Леан Уладзіслаў Радзівіл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леан Уладзіслаў Радзівіл
герб «Трубы»
герб «Трубы»
Сцяг17-ы Нясвіжскі ардынат
1936 — 1939
Папярэднік Антоні Альбрэхт Радзівіл

Нараджэнне 22 снежня 1888(1888-12-22)[1]
Смерць 8 красавіка 1959(1959-04-08) (70 гадоў) ці 7 красавіка 1959(1959-04-07) (70 гадоў)
Род Радзівілы
Бацька Ежы Фрыдэрык Радзівіл[d][2]
Маці Марыя Разалія з Браніцкіх[d]
Жонка Вольга дэ Сімолін-Ветберг
Дзеці Антоній Ежы Мікалай Радзівіл, Ежы Мікалай Радзівіл
Веравызнанне каталіцызм
Узнагароды
Ордэн Святога Станіслава III ступені
Ордэн Святога Станіслава III ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ле́ан Уладзісла́ў Мікала́й Радзіві́л (22 снежня 1888, Берлін, Германская імперыя8 красавіка 1959, Парыж, Францыя) — ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польскай Рэспублікі, апошні ўладальнік нясвіжскага замка з роду Радзівілаў, 17-ы нясвіжскі і 14-ы клецкі ардынат, ахвяра рэпрэсій.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 22 снежня 1888 года ў Берліне (па іншых звестках — Патсдаме) ў сям’і Юрыя Фрыдэрыка Радзівіла (1860—1914), ардыната нясвіжскага і клецкага і Марыі Разаліі Радзівіл з Браніцкіх[3]. Быў унукам Антонія Вільгельма Радзівіла, даводзіўся пляменнікам Станіславу Вільгельму Радзівілу. Меў старэйшых братоў Караля Мікалая, ардыната Давыд-Гарадоцкага, і Антонія Альбрэхта, шаснаццатага нясвіжскага ардыната.

У 1909 годзе скончыў з адзнакай Імператарскі Пажаскі корпус у Пецярбургу і паступіў на службу ў Праабражэнскі лейб-гвардыі полк. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у аддзеле замежных спраў генеральнага штаба Расійскай імператарскай арміі і звольніўся адтуль пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе.

У маі 1919 года Леан Радзівіл уступіў у Войска Польскае, дзе працаваў у палітычным аддзеле Галоўнага камандавання, а праз некалькі месяцаў перайшоў у выведвальны аддзел Генеральнага штаба. Удзельнічаў у польска-савецкай вайне, падчас службы вёў дзённік. Па заканчэнні вайны сышоў у адстаўку[4].

Згодна з завяшчаннем, складзеным ў 1928 годзе Антоніем Альбрэхтам, Леан Уладзіслаў з’яўляўся спадчыннікам радзівілаўскіх уладанняў. Пасля смерці старэйшага брата ў 1935 годзе Леан Радзівіл атрымаў вялікую спадчыну, з пачатку наступнага года стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам. Тады ж стала пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся пераважна гаспадарчымі справамі, паляваннем, жывапісам і мецэнацтвам, пры гэтым пазбягаючы ўдзелу ў палітыцы[5]. Заснаваў агурочны завод у Радзівілімонтах.

З пачаткам 1 верасня 1939 года Другой сусветнай вайны Нясвіжскі замак стаў прытулкам для многіх уцекачоў з Варшавы. Пасля ўваходу ў Нясвіж Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года палац быў захоплены. За некалькі дзён да гэтага князь вынес і схаваў асабістыя каштоўнасці. Арышт Леана Уладзіслава Радзівіла праводзіў генерал-маёр Вячаслаў Грыднеў, які за гэта быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга. Па ўспамінах відавочцаў, падчас арышту абураны князь павярнуўся да слуг і сказаў: «Усё, што зараз адбываецца — гэта велізарная памылка»[4].

Разам з сям’ёй арыстакрат быў вывезены спачатку ў Менскую турму, пасля — у Маскву. Дзякуючы сувязям маці Леана Радзівіла Марыі Разаліі з італьянскімі арыстакратамі апошняга нясвіжскага ардыната ўдалося абмяняць на вязняў рэжыму Мусаліні. Князь выехаў у Італію, а праз некаторы час пасяліўся ў Англіі, дзе цалкам адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця. Пасля вайны Радзівіл пераехаў у Парыж, дзе і памёр увесну 1959 года.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

29 снежня 1911 года ў Санкт-Пецярбургу ажаніўся з баранэсай Вольгай дэ Сімолін-Ветберг (6 ліпеня 1886—22 жніўня 1948), дачкой барона Аляксандра Сімоліна-Ветберга і Адэлі Лабінскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся:

  • Антоній Ежы Мікалай Радзівіл (8 кастрычніка 1912, Санкт-Пецярбург — 7 сакавіка 1967, Лондан).
  • Ежы Мікалай Радзівіл (20 чэрвеня 1921, Парыж — 10 чэрвеня 1952, Рым) — ажаніўся ў 1952 годзе з Элеанорай Шаландан (нар. 1919).

Дачка Ежы Мікалая Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах. Па яе словах, разглядаецца пытанне аб перапахаванні Леана Уладзіслава Радзівіла ў радавой спачывальні[6].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Lundy D. R. Prince Leon Radziwill // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  3. Радзівіл Леан Уладзіслаў // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
  4. а б в Ігар Мельнікаў.. НКУС супраць Радзівілаў (руск.). Будзьма беларусамі! (5 студзеня 2017). Праверана 19.09.2019.
  5. Нясвіжскія ардынаты . Нясвіж — нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік. Праверана 19.09.2019.
  6. Вераніка Молакава.. Як да сябе дадому . Культура (1 ліпеня 2017). Праверана 19.09.2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: «Полымя», 2002. ISBN 985-01-0250-0