Лешна (крыніца)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крыніца Лешна
Катэгорыя МСАП — III (Помнік прыроды)
Размяшчэнне
Найбліжэйшы горад Маладзечна
Плошча 0,2 га
physical
Крыніца Лешна
Крыніца Лешна
physical
Крыніца Лешна
Крыніца Лешна
Катэгорыя на Вікісховішчы

Крыніца Ле́шна — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння[1] ля вёскі Лешна Маладзечанскага раёна. Размяшчаецца ў 5 км на захад ад Маладзечна, 0,5 км на поўдзень ад в. Лешна. Ахоўваемая тэрыторыя знаходзіцца на левым беразе ручая. Плошча помніка складае 0,2 гектара, мяжа — 25 метраў у радыусе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая згадка пра крыніцу сустракаецца ў газеце «Наша ніва» за 1907 год.

У вярсце ад нашага мястэчка цячэ невялікая рэчка праз маёнтак пана Саковіча. Даўно ўжо ў народзе ходзяць слухі, бытцам у той рэчцы калісці з’явіўся цудоўны Пан Езус. З году ў год на каталіцкае сьвята «Сэрца Пана Езуса» каля гэтага цуда збіраюцца тысячы простага народу. Тамака людзі молюцца, мыюцца вадой з тае рэчкі, ды нясуць ў касцёл ахвяры: грошы, шмат яек, лёну, воўны і іншага дабра. Збіраеца тут такім парадкам больш як на тры сотні рублёў. Поп мясцовы пазайздросціў ксянзу добрага дахода і зрабіў у той самы дзень праваслаўнае сьвята. І ён, як дагэтуль ксёндз, угаварвае народ, каб маліўся каля той рэчкі з цудам, але ахвяры прыносілі не ў касцёл, а ў цэркву…[2]. 

У дакладной запісцы ўпаўнаважанага з камітэта па справах рэлігіі па Маладзечанскай вобласці, напісанай у 1958 годзе, адзначалася, што крынічка шануецца тутэйшым насельніцтвам каля 300 гадоў. Людзі сцвярджаюць, што вада з яе мае гаючыя ўласцівасці і дапамагае пры хваробе вачэй, лечыць язвы. Дапамагае і хворай жывёле. Аднойчы людзі ўбачылі ў ёй адлюстраванне іконы Мацеры Божай, і з тых часоў крыніца стала лічыцца святой. Святкаванне каля яе праводзілі на дзесятую пятніцу пасля Вялікадня як праваслаўныя, так і каталікі. Да крынічкі ў Лешне праз Аляксееў перавоз прыходзілі людзі і з правага боку Віліі, вёсак Вілейскага раёна. Першымі паставілі там свой крыж каталікі. Упаўнаважанага вельмі ўразіла, што калі Вялікадні супадалі, то вернікі на дзевятую пасля яго пятніцу мірна ішлі хрэсным ходам разам[3].

Больш за 100 гадоў таму, а дакладней у 1904 ці 1905 годзе, стала яна замінаць царскім уладам. Па іх загадзе адзін вясковец спілаваў ля крынічкі крыж і ў хуткім часе памёр. Гэты выпадак размежаваў вернікаў. Каталікі сталі даводзіць, што крынічка належыць да іх канфесіі. Пасля ўлада змянілася, і ў 1920 годзе над крыніцай пабудавалі капліцу памерам 3х3 метры, зноў паставілі каталіцкі крыж, усталявалі каптаж з бетоннай цамбравінай. Пачалі добраўпарадкаваць і іншыя крынічкі. Усяго ў 1925 годзе ў гэтых месцах іх налічваліся ажно тры дзесяткі. Пасля з крыніц утварылася маленькая рэчка Лешна, левы прыток Нявежы[4].

У 1947 годзе было забаронена рабіць шэсці да крыніцы, але каталікі перад святам Дзесятухі ўсё роўна збіраліся на фэст. Па ўспамінах Міхаіла Іванкевіча, да святой крыніцы ў Лешне на фэст у дзесятніцу некалькі найбольш набожных гарадскіх вернікаў ішлі на каленях ажно з Маладзечна. А сяляне з Лебедзева туды выпраўляліся з харугвамі ад касцёла. Як паведамлялася ў дакладной запісцы таго ж упаўнаважанага, датаванай 1958 годам, на дзесятую пятніцу пасля Вялікадня сабралася на фэст ад 150 да 200 вернікаў. Пасля малебна яны набіралі ваду, кідалі ў крыніцу грошы.

Праз нейкі час кіраўніку калгаса было прадпісана луг каля прыбярэжнай паласы рэчкі ўзараць аж да самай крыніцы і знесці крыж, які быццам бы перашкаджаў апрацоўваць зямлю. Загад мусілі выканаць. Крыж зноў спілавалі і нават растапталі яго гусеніцамі трактара. Каптаж і каплічку знеслі бульдозерам. Адбылося гэта дзесьці ў пачатку 1960–ых гадоў. І зрабілі гэта ноччу, якраз перад самым фэстам.

Толькі пасля таго як Беларусь атрымала незалежнасць, вернікі з Лебедзева, сабраўшы грошы, зноў добраўпарадкавалі яе. Пенсіянеры Станіслаў Валкевіч і Уладзімір Дзюдзель, былыя калгасныя шафёры, зрабілі каптаж, альтанку, паставілі побач каталіцкі крыж. Крынічку ў Лешне асвяціў і праваслаўны святар[3]. Крыніца аб’яўлена адным з сямі цудаў Маладзечаншчыны[5].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Месца добраўладкавана. Вада паступае ў бетонны рэзервуар, з якога выліваецца праз спецыяльны жолаб. Схіл забетанаваны, побач знаходзяцца лаўкі. Для зручнасці і абароны ад непагадзі ўстаноўлены навес. Крыніцу апякуюць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Недалёка ад выхаду вады на паверхню вернікі ўстанавілі крыжы[6].

Зноскі

  1. География Архівавана 11 жніўня 2020. // Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт
  2. ЛЕШНА. КРЫНІЦА ГАЮЧАЙ ВАДЫ Архівавана 27 чэрвеня 2020. // Kraj.by
  3. а б Вада з дзевяці крыніц Архівавана 6 мая 2020. // Рэгіянальная газета
  4. «Раскажы аб сваёй крыніцы» - крыніцы Маладзечанскага раёна // Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Афіцыйны сайт
  5. 7 цудаў Маладзечаншчыны Архівавана 29 чэрвеня 2020. // ДУК Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Богдановіча
  6. Месца сілы — крыніца Лешна // Маладзечанская газета

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]