Лалі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Лалі. Фрагмент карціны А. Эдельфельта Piispa Henrikin Kuolema («Смерць біскупа Генрыха»), 1877.

Ла́лі (фінск.: Lalli; ? — каля 1160, воз. Хірвіярві[fi], Заходняя Фінляндыя) — фінскі селянін, апакрыфічны персанаж фінскай гісторыі і міфалогіі, магчыма, рэальная асоба. Паводле падання, ён 19[1]/20 студзеня 1156 года забіў першага біскупа Фінляндыі Генрыха Упсальскага на лёдзе возера Кёюліёнярві (цяпер тэрыторыя грамады Кёюліё правінцыі Сатакунта на захадзе Фінляндыі).

Лалі — самы вядомы забойца за гісторыю Фінляндыі[2]. У фінскім фальклоры ён паказаны язычнікам і праціўнікам хрысціянства, часта параўноўваецца з Іудам[3].

Вобраз Лалі і цяпер папулярны ў фінаў. Паводле вынікаў тэлевізійнага конкурсу «Вялікія фіны» (2004) кандыдатура Лалі заняла 14-е месца сярод найбольш значных людзей фінскай гісторыі[4]; тым жа 2004 годам біяграфія Лалі была ўключана Таварыствам фінскай літаратуры ў выданы на рускай мове зборнік «Сто замечательных финнов».

Міфалагічная біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычных звестак пра Лалі мала, мяркуюць, што паходзіў з заможнай сялянскай сям'і, бо ў «Песні на гібель біскупа Генрыка» і іншых фальклорных творах ён выступае як прадстаўнік верхніх слаёў. Рускі пісьменнік А. П. Мілюкоў у сваіх «Путевых впечатлениях на севере и юге» (1865) называў Лалі нават «фінскім дваранінам»[5]. У 1150-х гадах Лалі жыў у сядзібе Лалойла ў Кёюліё. У доме Лалі жыла яго жонка Керту (Kerttu — багоўка), а таксама — паводле некаторых версій «Песні…» — нейкія Пентці і Олаві. Імёны прымушаюць сумнявацца, што забойца быў язычнікам, бо яны хрысціянскія. Так, Лалі — адна з адмен імя Лауры. Аднак, ёсць і меркаванне, што згаданыя імёны з'явіліся ў паданні пазней, у т.л. і імя Лалі. Імя Лалола, паводле некаторых версій «Песні…», можна лічыць язычніцкім («Лалола з-за заліва, парада добрая з краю мыса»)[6]. Урэшце, паводле трэцяга меркавання, імем Лалі даўнія фіны ўважліва звалі мядзведзя[7].

Забойства Генрыка Упсальскага[правіць | правіць зыходнік]

Забойства Святога Хенрыка Лалі (Карл Андэрс Экман, 1854)

Самая пашыраная версія падання, дадзеная ў «Песні на гібель біскупа Генрыка», паведамляе наступнае. Раз вярнуўся Лалі да дому, а сустрэўшая яго жонка Керту «нашаптала ў вуха злосці, паварушыла ў грудзях лютасць» — паведаміла мужу, што дарогай на пропаведзь у іх доме стаяў біскуп Генрых і, з'язджаючы, не аплаціў ежы, пітва і конскага корму. Ёсць меркаванне, што Керту хлусіла, на праўдзе біскуп загадаў слузе заплаціць (або заплаціў сам) гаспадыні за ежу і корм, але яна папросту справакавала мужа. З прычыны гэтага вобраз Керту ў фальклоры — адмоўны, яна характарызуецца як «паганая гаспадыня, шкодная баба ў хустцы, жоўцевая старая…»[8].

Лалі забівае біскупа (зверху); Лалі здымае мітру разам з ўласнымі валасамі (унізе). Выява зроблена Эліясам Брэнерам[fi] ў 1671 годзе ў царкве Ісакюро[fi] на аснове малюнкаў XV ст.

Выслухаўшы жонку, Лалі залютаваў і, узяўшы сякеру (паводле іншай версіі — меч), на лыжы пайшоў наўздагон біскупу. Нагнаўшы біскупскія сані на лёдзе возера Кёюліёнярві, Лалі кінуўся на святара і адсек яму галаву, зняў мітру, а з рукі каштоўны пярсцёнак, адсекшы для гэтага палец[9]. Паданне падкрэслівае, зарабіў ён гэта са сквапнасці[10]. Калі Лалі вярнуўся дадому ў біскупскай мітры, жонка, седзячы за калаўротам, спыталася: «І адкуль шапка, Лалі, шалом добры ў злодзея?»[8].

