Перайсці да зместу

Ламанцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ламанцы
альтэрн.: Ламанцы[1]
Уваходзіць у нацыянальныя кухні
беларуская кухня[2]
Краіна паходжання Беларусь
Час з’яўлення ХІII стагоддзе
Кампаненты
Асноўныя алей, мак, мёд
Падача
Тып стравы печыва
Роднасныя стравы
Падобныя аблата, аплатка, лазанкі, просвіра, сліжыкі[3]

Лама́нцы[4][5] — прэснае крохкае печыва з пшанічнай мукі[6].

Служаць традыцыйнай стравай на Посную куццю напярэдадні Раства Хрыстовага. Такія праснакі мелі пашырэнне яшчэ сярод народаў Вялікага Княства Літоўскага[7]. Ламанцы абазначаюць хрысціянскае прычасце, як куцця і царкоўная просвіра[3].

15 красавіка 2015 года Рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры Беларусі ўнесла ламанцы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў складзе рэгіянальнай традыцыйнай кухні Адэльска (Гродзенскі раён) як абрадавую страву[8].

Для прыгатавання ламанцаў бяруць: шклянку мукі, сталовую лыжку алею і драбок солі. Для макавай падліўкі, якой заліваюць ламанцы, бяруць 50 грам маку і драбок цукру на смак[7].

Калі ламанцы мачаюць у падліўку, то для яе выкарыстоўваюць: 2 шклянкі маку і па 140 мл вады і мёду. Замест макавай падліўкі магчыма зрабіць макавае малако, для якога бяруць: 200 грам маку, 1/4 шклянкі мёду і 750 мл вады[7].

Спачатку для прыгатавання ламанцаў у муку дадаюць соль. Затым падліваюць алей і замешваюць тугое цеста. Атрыманае цеста накрываюць цэлафанам на 30 хвілін. Пасля гэтага цеста раскачваюць у тонкія лісты таўшчынёй каля 1 см, якія выкладаюць на паперу для запякання і пераносяць на бляху. На паверхні лістоў цеста пазначаюць нажом лініі ў выглядзе прамавугольнікаў, ромбаў або квадратаў з бокам 4—6 см. Выпякаюць ламанцы ў духоўцы пры +160 °C да залацістага адцення 8 хвілін. Пасля выпечкі іх ламаюць па лініях надзрэзаў, адсюль назва ламанцы[7].

Для прыгатавання макавай падліўкі мак спачатку змяшчаюць на 30 хвілін у гарачую ваду, якую затым зліваюць. Пасля мак здрабняюць блэндарам да белага адцення ад соку і перамешваюць з цукрам на смак. Урэшце ламанцы заліваюць макавай падліўкай і даюць астыць 2 гадзіны[7].

Каб атрымаць макавую падліўку для мачання ламанцаў, замест цукру перацёрты мак магчыма перамяшаць з мёдам і кіпнем вады. Такую падліўку змяшчаюць у міску, куды мачаюць ламанцы[7].

Для прыгатавання макавага малака мак спачатку перамешваюць на 15 хвілін з варам вады, якую пасля зліваюць. Затым мак зноў перамешваюць з варам на 30 хвілін. Пасля зліву вады мак перамолваюць у пасудзіне блэндарам да з’яўлення белага адцення соку. У іншым посудзе перамолаты мак заліваюць кіпнем вады і дадаюць мёд. Пасля астывання макавае малако пераносяць у халоднае месца. Урэшце ламанцы ў глыбокіх місках заліваюць макавым малаком за 3 гадзіны да спажывання[7].

У 1923 годзе Якуб Колас выдаў паэму «Новая зямля», у 20-й частцы якой пад назвай «Каляды» змясціў радкі наконт прыгатавання ламанцаў з макам[7]:

А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі –
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.

Якуб Колас«Новая зямля»

  1. ЗвяздаВыдавецкі дом «Звязда», 1917. — вып. 247 (27857). — С. 6. — 14804 экз. — ISSN 1990-763X Праверана 9 снежня 2024.
  2. а б в г д ЗвяздаВыдавецкі дом «Звязда», 2014. — вып. 247 (27857). — С. 6. — 14804 экз. — ISSN 1990-763X Праверана 9 снежня 2024.
  3. а б Кухістар Верашчака. Ламанцы і сліжыкі // Ігуменскі тракт. — 30 снежня 2014. — № 42 (101). Архівавана з першакрыніцы 13 снежня 2024.
  4. лама́нцы // Слоўнік беларускай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; ўклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш]; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак.. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — 916 с. — ISBN 978-985-08-1365-7.
  5. лама́нец // Беларуска-рускі слоўнік = Белорусско-русский словарь : [у 3 т. : больш за 110 000 слоў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы ; пад рэдакцыяй А. А. Лукашанца. — Выд. 4-е, перапрацаванае і дапоўненае. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2012. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0613-0.
  6. Ганна Арашонкава, Надзея Чабатар. Ламанцы // Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа / нав.рэд. Аляксандр Падлужны, мастацк. Дзмітрый Сурскі. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — С. 130. — 287 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-08-0565-X.
  7. а б в г д е ё ж Таццяна Юхновіч, Сяргей Юхновіч. Ламанцы // Вельмі смачна : газета / гал.рэд. Аляксандр Ваюшын. — Мінск: Рэдакцыя газеты «Магазін красвордаў», лістапад 2024. — № 4 (44). — С. 2. — ISSN 2617-8508.
  8. Аляксандр Анатольевіч Яцко. Выпіска з Пратакола пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ад 15.04.2015(недаступная спасылка). Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці (лістапад 2017). Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2024. Праверана 9 снежня 2024.