Ламінат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ламінат

Ламінат — агульнаўжывальная назва падлогавага пакрыцця на аснове драўнянавалакністай пліты высокай шчыльнасці. Слова «ламінаваны» ў перакладзе з латыні азначае слаісты. Верхнім пластом з’яўляецца ахоўна-дэкаратыўная зносатрывалая плёнка.

Будова[правіць | правіць зыходнік]

Будова ламінату

Дошка ламінату ўяўляе сабою канструкцыю, што складаецца з чатырох пластоў:

  1. Ніжні стабілізуючы пласт прызначаны для абароны дошкі ад дэфармацыі. Служыць таксама для павелічэння жорсткасці. У некаторых калекцыях ламінату да стабілізуючага пласта прыляпляюць гукаізалюючую падкладку для дадатковай шумаізаляцыі.
  2. Апорны пласт, аснова дошкі ламінату, вырабляецца з драўнянавалакністай пліты высокай шчыльнасці. Менавіта гэта цвёрдая частка канструкцыі выконвае самыя важныя функцыі дошкі ламінату. У апорным пласце выразаны замок, які змацоўвае паміж сабой ламінат. Таксама выконвае асноўную функцыю па цеплаізаляцыі і шумаізаляцыі. Вільгацетрываласць ламінату наўпрост залежыць ад якасці апорнага пласта. Вільгацетрывалыя насычэнні і высокая шчыльнасць пліты — заклад мінімальнага ўплыву вільгаці на геаметрыю ламінату.
  3. Дэкаратыўны пласт, што выконвае функцыі аздаблення — гэта пласт паперы з нанесеным на яго малюнкам дрэва, каменя, пліткі ці любой іншай тэкстуры.
  4. Верхні пласт з меламінавай ці акрылавай смалы забяспечвае абарону дошкі ад сцірання і ўдарных нагрузак. Ад трываласці і таўшчыні верхняга пласта залежыць клас зносатрываласці ламінату. У апошні час верхні пласт стаў таксама несці дэкаратыўную ролю. На яго наносяць няроўнасці ў адпаведнасці з малюнкам для лепшай імітацыі натуральнага дрэва.

Класы ламіната[правіць | правіць зыходнік]

У наш час вырабляюць ламінат 4 асноўных класаў (па EN13329).

  • Класы 21-23 — для хатняга выкарыстання (у наш час ужо не вырабляюцца).
  • Клас 31 (AC3)[1] — для хатняга выкарыстання
  • Клас 32(AC4) — для хатняга з падвышанай нагрузкай і для камерцыйнага з нізкай
  • Клас 33 (AC5-AC6) — для камерцыйнага выкарыстання з вялікай нагрузкай
  • Клас 34 — для спецыяльнага (прамысловага, спартыўнага) выкарыстання — больш трывалы, чым 33.[2]

Класы — тэрмін адносны. У нямецкім, аўстрыйскім і бельгійскім ламінаце зносатрываласць адпавядае паказніку AC, які дэманструе зносатрываласць верхняга ахоўнага пласта. Сам тэрмін «клас» з паказнікамі ад 31 да 34 дэманструе шчыльнасць і магчымасць вытрымліваць нагрузку самой HDF асновай (драўняная пліта). Менавіта таму, часцяком можна сустрэць бюджэтныя гатункі ламінату з паказнікамі AC5 на 32 класе. Гэта азначае не што іншае, як тое, што ламінат мае аснову для побытавых памяшканняў з падвышанай нагрузкай на верхні пласт. Кітайскія вытворцы карыстаюцца гэтай блытанінай і пішуць толькі «33 клас» хоць верхні ахоўны пласт можа вар’іравацца ад AC3 да AC5, але гэты паказнік вельмі рэдка ўказваецца. Менавіта таму два аднолькавых з выгляду ламінату 33 класа ад розных вытворцаў могуць служыць зусім па рознаму. Табер тэст (taber test), пры якім абразіўная галоўка круціцца выконваючы абароты (часта сустракаецца тэрмін як «абароты ламінату»), якраз і паказвае зносатрываласць па класіфікацыі AC. У залежнасці ад буйнасці абразіўнага матэрыялу, адзін і той жа ламінат можа прайсці тэставанне з вышэйшымі ці ніжэйшымі паказальнікамі.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Прабацька ламінаванага паркету, вядомага сёння, быў распрацаваны ў 1977 годзе ў шведскай кампаніі Pergo, якая ў той час з’яўлялася часткай групы Perstorp. Канструкцыя першага ламінату адрознівалася ад сучаснай: дэкаратыўны пласт быў насычаны меламінавай смалой, ніжняя частка дошкі выраблялася з ламінату на аснове фенольнай смалы. Пад уздзеяннем высокага ціску і тэмпературы абодва пласты інтэгравалі на аснову з дапамогай тэрмаактыўнага клею.

