Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі
Перло Многоценное.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 1570[1]
Месца нараджэння:
Дата смерці: 1646[1]
Месца смерці:
Грамадзянства:
Месца працы:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: пісьменнік, філосаф, прапаведнік, багаслоў
Валодае мовамі: царкоўнаславянская мова[1]
Мова твораў: руская

Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі (апошняя чвэрць XVI ст. — 1646) — усходнеславянскі літаратар, філосаф, прапаведнік і багаслоў.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Месца і час нараджэння невядомыя, няма звестак пра вучобу і адукацыю пісьменніка. Першыя згадкі пра К. Транквіліёна-Стаўравецкага тычацца канца 1580-х гадоў, калі быў настаўнікам Львоўскай брацкай школы. У 1592 годзе па запрашэнні Фёдара Скуміна-Тышкевіча К. Транквіліён-Стаўравецкі пераязджае ў Вільню, дзе да 1614 году выкладае царкоўнаславянскую і грэцкую мовы. Затым падарожнічае. Каля 1626 года прымае Унію, а ў 1646 становіцца архімандрытам Ялецкага ўніяцкага манастыра (Чарнігаўшчына).

К. Транквіліён-Стаўравецкі вядомы як аўтар кніг «Люстра Багаслоўя» (1618), «Евангелле навучальнае» (1619) і «Перла шматкаштоўнае» (1646). Таксама, аўтар філасофска-публіцыстычных трактатаў, павучанняў, вершаваныя твораў. «Люстра Багаслоўя» і «Перла шматкаштоўнае» напісаны на старабеларускай мове, «Евангелле навучальнае» — на царкоўнаславянскай. Кнігі мелі папулярнасць у Вялікім Княстве Літоўскім, Расіі, Балгарыі, Украіне. З'явіліся рукапісных копіі і пераклады. Найбольш цікавы пераклад на рускую мову «Люстра Багаслоўя», выкананы Феафанам з Чудава манастыра.

Пазней, у Расіі творы К. Транквіліёна-Стаўравецкага паводле царскага ўказу і загаду патрыярха Філарэта кнігі сабралі з манастыроў і цэркваў і публічна спалілі. Папулярнасць твораў пісьменніка ў ВКЛ прычынілася іх перавыданню Магілёўскай друкарняй Максіма Вашчанкі («Евангелле навучальнае», каля 1697; «Перла шматкаштоўнае», 1699).

Літаратурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

К. Транквіліён-Стаўравецкі валодаў літаратурным талентам. У яго казаннях дамінавалі эсхаталагічныя матывы. Істотны момант дактрыны — прыхільнасць да ідэі чатырох брамаў, якія наканавана пераадолець чалавеку: смерць, Божы суд, геенскія пакуты — для грэшнікаў і нябесныя царскія вароты — для праведнікаў. Пісьменнік нагадваў пра ўсеўладнасць смерці, яе здольнасць імгненна ператвараць весялосць — у смутак, спакой — у адчай, музыку — у стогны. Смерць замест парфуму нясе смурод; пекнасць і прыгажосць ператварае ў брыдкасць і пачварнасць; з яе прыходам выяўляецца і сапраўднае стаўленне да памерлага людзей.

Пісьменнік намаляваў каларытныя сцэны. Смерць для распуснікаў, клятваадступнікаў, срэбралюбцаў і іншых грэшнікаў — невыносная пакута. У гэты момант грэшнік бачыць праваруч анёлаў, якія смяюцца і прамаўляюць: «Не ведаў годнасці — стаў скацінай»; злева набліжаюцца д'яблы, якія, нібы галодныя ільвы, чакаюць яго душы. Уверсе грэшнік бачыць, як суддзя адварочвае твар ад яго, унізе стаіць Смерць, як люты кат, а пад ёю пекла і бяздоннае мора сернага агню. Памірае грэшнік у роспачы, без пакаяння. Д'яблы гвалтам выдзіраюць душу і нясуць яе ў цёмныя месцы, там яна ў пакутах будзе сядзець з дэманамі да суднага дня. Праведнік жа адыходзіць з вясёлай душой, уцешаны тым, што развітваецца з «домам цямніц», «тварам няпраўды», «грэхатворнай краіны», перасяляецца ў «зямлю абяцаную», у «Нябесны Ерусалім», да сваёй «вечнай і радаснай Айчыны».

