Кітайскі Новы год
Кітайскі Новы год | |
---|---|
![]() |
|
Новы год у Сінгапуры | |
Тып | культурнае |
Адзначаецца | кітайцамі |

Кітайскі Новы год, у даслоўным перакладзе называецца Свята Вясны (кіт. трад. 春節, спр. 春节, піньінь chūnjié, пал. Чуньцзе)[1] , з даўніх часоў з’яўляецца галоўным і самым працяглым святам у Кітаі і іншых краінах Усходняй Азіі[1] . Традыцыйны Новы год прымеркаваны да зімовага маладзіка па завяршэнні поўнага месяцовага цыклу, які адбыўся пасля зімовага сонцастаяння (на другі маладзік пасля 21 снежня). У грыгарыянскім каляндары гэта адпавядае аднаму з дзён з 21 студзеня па 20 лютага[заўв 1].
Кітайскі Новы год часта неафіцыйна называюць «месяцовым новым годам», паколькі ён з’яўляецца вытворным элементам месяцова-сонечнага кітайскага календара, а сама яго дакладная дата вызначаецца на аснове месяцовых фаз. Цыкл навагодніх свят традыцыйна пачынаецца ў першы дзень першага ж месяца кіт. 正月, піньінь zhēngyuè кітайскага календара і заканчваецца Святам ліхтароў[1] , якое наступае на 15-ы дзень святкаванняў. У гэтую навагоднюю пару большасць кітайцаў збіраюцца сем’ямі на сваю штогадовую вячэру ўз’яднання.
Першы дзень Новага года пачынаюць з запуску феерверкаў і шуціх, а таксама спальвання фіміям. Феерверкі павінны адпудзіць злых духаў і прыцягнуць у сям’ю дух прымірэння і шчасця. У канцы дня сям’я вітае вяртанне бажаствоў дадому пасля іх наведвання свету духаў, дзе яны «давалі справаздачу» пра мінулы год, а затым аддае даніну павагі продкам.
На думку кітайцаў, у гэты першы вясновы дзень адбываецца абуджэнне прыроды, ажываюць зямля і захоўваемыя ёй парасткі жыцця.
Паводле апавядання Шан шу (舜典:2), першы дзень Новага года стаў днём, у які Шунь 舜 (узорны ўладар старажытнасці) уступіў на пасад. Юй, які атрымаў пасад ад яго, рушыў услед гэтаму каляндарнаму прэцэдэнту.
Кітайскі Новы год з’яўляецца самым доўгім і самым важным святам у кітайскім месяцова-сонечным каляндары. Паходжанне гэтага свята адносіцца да старажытных часоў, у цяперашняй форме ў ім адлюстроўваецца павага да міфаў, вераванняў і традыцый, якія захаваліся ў кітайскім грамадстве. Кожны год пазначаецца адным з 12 задыякальных жывёл і колерам па сістэме «Пяці стыхій» («У-сін»).
Міфалогія свята
[правіць | правіць зыходнік]Паводле старажытнага міфу, на пачатку кожнага новага года кітайцы хаваюцца ад пачвары па імі Нянь (па-кітайску 年 (nián) азначае «год»). Нянь прыходзіць у першы дзень Новага года, каб пажыраць жывёлу, збожжа і харчовыя харчы, а часам і сельскіх жыхароў, асабліва дзяцей. Каб абараніць сябе, жыхары клалі ежу пры ўваходзе ў памяшканне, насупраць дзвярэй, з прыходам кожнага новага года. Паводле падання, чым больш будзе ежы, тым дабрэй і падатлівей будзе звер, а пасля таго як Нянь насыціцца прыгатаванай для яго ежай, ён больш не нападзе на людзей і пакіне іх у спакоі.
Аднойчы людзі ўбачылі, што Нянь спалохаўся маленькага дзіцяці, апранутага ў чырвоную вопратку і вырашылі, што ён баіцца чырвонага колеру. З тых часоў кожны раз, калі прыходзіць Новы год, людзі развешваюць чырвоныя ліхтары і чырвоныя скруткі на вокнах і дзвярах свайго жылля і запальваюць феерверкі. Па павер’ях, гэтыя традыцыі адпужваюць пачвар і вымушаюць яго абыходзіць паселішчы.
Па дадзеных кітайскіх даследчыкаў, упершыню Нянь быў згаданы ў 1933 годзе ў творы «Запіскі пра успаміны Ху Жуань» у раздзеле «Успаміны пра сезонныя звычаі»[3].
