Перайсці да зместу

Ласосепадобныя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ласосепадобныя

Сёмга (Salmo salar)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Salmoniformes

Сямействы і Падсямействы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  161929
NCBI  8006
EOL  5157
FW  35506

Ласосепадобныя (Salmoniformes) — атрад касцістых рыб, спалучае ў сабе прымітыўныя марфалагічныя рысы з высокаразвітымі здольнасцямі да адаптацыі.

Рыбы сярэдніх і буйных памераў, даўжыня да 1,5 м, маса да 60 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў, галава адносна невялікая. Шкілет гэтых рыб не цалкам акасцянелы, значная частка чэрапа і пазваночніка застаецца храстковай, што збліжае іх з больш прымітыўнымі касцявымі рыбамі. Вызначальнай рысай іх будовы з’яўляецца тлушчавы плаўнік (без касцявых прамянёў), які размешчаны на спіне паміж спінным і хваставым плаўнікамі. Усе плаўнікі маюць толькі мяккія, членістыя прамяні. Луска дробная, цыклоідная. Характэрна наяўнасць маленькай падоўжанай лускі каля асновы брушных плаўнікоў. Апошнія тры пазванкі ў хваставой частцы хрыбетніка загнуты ўверх.

Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Маюцца шматлікія піларычныя прыдаткі, колькасць такіх адросткаў кішачніка можа вагацца ад 11 да 210.

Усе сучасныя ласосепадобныя маюць тэтраплоідны набор храмасом, які ўзнік у выніку дубліравання геному продкаў. У час нерасту цела некаторых ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку.

Вядомы з мелавога перыяду. Існуе адзінае сучаснае сямейства ласасёвых.

Большасць відаў з’яўляюцца прахаднымі (анадрамнымі), яны нагульваюцца ў моры, але вяртаюцца для нерасту ў прэсныя воды. Здольны вяртацца менавіта ў тыя вадаёмы, дзе яны з’явіліся на свет. Ім неабходна вада з высокім утрыманнем кіслароду і нізкай тэмпературай.

Усе ласасёвыя з'яўляюцца драпежнікамі. Падчас міграцыі на нераст у рэкі многія віды (напрыклад, ціхаакіянскія ласосі) перастаюць карміцца. Іх арганізм выкарыстоўвае назапашаны тлушч, што часта прыводзіць да поўнага знясілення і гібелі пасля адкладвання ікры. Адкладваюць ікру звычайна ў гнёзды (ямкі).

Ласось, скульптура, Астравец.

Аб’ект промыслу і развядзення. Натуральны арэал абмежаваны Паўночным паўшар’ем (арктычныя і ўмераныя шыроты), хоць многія віды былі паспяхова інтрадукаваны ў іншыя рэгіёны, напрыклад, у Новую Зеландыю і Чылі. На Беларусі скстракаюцца: рапушка еўрапейская (Coregonus albula), харыус звычайны (Thymallus thymallus), пелядзь (Coregonus peled), сіг чудскі (Coregonus maraenoides), стронга радужная (Oncorhynchus mykiss), кумжа (Salmo trutta).

Па традыцыйнай сучаснай класіфікацыі Ласосепадобныя — атрад класа Actinopterygii, які ўключае ў сябе адзінае сямейства Salmonidae.

Аднак у іншых класіфікацыях можна сустрэць істотныя адрозненні. Так, у савецкіх энцыклапедыях атрад Ласосепадобныя адсутнічаў наогул, а сямейства ласосевых адносілася да атрада Селядцападобныя (Clupeiformes)[1].

Таксама можна сустрэць класіфікацыі, якія ў атрад Ласосепадобныя ўключаюць наступныя падатрады: salmonoidei, osmeroidei, argentinoidei, esocoidei, galaxioidei, stomiatoidei, alepocephaloided, macristioidei[2].