Божаму суду папярэднічае прыход Антыхрыста, зруйнаванне свету вогненнай плынню, пакаранне Антыхрыста і яго слуг, стварэнне новых нябёс і новай зямлі, усеагульнае ўваскрашэнне і паўстанне перад Богам. У традыцыйныя хрысціянска-міфалагічныя сюжэты К. Транквіліён-Стаўравецкі прынёс свае мастацкія дэталі. Яркія карціны ўваскрашэння праведнікаў і грэшнікаў. Уваскрэшаныя людзі будуць пазбаўленыя «плюгаўстваў», што ідуць праз цела, як, напрыклад, пот, малако, семя. Застануцца ўнутраныя органы, што напоўняцца «салодкімі воннасцямі». Пачуцці застануцца, як і вочы, вушы, вусны, язык, ноздры, рукі. Уваскрэшаныя праведнікі будуць людзьмі аднаго веку, у Хрыстовым веку, трыццаці гадоў. Мужчыны і жанчыны пазбавяцца юру і пажадлівасці, між імі пачнуцца выключна духоўныя адносіны. Целы людзей атрымаюць новыя якасці: яны змогуць пераадольваць любыя перашкоды і адлегласці, апынацца там, дзе пажадае душа. Грэшнікі таксама ўваскрэснуць, аднак целы іх будуць чорныя і гідкія, смуродлівыя, «як гнілыя псы». Яны ўваскрэснуць у непрывабным выглядзе з фізічнымі і цялеснымі хібамі, якія мелі ў зямным жыцці — бязрукія, бязногія, сляпыя, паршывыя, шалёныя.

Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі — прадстаўнік паэзіі эпохі Барока, з характэрным для яе філасофска-тэалагічным ухілам. Трактаты «Зярцала багаслоўя» і «Евангелле вучыцельнае» ўключалі паэтычныя тэксты, а твор «Перла шматкаштоўнае» быў амаль напалову напісаны вершамі. Паэт выклаў у іх сваё вучэнне аб Тройцы, анёлах, растлумачыў Гасподнюю малітву, перадаў адносіны да святых апосталаў («Пахвала апосталам святым»), мучанікаў за веру («Пахвала святым мучанікам»), тэолагаў мінулага («Пахвала свяціцелям альбо багаслоўцам») і манахаў («Пахвала нявіннікам праўдзівым»). У склад «Перла шматкаштоўнага» увайшоў цыкл вершаў, напісаных з нагоды найважнейшых царкоўных падзей: «Пахвала на слаўны дзень Нараджэння Госпада Ісуса Хрыста», «Пахвала на прасветлы дзень Уваскрашэння Хрыстова», «Песня пахвальная на слаўны дзень Узнясення Хрыстова», «Песня пахвальная на прасветлы дзень Зыходу Духа Святога», «Пахвальная песня на слаўны дзень Пераўтварэння Хрыстова», «Пахвала на слаўны дзень Богаз'яўлення». Вершаваныя творы вызначаліся глыбінёй думкі, мастацкасцю і вытанчанасцю форм.

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

К. Транквіліён-Стаўравецкі выявіўся як багаслоў, яго ўяўленні аформіліся ў вучэнне пра чатыры «сусветы» — «нябачны», «бачны», «малы», «зласлівы», а таксама два адмысловыя месцы — «вавілонскае» і «цудоўны нябесны Ерусалім».

