Лакно (археалагічны помнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лакно́ — археалагічныя помнікі: стаянкі эпохі неаліту каля вёскі Лакно (Гродзенскі раён). Выявілі і абследавалі ў 1996 годзе В. Л. Лакіза і В. С. Абухоўскі.

Стаянка-1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5—0,6 км на паўднёвы ўсход ад вёскі на мысе карэннага берага возера Лакно. Мыс абмежаваны балотам і невялікай ракой, якая выцякае з возера. Памеры 50х140 м. Знойдзены 2 крамянёвыя абломкі, 4 сколы, 4 пласціны, 7 адшчэпаў, 5 нуклеусаў, 3 рэтушаваныя адшчэпы, 2 скобелі і 4 скрабкі на адшчэпах, разец, нож на масіўным пласціністым адшчэпе, лязовая частка крамянёвай шліфаванай сякеры прамавугольнага сячэння, фрагмент ляпной керамікі. Матэрыялы адносяцца да эпохі неаліту — культур нёманскай, шарападобных амфар і кола культуры шнуравой керамікі.

Стаянка-2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, за 0,1—0,15 км ад стаянкі-1. Памеры 30х100 м. Знойдзены 20 крамянёвых адшчэпаў і пласцін, 4 нуклеусы, разец, 2 рэтушаваныя адшчэпы, 3 скрабкі, пласціна са скошаным рэтушшу канцом, фрагмент ляпной керамікі з мінеральнымі дамешкамі ў цесце і штрыхаванай паверхняй. Матэрыялы адносяцца да эпохі неаліту — нёманскай культуры і кола культуры шнуравой керамікі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лакіза, В. Л. Лакно / В. Л. Лакіза // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: У 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2011. — 464 с.: іл. — С. 7. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Лакіза, В. Л. Старажытнасці позняга неаліту, ранняга і сярэдняга перыядаў бронзавага веку Беларускага Панямоння / В. Л. Лакіза; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — 342, [1] c. — ISBN 978-985-08-0938-4.