У той жа час праводзіліся і іншыя эксперыменты па вырабе ламінату, асаблівым поспехам карыстаўся матэрыял на аснове тонкага ламінату, вырабленага пад уздзеяннем вялікага ціску. Але ўсе гэтыя метады вытворчасці былі прызнаны нежыццяздольнымі: яны патрабавалі завысокіх выдаткаў на вытворчасць і, як вынік, не маглі атрымаць шырокага распаўсюджвання.

Прайшло 10 гадоў, і фірма «Хорнітэкс» распрацавала прынцыпова новую тэхналогію вытворчасці ламінату. Адбывалася шліфаванне дзвюх драўнянавалакністых пліт, паміж адшліфаванымі бакамі размяшчалася клейкая плёнка з фенольнай смалы. Далей зверху накладалася спачатку дэкаратыўная папера, насычаная меламінавай смалой, потым верхні пласт плёнкі, што змяшчае мінеральныя часціцы, у тым ліку прыродны мінерал Карунд. Ніжні бок пакрываўся крафт-паперай з фенольным насычэннем. У выніку сціскання пад уздзеяннем высокага ціску і тэмпературы і фармавалася ламінаваная дошка.

Насціл[правіць | правіць зыходнік]

Насціл ламінату

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Ламінат (пліта HDF) з’яўляецца драўняным падлогавым пакрыццём і разам з плюсамі дрэва, схільны разбурацца пад ўплывам вільгаці. Таму большасць вытворцаў патрабуе класці пад ламінат параізаляцыйную плёнку таўшчынёй 200 мікрон (поліэтылен, герметычна склеены паміж сабой). Апроч таго, ламінаваныя падлогі вельмі патрабавальныя да роўнасці падлогі, дапускаецца перапад не больш 3 мм на 1 пагонны метр.

Паміж ламінатам і параізаляцыйнай плёнкай, таксама трэба класці «падкладку». Гэта матэрыял, таўшчынёй ад 2 да 10 мм з пенаполістыролу (часам фальгаванага), успененага поліэтылену, драўняна-папяровай масы ці корка. Асноўная яго задача — знішчэнне перападаў, а таксама магчымасці ўзнікнення рыпаў. У якасці дадатковых уласцівасцей выступаюць цеплаізаляцыя і шумаізаляцыя. Некаторыя гатункі падкладак, за кошт таўшчыні, дазваляюць класці ламінат і на падлогі з вялікімі няроўнасцямі, што супярэчыць інструкцыі па кладцы ламінату большасці вытворцаў.

Злучэнне замкоў ламінату[правіць | правіць зыходнік]

Усе сучасныя ламінаваныя падлогі без клеявыя. Плашкі падлогі злучаюцца паміж сабой з дапамогай замка, што прысутнічае на кожнай плашцы. Замкі можна падзяліць на 3 віды:

  • Злучэнне тыпу «канструктар». Пры такім злучэнні, трэба «падладжвацца пад замок», то бок падымаць ужо сабраны рад ламінату для злучэння з новай плашкай, якая злучана толькі па адным краі. Злучаць ламінатныя дошкі трэба спачатку па даўжыні, а потым атрыманыя палосы змацоўваць паміж сабой. Лепш працаваць з напарнікам.
  • Злучэнне шляхам «падбіўкі». Плашка злучаецца па адным краі, а потым фізічна дабіваецца для злучэння кароткага краю. Пры такім злучэнні магчымае пашкоджанне замкоў і часцяком дадзены спосаб забаронены на большасці інструкцый знакамітых вытворцаў.
  • Злучэнне, пры якім па шырыні пласціну фіксуе пластыкавая ўстаўка. Пры такім злучэнні не трэба падымаць рад (як у 1 выпадку).