Да нябачнага сусвету багаслоў залічваў свет анёлаў, «анёльскую бытнасць». Паводле яго ўяўленняў, анёлы створаны Богам у імгненне вока, у невымернай колькасці: іх лік вядомы толькі Госпаду. Колькасць анёлаў не змяняецца, яны не нараджаюцца і не паміраюць. Анёлы не маюць плоці, валодаюць выключнай сілай і магчымасцямі, перамяшчаюцца імгненна, без перашкод праходзяць праз усялякае цела. Анёлы не абмежаваныя месцам жыхарства, яны паўсюль і ва ўсім. Між сабой яны абменьваюцца інфармацыяй без голасу і слова. Яны ўсе падобныя, але між імі існуе іерархія, вядомая толькі Богу.

Госпад пасля стварэння анёлаў раздзяліў іх на 10 палкоў, над кожным з якіх паставіў старэйшага. Дзесяты анёльскі полк на чале з Люцыферам неўзабаве схіліўся да злога і адпаў. Астатнія засталіся ў «Божай даброці і пры ласцы свайго стваральніка». У адпаведнасці з функцыямі, добрыя анёлы маюць адметныя назвы і ўласцівасці. Анёлы Троны — знаходзяцца побач з Госпадам, напоўненыя яго святлом, яны першыя і найбліжэйшыя слугі Бога. Херувімы — маюць невымерны розум, паколькі сузіраюць дзівосную і велічную Божую прамудрасць. Серафімы — шасцікрылыя, агняносныя знішчальнікі цемры, маюць сярэднюю моц розуму, не могуць глядзець на высокі свет, што выпраменьваецца ад Госпада; іх ногі сімвалізуюць скараходную моц разумнага бачання, а пёры — лёгкасць розуму. Анёлы Гаспадарствы — вольныя ад працы сярод дольнага свету, не служаць матэрыяльным рэчам. Анёлы Сілы — здольныя вытрываць моцнае, недаступнае для іншых святло. Анёлы Улады — маюць агромністую ўладу, валодаюць бачнымі і нябачнымі рэчамі. Анёлы Пачаткі — у вытокаў свайго быцця скіравалі сваю моц да першапачатковага свету («ненасытныя салодкасці ў светласці дзівоснага Боства»). Арханёлы — пастаўленыя над анёламі, духоўныя служкі Божых тайнаў. Анёлы Пасланцы — пастаўленыя Госпадам блізу бачнага свету, зямнога жыцця. Да кожнай стыхіі Богам пастаўлены анёлы — вогненныя, водныя, паветраныя, зямныя.

Люцыфер жа скіраваў на зло дадзенае яму самаўладдзе, адступіў ад Божай ласкі разам са сваім анёльскім палком. Ён пакінуў святло і перайшоў у цемру, ператварыўся з прыгожага і светлага анёла ў брыдкага і цёмнага Дэмана. Прыняўшы цемру, Д'ябал навекі прывязаўся да яе. Ён разам са сваім злым палком апанаваў тры месцы: паветраную прастору над водамі, зямлю і апраметную бездань пад зямлёю. Паўсюль яны чыняць шкоду чалавеку, спакушаюць людзей, каб зрабіць іх сваімі слугамі. Праўда, часам людзі самі, праз грэх, трапляюць у няволю.

Арыгінальныя ідэі К. Транквіліён-Стаўравецкі выказаў, характарызуючы «бачны» сусвет, да якога ён адносіў пяць стыхій: агонь-святло, паветра, ваду, зямлю і «нябесны круг». Фармальна не адмаўляючы аднаактнага стварэння Зямлі, ён зазначыў, што дакладна і адназначна вырашыць пытанне пра ўзнікненне Зямлі, прасачыць канкрэтныя шляхі і этапы яе развіцця немагчыма. К. Транквіліён-Стаўравецкі адмовіў царкве ў манаполіі на абсалютную ісціну біблейнага тлумачэння стварэння Зямлі і выказаў перасцярогу пазнейшым вучоным, якія будуць ваяўніча абараняць уласныя гіпотэзы.