Наступствы і смерць[правіць | правіць зыходнік]

Паводле падання, калі селянін зняў мітру, разам з ёю зняліся валасы і скура, а з пярсцёнкам злезла мяса і ад пальца засталася толькі костка. Апошняе супярэчыць іншаму паданню, быццам Лалі згубіў адсечаны палец біскупа ў снег разам з пярсцёнкам, а вясною яго знайшоў сляпы, які «адчуў бляск» золата. Падняўшы палец, сляпы пацёр ім вочы і стаў бачыць. Гэта паданне згадваў, між іншых, вядомы фалькларыст Крыстфрыд Ганандэр. А. П. Мілюкоў паведамляў пра іншае паданне, паводле яго, пярсцёнак быў знойдзены двума сялянамі, яны плылі возерам у чоўне і заўважылі крумкача, які кружыў над льдзінай. Падплыўшы, сяляне ўбачылі па льдзіне палец біскупа[11].

Неўзабаве Лалі памёр[12]. Калі царкоўныя крыніцы называюць прычынай смерці балючае зняцце мітры (паводле Мілюкова, селянін «памёр у пакутах»[11]), то паводле народнай традыцыі Лалі збег з дому і пэўны час хаваўся па лясах, а потым патануў (мабыць і ўтапіўся) у суседнім возеры Хірвіярві[10]. Паводле аднаго з паданняў, на беразе Хірвіярві ёсць вялікі камень, побач якога Лалі часта сядзеў незадоўга да смерці. Паверхня каменя, паводле падання, заўсёды вільготная — фіны лічылі гэтую вільгаць слязамі забойцы, якія не высыхаюць і цяпер[13].

Пазней сядзіба Лалойла належала туркускаму біскупу, а пасля Рэфармацыі кароне. Паводле адной версіі, маёмасць Лалі была перададзена царкве ў адплату забойства Генрыха Упсальскага[14], паводле іншай — атрыманне маёмасці тычылася ўсёй гэтай гісторыі даволі ўскосна[10].

Кінутае на лёдзе цела біскупа, паводле яго прыжыццёвага жадання, слугамі паклалі на катафалк запражны валамі, дзе валы спыніліся, у грамадзе Ноўсіайнэн, там і пахавалі Генрыха Упсальскага. Там жа была закладзена першая царква[fi] (капліца) у Фінляндыі[14].

Супярэчнасці[правіць | правіць зыходнік]

Пытанні, ці праўда жыў Лалі, ці было забойства ім Генрыха менавіта такім, як даюць паданні, да сённяшняга дня не закрытыя. Напрыклад, «Песня на гібель біскупа Генрыха» кажа, што ў дзень забойства біскуп ехаў толькі з адным возчыкам, іншыя фальклорныя творы, кажуць, што біскуп ехаў наогул адзін. Пазней, аднак, у навукоўцаў з'явілася гіпотэза, што біскуп ехаў з почтам, таксама і Лалі — быў з таварышамі. Прыхільнікі гіпотэзы мяркуюць, што паміж імі адбылася сутычка, у ёй Генрык Упсальскі і быў забіты[8].

Фінскі гісторык Туомаса Хейкіля[fi], пры падрыхтоўцы да 850-годдзя фінскай царквы, напісаў манаграфію прысвечаную асобе Генрыха Упсальскага. Хейкіля доўга працаваў у архівах Ватыкана і прыйшоў да высновы, што Генрыха, а таксама і Лалі, не было на праўдзе. Калі Хейкіля спрабаваў данесці ўяўнасць селяніна і біскупа фінам, жыхарам губерні адкуль быццам родам Лалі, то сустрэў жорсткае неразуменне.[15][16]

Царкоўныя паданні пра Генрыха Упсальскага імя Лалі не называюць, але шэраг сярэднявечных крыніц упамінае г.зв. «прытон Лалі». Паводле паданняў, забойцам біскупа быў «нейкі злы чалавек», якога Генрых хацеў прывесці да парадку царкоўным звычаем, але той звар'яцеў і накінуўся на біскупа[8].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Герб Кёюліё

З імем Лалі звязана гісторыя фінскай грамады Кёюліё, пра колішнія падзеі нагадвае мітра і сякера на яе гербе. У 1989 годзе адкрыты помнік Лалі ў Кепале[fi], створаны скульптарам Айма Тукіайненам[14]. Забойству біскупа прысвечаны шэраг мастацкіх твораў, у т.л. карціны Карла Андэрса Экмана[fi] і Альберта Эдэльфельта, п'еса фінскага літаратар Эйна Лейна і інш.

