Перайсці да зместу

Лад дзеяслова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лад дзеясло́ва — граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; граматычны спосаб выражэння мадальнасці[1].

Граматычнае значэнне форм ладу выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць ці піша і праз маўленне якога перадаюцца суб’ектыўныя адносіны да дзеяння (ацэнка дзеяння як пажаданага, магчымага, меркаванага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў, розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм ладу дзеяслова[1].

Адрозніваюць два тыпы ладу дзеяслова: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны лад), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных ладах адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага[1]. Набор ускосных ладоў адрозніваецца ў розных мовах. Існуюць мовы, у якіх ўскосны лад увогуле адсутнічае, і мовы, у якіх адрозніваюць дзесяць і больш ускосных ладоў дзеяслова[2].

Лады дзеяслова ў беларускай мове

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай мове вылучаюцца тры лады дзеяслова: абвесны, загадны і ўмоўны[1].

Абвесны лад абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: піша, пісала, будуць пісаць, напішу, не пісаў[1].

Загадны лад выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да іншай асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя. Можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду. Асноўныя яго формы — 2-я асоба адзіночнага (ідзі) або множнага ліку (ідзіце), 1-я асоба множнага ліку (ідзем), а таксама апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку з загаднай часціцай няхай (хай): няхай ідзе, хай ідуць[1].

Умоўны лад абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай бы (б): спявалі б[1].

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Беларуская энцыклапедыя 1999, с. 94.
  2. Лад дзеяслова // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: В. В. Калістратава (гал. рэд.) [і інш.]. Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2014. — Т. 5. — С. 11. — 664 с. 3 000 экз. ISBN 978-985-11-0805-9.
  • Лад дзеяслова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 94. — 560 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
  • П. П. Шуба. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
  • Ф. М. Янкоўскі. Гістарычная граматыка беларускай мовы. — 3-е выд.. Мн., 1989.