К. Транквіліён-Стаўравецкі выказаў шэраг натурфіласофскіх ідэй. Ён лічыў, што Зямля з'яўляецца круглай, «яко яблоко». Своеасаблівы погляд меў ён на будову атмасферы і Зямлі, у прыватнасці, прадказаў знаходжанне ў сярэдзіне распаленага рэчыва — магмы, прывёўшы ў якасці аргумента існаванне вулканаў і гейзераў. Цікавымі з'яўляюцца ідэі аб эвалюцыйным шляху развіцця жыцця на Зямлі. Філосаф перакананы, што на першых этапах існавання ўся Зямля была пакрыта вадою і толькі пазней, пад уздзеяннем сонечнага цяпла, на ёй узнік жывёльны і раслінны свет. У «Люстры Багаслоўя» К. Транквіліён-Стаўравецкі ўзняў тэму кругазвароту вады ў прыродзе, вытлумачыў прычыны акіянічных цячэнняў і даў навуковае тлумачэнне ўзнікнення прэснай вады. За 69 гадоў да І. Ньютана ён прадугадаў, што прылівы з'яўляюцца вынікам узаемадзеяння Месяца і Зямлі.

Філосаф не прымаў асноўных палажэнняў міфалагічнай канцэпцыі стварэння жыцця на Зямлі. Гэта пацвярджае яго вывад аб тым, што ўсё жывое — рыбы, птушкі, жывёлы — утварыліся ў вадзе, а чалавек складаецца з тых жа элементаў, што і ўсе астатнія рэчы ў прыродзе. Пры схематызме і пэўнай абстрактнасці тлумачэння ў ім выказана разуменне ўзаемаадносін прыроды і чалавека, які з'яўляецца часткай прыроды, адной з яе форм.

Глыбінёй вылучалася вучэнне аб чалавеку як трэцім, «малым» сусвеце. У «Люстры Багаслоўя» сфармуляваны палажэнні тэорыі пазнання, вызначаны дзве ступені спасціжэння чалавекам свету — ніжэйшая на ўзроўні органаў пачуццяў (смак, нюх, слых, зрок і дотык), з якіх пачынаецца працэс пазнання, і вышэйшая — з дапамогай розуму і абстрактнага мыслення. К. Транквіліён-Стаўравецкі стварыў гімн чалавечаму розуму як наймагутнейшай, неабмежаванай і вечнай моцы, якой падпарадкоўваюцца астатнія сілы чалавечай душы: воля, памяць, разважлівасць, любоў, даброць і інш. Чалавечы розум — вобраз Бога, з чаго вынікала — чалавек, дзякуючы розуму, набліжаецца да Бога. Філосаф вучыў, што воля і розум свабодныя: не ад наканавання, а ад уласнага выбару чалавека, «самаўладдзя» ды «разважлівасці» залежаць яго дзеянні і лёс. Важны аспект антрапалогіі — вучэнне пра даброці, дараваныя Госпадам: тры бачныя і пяць нябачных. Да ліку бачных Божых дароў К. Транквіліён-Стаўравецкі адносіў самаўладдзе душы, здольнасць чалавека да свабоднага выбару паміж дабром і ліхам. Другі Божы дар — зямное цела, створанае як абалонка несмяротнай і вечнай душы, каб яна праз увесь час жыла ў пакорлівасці і спадзявалася на Божую ласку, а не ўзносілася ганарліва дзеля свайго высокага паходжання. Каб душа ведала пра ўсё, што дзеецца пад Сонцам, Бог стварыў «ваконцы» — зрок, дотык, слых, нюх і смак. Трэці бачны Божы дар — пасяленне чалавека на тым месцы, з якога выпалі анёлы. Жывёлін і гадаў Госпад стварыў, каб яны служылі чалавеку: дрэвы давалі плады, моры — рыбу, зямля — скарбы, месяц служыў вымярэнню часу, Сонца было крыніцай святла. Абавязак чалавека не пераходзіць межы сваіх запатрабаванняў, разумна карыстацца дарамі. На атрапалогію філосафа ўплыў аказалі Васіль Вялікі («Шасцідзённік») і Грыгорый Ніскі («Пра чалавека»).

