Лаамедонт
Лаамедонт (стар.-грэч.: Λᾱομέδων) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі[1][2] цар горада Троі[3]. Сын Іла і Эўрыдыкі (або Іла і Леўкіпы[4]). Жонка Стрымо; або Плакія; або Леўкіпа; а таксама німфа Каліба. Дзеці Тыфон, Ламп, Клітый, Гікетаон, Падарк (Прыям)[5], Гесіёна, Кіла і Астыёха[6].
Паводле Лесха, з’яўляецца таксама бацькам Ганімеда, за выкраданне якога атрымаў выкуп ад Зеўса[7] — цудоўных коней.
Па волі Зеўса ў яго ў рабстве апынуліся Пасейдон і Апалон, пакараныя за падтрымку бунту Геры. Пасейдон пабудаваў сцяну вакол Троі, а Апалон пасвіў царскіх авечак (або Пасейдон і Апалон разам пабудавалі сцены Троі), ён абяцаў прынесці ім у ахвяру ўсю скаціну, якая ўрадзілася за год (або прыплод жарабіц), але не стрымаў абяцання. Апалон запатрабаваў прыносіць у ахвяру дзяўчын, а Пасейдон наслаў на горад пачвару, якая пажырала людзей. Для збавення горада ад насланняў яму ў ахвяру павінна была быць прынесена дачка Лаамедонта Гесіёна. Але яе выратаваў Геракл, забіўшы пачвару.
Лаамедонт ашукаў Геракла, адмовіўшыся заплаціць яму за выратаванне дачкі (ён абяцаў яму Гесіёну і коней[8]; па Гамеру, толькі коней[9]). У адплату Геракл захапіў Трою, забіўшы Лаамедонта і ўсіх яго сыноў з лука, пашкадаваўшы толькі Падарка (Прыяма)[10]. Паводле Дыядора, Геракл прыбыў пад Трою з 18 караблямі (паводле Гамера, з 6)[11].
Паводле Псеўда-Апаладора, Прыям быў малодшым сынам Лаамедонта. Аднак у III песне «Іліяды» персанажы з тымі ж імёнамі: Ламп, Клітый, Гікетаон — выступаюць як сучаснікі Прыяма, такім чынам, Прыям аказваецца старэйшым сынам.
Паводле вытлумачэння, Лаамедонт выкраў грошы з храма Апалона і Пасейдона і выкарыстаў іх на ўзвядзенне сцяны[12].
Зноскі
- ↑ Мифы народов мира. М., 1991-92. В 2 т. Т. 2. С. 37-38.
- ↑ Любкер Ф. Реальный словарь классических древностей. М., 2001. В 3 т. Т. 2. С. 239.
- ↑ Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка II 5, 9 і далей.
- ↑ Гігін. Міфы 250.
- ↑ Гамер. Іліяда XX 237—238.
- ↑ Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка III 10, 3.
- ↑ Лесх. Малая Іліяда, фр. 29 Бернабэ.
- ↑ Гігін. Міфы 89.
- ↑ Гамер. Іліяда V 640.
- ↑ Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка II 6, 4; Дыядор Сіцылійскі. Гістарычная бібліятэка IV 32, 4; Гігін. Міфы 31.
- ↑ Дыядор Сіцылійскі. Гістарычная бібліятэка IV 32, 2.
- ↑ Ватыканскі ананім. Пра неверагоднае 4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лаамедонт