Догляд ламінату[правіць | правіць зыходнік]

Ламінат у існасці — гэта драўняная аснова ў трывалай абгортцы, і вільгаць для яго страшная толькі з бакоў. Ламінат павінен быць сухім, і калі вы разлілі на яго вадкасць, то яе трэба прыбраць. Існуюць такія гатункі ламінату, якія могуць быць скарыстаны для падлог у памяшканнях з падвышанай вільготнасцю, прыкладам, у ванных пакоях. Звычайна на ўпакоўцы ламінату стаіць маркіроўка, што гаворыць пра тое, ці можна яго класці там, дзе заўсёды сыра. Асабліва баіцца уздзеяння вады ў такіх відах ламінату сістэма мацаванняў. Таму нават вільгацеўстойлівую падлогу трэба насуха праціраць мяккай тканінай адразу ж пасля таго, як на яе трапіла вада. Пры мантажы ламінату, асабліва ў памяшканнях, дзе часта робіцца прыбіранне (калідор, кухня) рэкамендуецца скарыстаць адмысловы герметык для замкоў. Ён не склейвае панэлі паміж сабой, але ў той жа час добра бароніць іх ад пранікнення вільгаці.

Найбольш шкодная для ламінату гарачая вада: ён можа ўздыбіцца, дэфармавацца, страціць выгляд. Калі падлога залітая цалкам (ці працяглы час), то рэкамендуецца спачатку прыбраць усю ваду, потым зняць плінтус (калі ёсць магчымасць прыбраць ваду з зазораў з дапамогай мыйнага пыласоса) і даць падлозе абсохнуць каля тыдня. Выкарыстоўваць фены і іншыя награвальныя прыборы не трэба — скразняк нашмат лепш выветрыць і прасушыць памяшканне.

Асаблівага догляду, як паркет, ламінат не патрабуе. Досыць рэгулярна выдаляць пыл з яго паверхні пыласосам, а раз на тыдзень праводзіць вільготнае прыбіранне насуха адціснутай анучай. Не часцей 1 разу ў год спецыялісты рэкамендуюць апрацоўваць ламінат адмысловай масцікай для ламінату. Важна запомніць, што ні пры якіх акалічнасцях нельга выкарыстоўваць для догляду ламінату сродкі, прызначаныя для паркету: у іх склад уваходзіць пчаліны воск, які разбурае ламінаваны пласт. Гэтак жа ламінат разбураюць мыйныя сродкі з высокім утрыманнем гліцэрыны (для бляску). Гліцэрына пракрадаецца ў стыкі ламеляў і разбурае беражкі, успушваючы іх.

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова ўся вытворчасць ламінаваных падлог была сканцэнтравана ў Еўропе. У наш час вытворчасць ступіла ў краіны ўсходняй Еўропы і ў Азію. Існуе вельмі шмат ламінату, вырабленага ў Кітаі. Першапачаткова ламінат з Кітая прыходзіў на зялёнай HDF-аснове, і лічылася, што ён больш вільгацетрывалы. Потым наступіў этап, калі кітайцы выпускалі ламінат на карычневай аснове з зялёнымі замкамі. Але насамрэч зялёны колер быў нічым іншым, як маркетынгавым ходам. Першапачаткова зялёную HDF-аснову вырабіла нямецкая кампанія Kronoflooring (на сённяшні дзень Krono Original), якая пераследавала мэты тым самым абараніць свой тавар ад падробак. Пасля Кітай таксама стаў вырабляць ламінат на зялёнай аснове, імкнучыся прыпадобніцца нямецкаму. Ва ўспрыманні спажыўца такі «каляровы» ламінат надоўга замацаваўся як найболей якасны і таму дарагі. На сённяшні дзень «зялёны трэнд» губляе сваю актуальнасць, і замкі, як і сам аснову перасталі фарбаваць у ненатуральныя колеры.

Тэрмін эксплуатацыі паводле класа[правіць | правіць зыходнік]

Класы эксплуатацыі пазначаюць колькі часу ламінат будзе захоўваць свой выгляд пры розных нагрузках на яго. Існуе еўрапейская норма (EN 13329), якая складаецца з 18 тэстаў, пасля правядзення якіх ламінату прысвойваецца той ці іншы клас. Гэта норма вылучае 2 вялікія групы ламінаваных падлогавых пакрыццяў: ламінаты камерцыйнай эксплуатацыі і ламінаты хатняга выкарыстання.

