Ламбардская ліга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ламбардская ліга (італ.: Lega Lombarda) — саюз з 16 паўночна-італьянскіх гарадоў (склад не быў нязменным) у супрацьстаянні са Свяшчэннай Рымскай імперыяй.

Ліга была створана 7 красавіка 1167 года ў манастыры Панціда. Яе заснавальнікамі былі — Мілан, Лодзі, Ферара, Парма і П'ячэнца. Дагавор паміж імі быў падпісаны на 20 гадоў для барацьбы з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі супраць яго панавання ў ламбардскіх гарадах. На працягу красавіка — снежня 1167 года да Лігі далучыліся і іншыя гарады.

У бітве пры Леньяна ў 1176 годзе Ламбардская ліга сіламі гарадскіх апалчэнняў ушчэнт разбіла рыцараў Фрыдрыха I Барбаросы, вымусіўшы апошняга ў 1183 годзе прызнаць самастойнасць гарадоў Ламбардскай Лігі. Ламбардская ліга была адноўлена ў 1198 годзе на 10 гадоў.

У 1226 годзе ў сувязі са спробай Фрыдрыха II Штаўфена скарыць Ламбардыю зноў адноўлена на 11 гадоў.

Удзельнікі Лігі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Мілан — з 7 красавіка 1167 года;
  2. П'ячэнца — з 7 красавіка 1167 года;
  3. Ферара — з 7 красавіка 1167 года;
  4. Лодзі — з 7 красавіка 1167 года;
  5. Парма — з 7 красавіка 1167 года;
  6. Крэмона;
  7. Мантуя;
  8. Бергама;
  9. Брэшыя;
  10. Балоння;
  11. Падуя;
  12. Трэвіза;
  13. Вічэнца;
  14. Венецыя;
  15. Верона.