Акцэнт тэалагічных разважанняў скіраваны на праблему спазнання Бога. К. Транквіліён-Стаўравецкі лічыў магчымым спасціжэнне сутнасных праяў творцы пры выкананні некалькіх умоў — найперш сталага жыцця з «чыстым сэрцам», шчырасці памкненняў, пачуцця страху перад Госпадам і сваёй мізэрнасці перад ім. Сузіраць Бога хрысціянін можа выключна ў «тонкім, пакорлівым, ціхім і прасветлым духу». Спасціжэнне Абсалюту адбываецца праз словы, што маюць сімвалічнае значэнне. Гэта дазваляе пазбегнуць персаніфікацыі Бога. Так, назоўнік «вочы», ужыты пры апісанні Госпада, сімвалізуе веданне Богам усіх рэчаў, якія ён стварыў; калі ўжываецца назоўнік «ногі», дык ён азначае імгненнасць пераадолення Госпадам розных адлегласцей, «сон» — Божае доўгацярпенне, «старасць» — Божую спрадвечнасць і вечнасць. Абстрактныя назоўнікі не ўспрымаюцца літаральна. Бог — святло, але не тое, якое ведаюць людзі, гэта «святло над святлом». Бог — прамудрасць, але не тая, якую ведаюць людзі; гэта «звышпрамудрасць і найвышэйшы розум». У блізкім рэчышчы багаслоў паказваў і сутнасць іншых дэфініцый. Пры вызначэнні Божых імёнаў К. Транквіліён-Стаўравецкі абапіраўся на Дыянісія Арэапагіта, яго творы: «Пра Божыя імёны» і «Містычнае багаслоўе».

Багаслоў не бачыў супярэчнасці ў меркаванні, што Абсалют — адначасова «тройца» і «адзінка». Бог адзіны, але траякі ў сваіх іпастасях. Бог Айцец, Бог Сын і Бог Святы Дух роўныя між сабою, бясконцыя ў часе. Але кожная з іпастасяў адзінага Бога мае свае рысы, уласцівасці, якія даюць падставы гаварыць пра іх траічнасць у адзіным. Прыкмета Айца — ненароджанасць, Сына — народжанасць, Святога Духа — выпраменьванне, зыходжанне. К. Транквіліён-Стаўравецкі пазбягаў арыянства і ў той жа час адмяжоўваўся ад вучэння Савелія, паводле якога Божыя персоны не маюць адметнасцей. Тры персоны злучаныя ў адзінстве праз суіснаванне. Падмацоўваючы свае тэзісы спасылкамі на царкоўныя аўтарытэты — Яна Дамаскіна, Васіля Вялікага, Рыгора Назіянзіна і Аўгусціна — багаслоў, гаворачы пра неспазнаную таямніцу «тройцы», ужывае аднак прыём абсалютнай веры ў неспазнаную таямніцу без лагічных доказаў.

Не парываючы з хрысціянскай традыцыяй, К. Транквіліён-Стаўравецкі ўлічваў дасягненні навукі, імкнуўся растлумачыць прыродныя заканамернасці, раскрыць асаблівасці чалавечага розуму.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пазднякоў В. Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі // Вялікае княства Літоўскае: энцыкл.: у 3 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 3. Дадатак. А-Я.
  • Саверчанка І. Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі // Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн.: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5 — С. 402—409.
  • Маслов С. И. Кирилл Транквиллион-Ставровецкий и его литературная деятельность: опыт историко-литературной монографии. — К.: Наукова думка, 1984. — 246 с.