Легендарыум Толкіна

Легендарыум Толкіна (англ.: Tolkien's legendarium) — неапублікаваная пры жыцці міфапаэтычная праца Дж. Р. Р. Толкіна, якая легла ў аснову «Валадара Пярсцёнкаў», і якую яго сын Крыстафер абагульніў у кнізе «Сільмарыліян» і задакументаваў у 12-томнай серыі «Гісторыя Серадзем’я ». Легендарыум бярэ свой пачатак у 1914 годзе, калі Толкін пачаў пісаць вершы і накіды апавяданняў, маляваць карты, прыдумваць мовы і імёны ў якасці асабістага праекта па стварэнні міфалогіі для Англіі[1]. Самае ранняе апавяданне, «Падарожжа Эарэндэля, Вячэрняй Зоркі», датуецца 1914 годам[2]. Толкін пераглядаў і перапісваў гісторыі з легендарыума на працягу амаль усяго свайго дарослага жыцця.
«Хобіт» (1937), першы апублікаваны раман Толкіна, першапачаткова не быў часткай вялікай міфалогіі, але стаў звязаны з ёй[3]. Падзеі «Хобіта» і «Валадара Пярсцёнкаў» (1954 і 1955) адбываюцца ў Трэцюю эпоху Серадзем’я, у той час як практычна ўсе яго раннія творы былі звязаны з Першай і Другой эпохамі. У «Валадары Пярсцёнкаў» час ад часу згадваюцца персанажы і падзеі з легендарыума, што робіць свет Толкіна рэалістычным і глыбокім, але гэтыя старажытныя паданні выяўлены як паўзабытыя да тых пор, пакуль не стануць актуальнымі для гісторыі.
Пасля выхаду «Валадара Пярсцёнкаў» Толкін вярнуўся да сваіх старых апавяданняў, каб прывесці іх у прыдатны для публікацыі выгляд, але так і не завяршыў гэтую працу[4]. Сын Толкіна Крыстафер сабраў з вялізнай калекцыі неапублікаваных матэрыялаў апошнія версіі найбольш значных сюжэтаў свайго бацькі і выдаў іх у кнізе «Сільмарыліян» (1977). Продажы аказаліся дастатковымі для таго, каб ён змог дапрацаваць і апублікаваць мноства тамоў апавяданняў і чарнавікоў бацькавых легенд; некаторыя з іх былі прадстаўлены як скончаныя гісторыі, іншыя ж ілюстравалі складаны творчы працэс яго бацькі. Даследаванне Толкіна, працяглае вывучэнне яго твораў і міфалогіі ў цэлым, неўзабаве пасля смерці аўтара стала асобным навуковым кірункам.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Carpenter 2023, #115 to K. Farrer, June 1948.
- ↑ Carpenter 1977, p. 72.
- ↑ Carpenter 1977, p. 180.
- ↑ Tolkien 1993, Foreword.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Carpenter, Humphrey. J. R. R. Tolkien: A Biography. — New York: Ballantine Books, 1977. — ISBN 978-0-04-928037-3.
- Carpenter, Humphrey (ed.). The Letters of J. R. R. Tolkien: Revised and Expanded Edition. — New York: Harper Collins, 2023. — ISBN 978-0-35-865298-4.
- Tolkien, J. R. R. Morgoth's Ring / Christopher Tolkien (ed.). — Boston: Houghton Mifflin, 1993. — ISBN 0-395-68092-1.