Леў Навумавіч Клейнбарт

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Леў Максiмавiч Клейнбарт)
Jump to navigation Jump to search
Леў Клейнбарт
Лейб Навумавіч (Максімавіч) Клейнбарт
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 15 (27) кастрычніка 1875
Месца нараджэння
Дата смерці 20 лістапада 1950(1950-11-20) (75 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці крытык, публіцыст
Гады творчасці 1902—1920-я гады
Жанр эсэ, мемуары, нарысы

Леў Навумавіч Клейнбарт (часам Лейб Навумавіч (Нахманавіч, Максімавіч); 15 (27) кастрычніка 1875, Капыль, Мінская вобласць, Расійская імперыя — 20 лістапада 1950, Ленінград, СССР) — рускі і беларускі[1] публіцыст, крытык, журналіст, літаратар. Даследчык асноўных тэндэнцый і кірункаў беларускага літаратурнага руху.[2] Першы біёграф Янкі Купалы і адзін з першых даследчыкаў яго творчасці.[3] Рэдактар часопіса «Темы жизни».

Жыццёвы і творчы шлях[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і ўрача[4]. У 1896 г. скончыў Слуцкую гімназію. Навучаўся ў Пецярбургскім універсітэце спачатку на фізіка-матэматычным факультэце, потым — на юрыдычным факультэце. У 1901 годзе выключаны з універсітэта за ўдзел у студэнцкім і рэвалюцыйным руху. Неаднаразова арыштоўваўся (першы раз у 1899 годзе) і сядзеў у турме.[5]

З 1902 года выступаў у друку з артыкуламі аб народнай асвеце.[3] Друкаваўся ў часопісах «Вестник Европы», «Вестник знания», «Современный мир», «Новая жизнь», «Современник» і інш.[5] Даследаваў падпольныя выданні капыльскай арганізацыі «Самаразвіццё і самаадукацыя», разглядаў раннюю творчасць А. Гурло, Ц. Гартнага, пісаў пра творчасць Ф. Чарнышэвіча, Ф. Шантыра і інш. У кнізе «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры 1905—1928 гг.» вызначыў заканамернасці і спецыфіку развіцця беларускай літаратуры, ахарактарызаваў асноўныя тэндэнцыі і кірункі беларускага літаратурнага руху 1920-х гадоў, даследваў творчасць А. Александровіча, А. Бабарэкі, А. Дудара, Ул. Дубоўкі, К. Чорнага і інш.[6] Пакінуў успаміны аб рэвалюцыйных падзеях у родным Капылі.[4]

Клейнбарт з увагай ставіўся да творчай моладзі. Яму ў свой час накіраваў рукапіс сваёй першай кнігі паэзіі «Радуніца» С. Ясенін. У 1920-я гады кіраваў літаратурнымі студыямі ленінградскага Пралеткульта, займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Вывучаў гісторыю пралетарскай культуры, народную публіцыстыку, гісторыю беларускай літаратуры.

Клейнбарт і Янка Купала[правіць | правіць зыходнік]

З Купалам пазнаёміўся ў Пецярбургу вясною 1910 года праз Ц. Гартнага. Сустракаўся і перапісваўся з Купалам на працягу многіх гадоў.[7]

Аўтар рукапісных успамінаў пра Купалу «Сустрэчы».[8] Зрабіў неацэнны ўнёсак у навуковае вывучэнне біяграфіі Купалы, распачаты перапіскай з паэтам. Ліст Янкі Купалы да Клейнбарта 1910 года стаў першай вядомай аўтабіяграфіяй паэта. Аўтар першага манаграфічнага раздзела пра Купалу ў кнізе «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры 1905—1928 гг.», прадмовы да «Зборніка вершаў» Купалы на рускай мове (1930).[3] Аўтар першай манаграфіі пра Янку Купалу «Янка Купала. Вопыт характарыстыкі літаратурнай і біяграфічнай» (1929—1934).[9]

Адным з першых пры даследаванні творчасці Купалы выкарыстоўваў прынцыпы навуковага сацыялягізму і крытэрыі мастацкасці як метаду ўласна эстэтычнага. Бачыў у асобе Купалы цэнтральную фігуру беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Вызначаў творчы метад Купалы як рамантычны рэалізм, які зусім не ўпускаў з поля зроку рэчаіснасці, быў рамантызмам пазітыўнай школы, сацыяльным і нацыянальным рамантызмам. Лічыў Купалу глыбока народным і арганічна нацыянальным паэтам. У асобе Клейнбарта Купала меў аднаго са сваіх самых значных біёграфаў і даследчыкаў—інтэрпрэтатараў[3].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • «В тюрьме и ссылке» (1906)
  • «О партиях и партийности» (1906)
  • «Русский империализм в Азии» (1906)
  • «Безработица и движение безработных» (1907)
  • «Очерки рабочей интеллигенции» (т. 1—2, 1923—1924)
  • «Очерки народной литературы» (1924)
  • «Русский читатель-рабочий» (1924)
  • «Молодая Белоруссия» (1928)

Зноскі

  1. У гэтыя дні. Радыё Свабода (18 красавіка 2012).
  2. Значныя даты кастрычніку. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (18 красавіка 2012).
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Клейнбарт». — С. 298—299.
  4. 4,0 4,1 Клейнбарт Леў. Капыльская бібліятэка (18 красавіка 2012).
  5. 5,0 5,1 Клейнборт Лев Наумович. Российская еврейская энциклопедия (18 красавіка 2012).
  6. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 3. — Мн., БелСЭ, 1984. — Артыкул «Клейнбарт». — С. 69.
  7. Рукапісная спадчына Янкі Купалы. Каталог у 2-х ч. Нав.рэд. В.Рагойша, кансультанты Ж.Дапкюнас і Я.Раманоўская, укл. А.Бурбоўская. — Мн.,Чатыры чвэрці, 2008. — Ч.1. — С.384—415.
  8. Захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы
  9. Не надрукавана з-за нападкаў на Клейнбарта і Купалу вульгарна-сацыялагічнай крытыкі. Машынапіс манаграфіі захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т.. Т. 3./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1984. — 751 с, 40 л. іл.: Артыкул «Клейнбарт» / Аўтар — У. М. Конан. — С.69.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Клейнбарт» / Аўтары — А. Лойка, І. Саламевіч. — С.298—299.
  • Критико-биографический словарь русских писателей и ученых (от начала русской образованности до наших дней). СПб, 1889—1914.
  • Рукапісная спадчына Янкі Купалы. Каталог, у 2-х частках. Нав.рэд. В.Рагойша, кансультанты Ж.Дапкюнас і Я.Раманоўская, укл. А.Бурбоўская. — Мн.,Чатыры чвэрці, 2008. — Ч.1. — С.384—415.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]