Біскуп Генрых Упсальскі (у цэнтры), зневажае Лалі (унізе) — сярэднявечная мініяцюра.

У царкоўным мастацтве выява Лалі ўпершыню з'явілася на саркафагу забітага ім біскупа ў 1410-х гадах. У 1-й палове XV ст., у часы біскупа Магнуса Олая Таваста[fi], замацавалася традыцыя выяўлення святога Генрыха, зневажаючага Лалі. Апроч гэтага, цудадзейны пярсцёнак, які, паводле падання, вылечыў сляпога, выбіты на пячатцы Туркускага саборнага капітулу[10].

У фальклорных творах, дзе ўспамінаецца Лалі, ёсць і такая яго характарыстыка: «Лалі горшы з язычнікаў, самы люты з Іудаў, ён забіў святога чалавека, біскупа пана Генрыха»[2]. Шэраг такіх твораў уключаны Эліясам Лёнратам у зборнік фінскіх народных рун «Кантэлетар». Фінскі фалькларыст 2-й паловы XVIII ст. Крыстфрыд Ганандэр паведамляў, што ў яго час фінскія нянькі спявалі дзецям песеньку са словамі: «Дзесьці Лалі шапку справіў, узяў злы шалом?»[2].

У 2004 годзе нацыянальнай фінскай тэлерадыёвяшчальнай кампаніяй YLE, з мэтай вызначэння, праз усеагульнае галасаванне, найбольш значных людзей фінскай гісторыі, была арганізавана конкурсная праграма «Вялікія фіны». Імя Лалі было ўключана ў зыходны пералік з 99 кандыдатаў, падрыхтаваны экспертамі (галасаваць можна было як за кандыдатаў з пераліку, так і за тых, каго ў пераліку не было). Лалі заняў 14-е месца, апярэдзіў такіх сусветна вядомых фінаў, як Тувэ Янсан, Паава Нурмі, Алвар Аалта[4][17]. У тым жа 2004 годзе ў Хельсінкі Таварыствам фінскай літаратуры быў апублікаваны на рускай мове зборнік «Сто замечательных финнов»; сярод змешчаных там біяграфій вядомых дзеячаў Фінляндыі была і біяграфія Лалі[3][10].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Together in mission and ministry, 1993, с. 71
  2. 2,0 2,1 2,2 Палола, 2004, с. 312
  3. 3,0 3,1 Митюрин Д. Финляндия в ста портретах // Невское время. — 03.07.2004.
  4. 4,0 4,1 Suuret suomalaiset: Lalli (фін.) . yle.fi. Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2012. Праверана 8 верасня 2011.
  5. Милюков, 1865, с. 162
  6. Палола, 2004, с. 312—313
  7. Юхани, Мария, Вилле и Пекка. О чем говорят нам финские имена? (руск.) . — 03'2011.
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 Палола, 2004, с. 313
  9. DuBois, 2008, p. 73
  10. 10,0 10,1 10,2 10,3 10,4 Палола, 2004, с. 314
  11. 11,0 11,1 Милюков, 1865, с. 163
  12. DuBois, 2008, p. 74
  13. Kesäretki keskiaikaan // Lauri. — 09.06.2005. — № 22/2005.
  14. 14,0 14,1 14,2 Talonpoika Lalli (фін.) . koylio.fi — афіцыйны сайт грамады Кёюліё. Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2012. Праверана 8 верасня 2011.
  15. Сухонен М. Новгородская I летопись и археологические раскопки как источники по истории XIV в. Финляндии / Отв. ред. акад. В. Л. Янин — Новгород, 2006.
  16. Аксёнова С. Mikä Suomi oikein on? Или что такое Финляндия… // Stop in Finland. — 28.12.2010. — № 1(103).
  17. Вялікія фіны: вынікі 1-га туру галасавання (фін.) . YLE (2004-10-31). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2011.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]