Лаа Шэ
| Лаа Шэ | |
|---|---|
| кіт.: 舒庆春 | |
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Псеўданімы | 老舍 |
| Дата нараджэння | 3 лютага 1899[1][2][…] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 24 жніўня 1966[1][2][…] (67 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Жонка | Hu Xieqing[d] |
| Дзеці | Shu Yi[d] і Shu Yu[d] |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | пісьменнік, выкладчык універсітэта, драматург, раманіст |
| Гады творчасці | з 1919 |
| Мова твораў | кітайская |
Ла́а Шэ, раней Ла́о Шэ ([làʊ ʂɤ̀]; кіт.: 老舍, піньінь: Lǎo Shě; пры нараджэнні Шу Цінчунь (舒庆春, Shū Qìngchūn), пазней Шу Шэюй (舒舍予, Shū Shěyǔ; 3 лютага 1899[1][2][…], Пекін[3] — 24 жніўня 1966[1][2][…], Тайпін[d]) — кітайскі празаік, драматург і публіцыст, найбольш вядомы рэалістычнай і сатырычнай прозай; адзін з вядучых прадстаўнікоў кітайскай літаратуры XX стагоддзя.[7][8]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў 1899 годзе ў Пекіне, паходзіў з маньчжурскай сям’і. Пры нараджэнні атрымаў імя Шу Цінчунь. «Шэюй» (舍予) спачатку было ягоным цзы (字), а пазней стала ўжывацца як асабістае імя — Шу Шэюй.[9] Псеўданім «Лаа Шэ» ўтвораны ад «Шэюй»: з яго быў узяты іерогліф 舍, а спераду дададзены 老 (lǎo), які ў пекінскіх гаворках мог ужывацца як фамільярны зварот да знаёмага чалавека.[10]
У 1924 годзе выехаў у Англію, дзе да 1929 года выкладаў кітайскую мову ў Школе ўсходазнаўства Лонданскага ўніверсітэта.
У 1926 годзе ў літаратурным часопісе «Сяашо юэбаа» пачаў друкавацца яго першы раман «Філасофія шаноўнага Чжана». У сакавіку 1927 года ў тым жа часопісе пачалася публікацыя наступнага рамана «І сказаў Чжаа», а ў маі 1929 года — рамана «Двое з сям’і Ма».
У 1929 годзе Лаа Шэ выехаў з Англіі назад у Кітай, затрымаўшыся па дарозе ў Парыжы, а затым крыху больш як на пяць месяцаў у Сінгапуры, дзе выкладаў у кітайскай школе. У Сінгапуры ён пачаў аповесць «Дзень нараджэння Сяапо»; апошнюю яе частку дапісаў ужо ў Шанхаі ў 1930 годзе. Пасля вяртання ў Кітай жыў спачатку ў Пекіне, затым у Цзінані і Ціндаа.
У Цзінані Лаа Шэ напісаў раман «Дамінху», які так і не выйшаў у свет. Рукапіс быў перададзены шанхайскаму выдавецтву Commercial Press і загінуў у 1932 годзе, калі комплекс выдавецтва быў разбураны падчас японскай бамбардзіроўкі.[11]
У 1933 годзе асобнымі выданнямі выйшлі раманы «Развод» і «Запіскі пра Кашэчы горад». У 1934—1935 гадах друкавалася «Гісторыя Нябеснага Дарунка», якая асобнай кнігай выйшла ў 1936 годзе. У верасні 1936 года пачалася часопісная публікацыя «Рыкшы»; асобным выданнем раман выйшаў у 1939 годзе.[7]
У 1937 годзе, пасля японскага ўварвання ў Кітай, Лаа Шэ напісаў шэраг публіцыстычных артыкулаў, у якіх заклікаў аб’яднаць намаганні для адпору ворагу. Затым пераехаў ва Ухань, дзе далучыўся да арганізацыі антыяпонскага літаратурнага руху. 27 сакавіка 1938 года ў Ханькоу (цяпер частка Уханя) была створана Усекітайская асацыяцыя работнікаў літаратуры і мастацтва па адпору ворагу. Лаа Шэ быў абраны членам яе пастаяннай рады і начальнікам аддзела агульных спраў, адказваючы за штодзённую працу арганізацыі.[12]
Падчас вайны ён стварыў п’есу «Чжан Цзычжун» і раман «Спаленне».[7] Каля пяці гадоў Лаа Шэ працаваў над раманам «Чатыры пакаленні адной сям’і» — спачатку ў Кітаі, а затым у ЗША, куды ў 1946 годзе паехаў чытаць лекцыі.[8] Скарочаны англійскі пераклад рамана, падрыхтаваны пры ўдзеле Іды Пруіт, выйшаў у ЗША ў 1951 годзе пад назвай The Yellow Storm («Жоўтая бура»).[13] У Нью-Ёрку таксама быў напісаны раман «Казачнікі».[8]

13 кастрычніка 1949 года Лаа Шэ пакінуў Сан-Францыска і выправіўся ў Кітай; 12 снежня ён прыбыў у Пекін.[14] За наступныя шаснаццаць гадоў ён напісаў мноства п’ес і нарысаў, у тым ліку п’есы «Канава Драконаў вус» і «Чайная», а таксама пакінуў няскончаным раман «Пад пурпурнымі сцягамі».[7][8]
Мяркуецца, што 24 жніўня 1966 года Лаа Шэ скончыў жыццё самагубствам пасля збіцця і публічнага прыніжэння хунвэйбінамі ў час культурнай рэвалюцыі. Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, ён утапіўся ў возеры Тайпінху ў Пекіне.[8]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 Lao She // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 3 4 Lao She // Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Deutsche Nationalbibliothek Record #118569643 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.
- ↑ https://w.wiki/Bieo
- ↑ 1966年8月24日 老舍在北京投湖自尽_历史_凤凰网 Праверана 15 снежня 2024.
- ↑ LIBRIS — Каралеўская бібліятэка Швецыі, 2018. Праверана 24 жніўня 2018.
- 1 2 3 4 Баршчэўскі Л. Лао Шэ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- 1 2 3 4 5 老舍 // 中国作家网. — 2016. — 27 чэрвеня.
- ↑ 吴永平. 老舍的宗教虔诚与献身精神 // 中华读书报. — 2017. — 8 лютага. — С. 5.
- ↑ 中国老舍研究会副秘书长:董卿濮存昕读错“舍”字 // 中国教育和科研计算机网. — 2017. — 19 красавіка.
- ↑ 旧居里,老舍的文字在安睡 // 中国作家网. — 2016. — 30 жніўня.
- ↑ 老舍 以笔为枪赴国难 // 中国作家网. — 2025. — 1 верасня.
- ↑ Lao She (1951). The Yellow Storm(англ.). Перакладчык Ida Pruitt. New York: Harcourt, Brace and Company.
- ↑ “舍予”为谁?——张恨水与老舍的交往与友情 // 中国作家网. — 2020. — 10 верасня.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Баршчэўскі Л. Лао Шэ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).