Латгалы
Латгалы (аг.-усх.-слав.: летьгола, лотыгола; лат.: latgali) — усходнебалцкае племя, якое па некаторых меркаваннях дало назву сучасным латышам. Этнонім захаваўся ў назвах асобных вёсак на Віцебшчыне.
Тэрыторыя рассялення[правіць | правіць зыходнік]
Латгалы засялялі ўсходнюю частку сучаснай Латвіі і паўночную частку Беларусі па правым беразе Заходняй Дзвіны, на захадзе межавалі з лівамі, на поўдні — з селамі і земгаламі, на ўсходзе — з крывічамі, на поўначы — з плямёнамі эстаў. У X—XII стст. у латгальскім грамадстве вылучылася раннефеадальная вярхушка. З раннефеадальнага перыяду латгалы рассяляліся на тэрыторыю ліваў. Палітычная структура латгалаў у XII—пачатку XIII стст. ўключала некалькі тэрытарыяльных аб’яднанняў з дзяржаўным кіраваннем.
Гаспадарчая дзейнасць і матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]
Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Была развіта апрацоўка жалеза і каляровых металаў. Будавалі ўмацаваныя паселішчы: Кокнесс, Герцыке, Мукукалнс, Асатэ, Олінькапнс, Пекаскалнс. Неўмацаваныя селішчы ў асноўным размяшчаліся пры гарадзішчах. Вылучаюцца паселішчы на насцілах сярод азёр (IX—X стст., вядома каля 10). Зрубныя абарончыя пабудовы ўзводзілі з 2 паралельных сцен. На паселішчах, асабліва ў Кокнесе і Ерсіке, знойдзена шмат рэчаў з Русі (шкляныя пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі, шыферныя прасліцы, абразкі). Пахаванні ў бескурганных могільніках па абраду трупапалажэння: мужчын хавалі галавой на усход, жанчын — на захад. Магільныя ямы ў плане авальныя або прамавугольныя, глыбінёй 0,5—0,9 м. Нябожчыкаў клалі на дошкі, якія высцілалі шарсцяной ці льняной тканінай, лубам ці бяростай. На тэрыторыі могільнікаў знойдзены рытуальныя вогнішчы, што тлумачыцца шлюбнымі сувязямі латгалаў з крывічамі або літвой. У жаночых пахаваннях знойдзены жалезныя сярпы, прасліцы, шыйныя грыўні, вайнагі, дугападобныя ланцугатрымальнікі, пярсцёнкі, пацеркі з ракавін кауры (часта ў спалучэнні са шклянымі), у мужчынскіх — наканечнікі коп’яў, спражкі, манжэтападобныя бранзалеты, арбалетападобныя фібулы. У мужчынскіх і жаночых пахаваннях сустракаюцца сякеры, бранзалеты, шпількі і падковападобныя фібулы. У X—XIII стст. ва ўсходняй частцы Латгаліі быў вядомы курганны абрад пахавання. Знешне курганы не адрозніваюцца ад старажытнарускіх, але іх пахавальны інвентар ідэнтычны з рэчавым матэрыялам латгальскіх бескурганных могільнікаў.
У X—XI стст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. У пачатку XIII ст. занявшены нямецкімі рыцарамі-крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—27) Латгалы названы яшчэ латвійцамі.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Дучыц, Л. У. Латгалы / Л. У. Дучыц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 8. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Латгалы // БЭ ў 18 тамах, Т. 9. Мн., 1999.
- Мугуревич Э. С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII вв.: Экономические связи с Русью и другими территориями. Пути сообщения / Академия наук Латвийской ССР, Институт истории. — Рига: Зинатне, 1965. — 145 с., 32 л. ил.
- История Латвийской ССР: сокр. курс / АН Латвийской ССР, Ин-т истории. 2-е перераб. и доп. изд. — Рига: Зинатне, 1971. — 923 с.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Латгалы (інфлянты) Архівавана 21 снежня 2005.
- Фестываль балтыйскіх культур, ліпень 2006 Архівавана 13 ліпеня 2007.
- Латгалы — этнаграфічная група, карэнны народ ці нацыянальная меншасць? Архівавана 24 лістапада 2007.