Кітайскі весланос

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кітайскі весланос
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Psephurus gladius Martens, 1862

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  573240
NCBI  61976
EOL  339110
FW  94907

Кітайскі весланос, псяфур[1] (Psephurus gladius) — від рыб сямейства весланосых, адзіны прадстаўнік роду псяфураў. Адна з найбуйнейшых прэснаводных рыб у свеце, прызнана вымерлай[2][3].

Апісанне

Даўжыня цела можа перавышаць 3 м, маса — 300 кг. Ёсць звесткі, што псяфур можа дасягаць даўжыні 7 м і масы ў 500 кг, што робіць яго найвялікшай прэснаводнай рыбінай у свеце, але дакументальных пацвярджэнняў гэтаму няма.

Цела выцянутае, з цёмна-шэрай спіной і белай брушной вобласцю, пакрыта вельмі дробнымі, разрозненымі шыпамі. Вочы слабаразвітыя. Ад чвэрці да траціны даўжыні рыбы складае выраст верхняй сківіцы, на якім знаходзяцца спецыяльныя рэцэптары, што дапамагаюць у пошуку ежы.

Пашырэнне

Калісьці рыба была звычайнай у рацэ Янцзы ў Кітаі. Аднак у 1970-я гады ў Янцзы вялі актыўны рыбны промысел. Весланосаў вылоўлівалі ў вялікіх колькасцях: каля 25 тон у год. У выніку да канца дзесяцігоддзя папуляцыя рыб значна скарацілася, і ў 1983 годзе прамысловы лоў весланосаў быў забаронены. Пасля папуляцыя скарацілася яшчэ мацней праз забруджванне вады і будаўніцтва плацін. Апошні кітайскі весланос быў заўважаны жывым у 2003 годзе. У 2020 годзе навукоўцы заявілі аб поўным знікненні кітайскіх весланосаў у адпаведнасці з крытэрамі Чырвонай кнігі.

Асаблівасці біялогіі

Драпежнік паляваў на дробных і сярэдніх рыб, таксама ўжываў у ежу разнастайных ракападобных.

Адна з прычын вымірання — адсутнасць хуткага ўзнаўлення. Самкі весланосаў дасягалі палавога сталення да 6-15 гадоў, а самцы — да 12-14 гадоў.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13). — С. 487
  2. livescience.com
  3. nn.by