерж. части: Очерк действий гренадер под Плевною в 1877 году; Плевненский памятник
  2. „Рускі інвалід“ 18.01.1905 г., № 13, С. 3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]