Ламінаты камерцыйнай эксплуатацыі — гэта ламінаты з тэрмінам службы ў камерцыйных памяшканнях ад 3 да 6 гадоў. Адпаведна, калі падлога камерцыйнай эксплуатацыі выкарыстоўваецца дома, то тэрмін жыцця ламінату павялічваецца ў два-тры разы. Многія гарантыі звыш 10 гадоў азначаюць, што дадзеная падлога праляжыць гэтулькі менавіта ў хатніх умовах, але ніяк не ў камерцыйных.

  • 31 клас эксплуатацыі — гэта эксплуатацыя падлогі ў камерцыйных памяшканнях са слабой нагрузкай. Тэрмін службы падлогі каля 2-3 гадоў. У хатніх умовах падлога можа праляжаць 10-12 гадоў (спальні, кладоўкі то бок памяшканні са слабой эксплуатацыяй падлогі ў хаце).

Сёння найбольш пашыраны клас ламінату. У офісах ужываецца ў прыёмных, перагаворных, невялікіх кабінетах.

  • 32 клас эксплуатацыі — гэта эксплуатацыя падлогі ў камерцыйных памяшканнях з сярэдняй нагрузкай. Тэрмін службы падлогі 3-5 гадоў. У хатніх умовах падлога можа праляжаць 12-15 гадоў (сталовыя, кухні, калідоры, то бок памяшканні з высокай эксплуатацыяй падлогі ў кватэры). 32 клас найбольш аптымальны выбар і для хаты і для офіса.
  • 33 клас эксплуатацыі — гэта эксплуатацыя падлогі ў камерцыйных памяшканнях з інтэнсіўнай нагрузкай. Тэрмін службы падлогі каля 5-6 гадоў. У хатніх умовах падлога можа праляжаць 15-20 гадоў. Улічваючы працяглы тэрмін эксплуатацыі ў хатніх умовах, некаторыя вытворцы даюць пажыццёвую гарантыю. Несумнеўнай вартасцю гэтай падлогі з’яўляецца тое, што яе выгляд будзе захоўвацца максімальна магчымы для ламінату час.
  • 34 клас эксплуатацыі — эксплуатацыя падлогі ў камерцыйных памяшканнях з нагрузкай, вышэй інтэнсіўнай. Напрыклад камерцыйныя памяшканні з высокай нагрузкай: аўтасалоны, вакзалы, аэрапорты, танцавальныя клубы. Тэрмін службы 7-15 гадоў. У хатніх умовах можа праляжаць каля 30 гадоў. Афіцыйна не адлюстраваны ў еўрапейскім стандарце EN 13329:2006+A1:2008(E), які вызначае метады прысваення класа ламінаваным падлогавым пакрыццям.

Ламінаты хатняга выкарыстання — гэта ламінаты, тэрмін эксплуатацыі якіх не перавышае 5-6 гадоў у хатніх умовах. Звычайна гэта падлогі на 6 ці 7-мм пліце ДВП ці нават MDF. Адметная асаблівасць гэтых падлог — цана. Ламінаты хатняга выкарыстання дзеляць на ўмоўныя 3 групы:

  • 21 клас эксплуатацыі — такая падлога мае тэрмін службы не больш 1-2 гадоў. Вобласць ужывання: спальні, кладоўкі, то бок памяшканні са слабой эксплуатацыяй падлогі ў хатніх умовах.
  • 22 клас эксплуатацыі — падлога з тэрмінам службы 2-4 года. Вобласць ужывання: спальні, кладоўкі, дзіцячыя, гардэробныя, то бок памяшканні з сярэдняй эксплуатацыяй падлогі ў хатніх умовах.
  • 23 клас эксплуатацыі — падлога з тэрмінам службы 4-6 гадоў. Вобласць ужывання: спальні, кладоўкі, дзіцячыя, гардэробныя, сталовыя, кухні, калідоры, то бок памяшканні з высокай эксплуатацыяй падлогі ў хатніх умовах.

21, 22, 23 класы ламінату зняты з вытворчасці.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. EUROPEAN STANDARD EN 13329:2006+A1:2008 (E), Annex I (Requirements for class 34 — Very heavy commercial use and pictogram)
  2. EPFL: Performance Classification for Laminate Flooring Архівавана 5 студзеня 2012.