Святкаванне
[правіць | правіць зыходнік]Святкаванне кітайскага Новага год
| ||
![]() |
![]() |
![]() |
У Кітаі «Свята вясны» атрымала сімвалізм і традыцыйнасць, нягледзячы на пэўныя рэгіянальныя адрозненні ў звычаях і традыцыях. Звычайна кітайцы марнуюць свае грошы на абноўкі, то бок купляюць падарункі, упрыгажэнні, прадметы, прадукты харчавання і вопратку. Акрамя таго, кожная сям’я старанна прыбірае сваё жыллё, лічачы, што такім чынам яны чысцяць сваё жыццё ад любых няўдач і вызваляюць месца для шчасця. Да святочнай вячэры нават тыя члены сям’і, якія працуюць або вучацца ў іншых гарадах, вяртаюцца дадому, частуючыся рознымі прысмакамі (самыя распаўсюджаныя — стравы з свініны, качкі, курыцы і шматлікія віды прысмакаў і кандытарскіх вырабаў, у тым ліку рысавае печыва няньгао). Заканчваецца гэтая святочная ноч феерверкамі і петардамі. Раніцай наступнага дня дзеці віншуюць сваіх бацькоў, зычачы ім здароўя і шчаслівага Новага года, а ў адказ атрымліваюць пажаданні будучых поспехаў і грошы ў чырвоных папяровых канвертах. Традыцыйна лічыцца, што святкаванне кітайскага Новага года — лепшы час для знаходжання прымірэння ў спрэчках, час, калі неабходна забыць усе крыўды і шчыра зычыць усім міру і шчасця.
Напярэдадні Новага года, з 20:00 па пекінскім часе, многія кітайцы глядзяць традыцыйны навагодні гала-канцэрт па Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая, скарочаная названы «чуньвань» (кіт.: 春晚), які праводзіцца штогод з 1983 года[4].
Афіцыйныя святочныя даты
[правіць | правіць зыходнік]Кітайскі Новы год адзначаецца як дзяржаўнае свята ў шэрагу краін і тэрыторый, дзе пражывае значная колькасць кітайцаў. Большасць урадаў гэтых краін прызначаюць выходныя дні, калі дата свята прыпадае на працоўныя дні тыдня. У іншых краінах свету гэтае свята не лічыцца афіцыйным і трактуецца як звычайны працоўны дзень, толькі з пэўнымі прыкметамі кітайскіх культурных традыцый, хоць у тых месцах, дзе кампактна жывуць кітайскія эмігранты, заўсёды праходзяць святочныя прадстаўлення і феерверкі.
Нягледзячы на тое, што ў многіх сусветных культурах не прынята гучна і на афіцыйным узроўні святкаваць кітайскае свята, чыноўнікі гэтых краін заўсёды ўлічваюць у гэтыя дні шматлікія міграцыйныя патокі, паколькі рабочыя-мігранты з Кітая з усіх куткоў свету спрабуюць вылецець дадому, каб уз’яднацца на пераднавагодняй вячэры са сваімі сваякамі. Гэты сезон падарожжаў кітайцаў называецца Чуньюн (кіт. трад. 春運, спр. 春运, піньінь chūnyùn), і многія працадаўцы лічацца з гэтай з’явай, прызнаючы яго як афіцыйны тэрмін адпачынку або канікул для сваіх кітайскіх супрацоўнікаў.
Распаўсюджанасць
[правіць | правіць зыходнік]У Кітаі гэтае свята значнае не толькі для ханьцаў, але і для нацыянальных меншасцяў. Яго адзначаюць маньчжуры, яо, чжуаны, гаошань, дауры, дун, лі, буі і іншыя этнічныя групы.
Свята таксама адзначаецца ў многіх краінах свету. Акрамя таго, назіраецца значны ўплыў гэтага фестывалю і яго традыцый на святкаванне падобных навагодніх падзей у сумежных з Кітаем культурах (японскай, карэйскай, мангольскай, тыбецкай і іншых). Акрамя таго, Месяцовы Новы год дзякуючы распаўсюджванню кітайскіх эмігрантаў па ўсім свеце стаў святкавацца і граць сваю культурную ролю ў іншых, далёкіх ад Кітая краінах.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Китайцы // Календарные обычаи и обряды народов Восточной Азии. Новый год. — М.: Наука, 1985. — С. 11—78. — 264 с.
- ↑ Aslaksen, Helmer. The Mathematics of the Chinese Calendar(недаступная спасылка) (17 ліпеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 21 August 2016.
- ↑ Китайский Новый год 2025 (руск.) . ruchina.org. Праверана 22 снежня 2024.
- ↑ 丁亚平,王利丽. 央视春节联欢晚会 (кіт.). Большая китайская энциклопедия, 3-е издание, онлайн. Праверана 9 лютага 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Захарова М. В. Чуньцзе – праздник Нового года [Китай] // Проблемы Дальнего Востока. — 2000. — № 6. — С. 164—169.
- Welch P. B. Chinese New Year. — Oxford: Oxford University Press, 1997. — 71 p.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Календарь на 1—3999 год с праздниками и памятными датами (Китай, 1—1752 по юлианскому календарю, 1753—3999 по григорианскому календарю, англ.) Архіўная копія ад 6 лютага 2021 на Wayback Machine
- Китайский календарь на 1583—2299 год, с датами Праздника Весны. Указаны зодиакальное животное, цвет, стихия и сторона света. (рус.) Архіўная копія ад 9 жніўня 2020 на Wayback Machine