Перайсці да зместу

Лейпцыгскі хамаіл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лейпцыгскі хамаіл
Codex arabicus, tataricus, polonicus (паводле Х. А. Флейшэра)
Аўтар невядомы
Жанр Хамаіл
Мова арыгінала польская, беларуская (арабскім пісьмом), арабская
Выдавецтва рукапіс
Выпуск сярэдзіна XVII стагоддзя (да 1690 года)
Старонак 148 аркушаў

Ле́йпцыгскі хамаі́л — адзін з найстарэйшых вядомых і дакладна датаваных рукапісных помнікаў (хамаілаў) беларуска-літоўскіх татар, створаны ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Напісаны арабскім пісьмом пераважна на польскай мове з дамешкам беларускіх элементаў, а таксама ўтрымлівае арабскія тэксты. Захоўваецца ў бібліятэцы Лейпцыгскага ўніверсітэта пад сігнатурай B. OR. 280[1]. З’яўляецца ўнікальнай крыніцай для вывучэння ранняга этапу інтэграцыі татар у славянскамоўную прастору Вялікага Княства Літоўскага і гісторыі татарскіх магічных практык[2].

Гісторыя знаходкі і даследавання

[правіць | правіць зыходнік]

Першым вучоным, які звярнуў увагу на гэты рукапіс, быў нямецкі ўсходазнавец Х. А. Флейшэр. У 1838 годзе ён апісаў яго ў каталогу ўсходніх рукапісаў гарадской бібліятэкі Лейпцыга, даўшы яму назву «Codex arabicus, tataricus, polonicus»[3]. Паводле артыкула, апублікаванага ў 1840 годзе ў выданні «Rozmaitości Lwowskie», Х. А. Флейшэр доўгі час не мог расшыфраваць тэкст, паколькі словы, напісаныя арабскімі літарамі, не належалі ні да адной з вядомых яму семіцкіх або цюркскіх моў. Загадка была вырашана толькі з дапамогай паляка Сакальніцкага, які пазнаў у тэкстах польскую мову[4].

У 1840 годзе рукапісам моцна зацікавіўся славіст І. І. Сразнеўскі, які ліставаўся наконт яго з чэшскім вучоным В. Ганкам. Ні Х. А. Флейшэр, ні І. І. Сразнеўскі першапачаткова не звязвалі гэты дакумент з літоўскімі татарамі; Х. А. Флейшэр нават выказваў меркаванне, што ён мог паходзіць з Крыму. Толькі ў 1857 годзе прафесар А. Мухлінскі ў сваёй працы дакладна ідэнтыфікаваў рукапіс як помнік пісьменнасці беларуска-літоўскіх татар[5].

У 1966 годзе мікрафільм з копіяй рукапісу быў перададзены з Лейпцыга для даследаванняў А. К. Антановічу, які зрабіў яго дэталёвы палеаграфічны і лінгвістычны аналіз[3].

Палеаграфічнае апісанне і датаванне

[правіць | правіць зыходнік]

Лейпцыгскі хамаіл вылучаецца сваім мініяцюрным «кішэнным» фарматам — гэта самая малая з вядомых татарскіх рукапісных кніг. Яе памеры складаюць усяго 8,5 х 10 сантыметраў. Зборнік налічвае 148 аркушаў (ці 147 аркушаў тэксту). Нумарацыя зроблена пааркушна. Колькасць радкоў на старонцы вагаецца ад 7 да 10[6][7].

Цікавай асаблівасцю помніка з’яўляецца тое, што тэкст на аркушах з 2 па 17 быў шчыльна замазаны пэндзлем з выкарыстаннем цёмных чарнілаў. Аднак чарнілы, якімі закрэслівалі тэкст, апынуліся святлейшымі за арыгінальныя, таму большасць замазанага тэксту сёння чытаецца даволі свабодна[8]. Тэкст напісаны прынамсі двума рознымі пісцамі: першы стварыў аркушы 1—9, другі — аркушы 10—148[9].

Доўгі час дакладная дата стварэння рукапісу заставалася невядомай, пакуль не быў даследаваны экслібрыс на ўнутраным баку вокладкі. Ён сведчыць, што кніга належала нямецкаму ўсходазнаўцу Андрэасу Акалутусу[en] (1654—1704). У 1690 годзе ўся асабістая бібліятэка Акалутуса была набыта гарадской бібліятэкай Лейпцыга (Ratsbibliothek), адкуль у 1962 годзе рукапіс быў перададзены ў бібліятэку ўніверсітэта. Гэты гістарычны факт бясспрэчна даказвае, што Лейпцыгскі хамаіл быў напісаны да 1690 года, імаверна, у сярэдзіне XVII стагоддзя, што робіць яго адным з найстарэйшых захаваных і дакладна датаваных помнікаў татарскай пісьменнасці ў Еўропе[10].

Змест і моўныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Змест Лейпцыгскага хамаіла рэзка дзеліцца на дзве часткі, якія адпавядаюць змене почыркаў:

  • Першая частка (арк. 1—9): Утрымлівае спробу перакладу фрагментаў Старога Запавету на польскую мову. Гэты тэкст багаты на арабскія рэлігійныя тэрміны і з’яўляецца ўнікальным прыкладам цікавасці татар да біблейскіх тэкстаў.
  • Другая частка (арк. 10—148): Складаецца пераважна з тэкстаў па магіі, варажбе і акультных практыках. Сюды ўваходзяць інструкцыі па варажбе на літарах Карана (так званы fal quranowy, арк. 46а—65б), а таксама падрабязныя апісанні магічнай сілы і ўласцівасцей пэўных малітваў і амулетаў. Гэтыя тэксты займаюць каля 100 старонак. Даследчыкі адзначаюць, што такі кішэнны фармат і магічны змест былі вельмі запатрабаванымі сярод татарскіх ваяроў, якія насілі падобныя хамаілы з сабой падчас ваенных паходаў у якасці абярэгаў[2].

У адрозненне ад многіх іншых кітабаў, колькасць уласна беларускіх тэкстаў у Лейпцыгскім хамаіле вельмі нязначная, а на многіх старонках яны зусім адсутнічаюць. Асноўнай мовай славянскай часткі з’яўляецца польская. Аднак з-за спецыфікі арабскага алфавіта, які не заўсёды дакладна перадаваў польскую фанетыку, і з-за моцнага ўплыву мясцовага маўлення, першыя даследчыкі (як А. Мухлінскі) часта ідэнтыфікавалі гэтую мову як змешаную беларуска-ўкраінскую або паўднёвабеларускую. Нягледзячы на перавагу польскай мовы, у тэксце фіксуюцца асобныя беларускія фанетычныя рысы, што сведчыць пра паступовы пераход татар да новай моўнай ідэнтычнасці[11].

  • Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. — Вильнюс: ВГУ, 1968. — 418 с.
  • Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст: зборнік навуковых прац / навук. рэд.: І. А. Сынкова, М. У. Тарэлка. — Мінск: Беларуская навука, 2024. — 205 с. — ISBN 978-985-08-3174-3.