Леў Мікалаевіч Рымінскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Леў Мікалаевіч Рымінскі
Дата нараджэння: 19 мая 1913(1913-05-19)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 3 снежня 1971(1971-12-03) (58 гадоў)
Альма-матар:
Месца працы

Леў Мікалаевіч Рымі́нскі (19 мая 1913, г. Зарасай, цяпер Літва — 3 снежня 1971) — савецкі архітэктар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 19 мая 1913 года ў г. Зарасай у сям’і афіцэра царскай арміі. У сувязі са службай бацькі сям’і даводзілася шмат пераязджаць, а пасля яго смерці злучыцца з сям’ёй сваякоў. Стрыечная сястра Льва, вядомая кінаактрыса Таццяна Акунеўская(руск.) бел., з якой яны выраслі разам, успамінала пра яго так: «…Лёвушка быў самавітым, сарамлівым, марудлівым. Яго трэба было абараняць — пакуль ён паварочваўся, яму разбівалі нос»[1].

У Астахавых, знаёмых па Смаленску, Таццяна і Леў пазнаёміліся з архітэктарам Міхаілам Паруснікавым, які, убачыўшы ў хлопца здольнасць да лепкі і малявання, параіў паступаць у Маскоўскі архітэктурны інстытут, але спачатку пайсці працаваць памочнікам дзясятніка на будоўлю[1].

Вучыўся ў 19331938 гадах у Маскоўскім архітэктурным інстытуце[2]. Па начах разгружаў дровы[1].

Увесну 1938 года, быўшы студэнтам пятага курсу, Леў Мікалаевіч быў рэпрэсаваны за анекдот, расказаны ў інстытуцкай курыльні. Быў асуджаны за антысавецкую агітацыю і адпраўлены на пяць гадоў у лагер на Мядзведжай Гары ў Карэльскай АССР, дзе размяшчалася ўпраўленне Беламорканала. У сярэдзіне Вялікай Айчыннай вайны лагер перавялі ў Пячорлаг у Абезі (Комі АССР). Тут Рымінскі працаваў памочнікам прараба, будаваў дамы начальнікам, лазню, клуб. Таццяна Акунеўская, якая ўзімку 1939 года наведала брата ў Мядзвежагорску, пісала: «У вачах смутак, горкая ўсмешка і сівыя віскі, хоць яму толькі 24 гады!». Пасля заканчэння тэрміну у 1943 годзе яму, на падставе таго, што ідзе вайна, не далі дазволу на выезд з Абезі[1].

З лютага 1943 года працаваў мастаком у Тэатры Пячорскага чыгуначнага будаўніцтва. Адзін з вязняў абезскага лагера Ясны ўспамінаў: «Бракавала палатна, матэрыялу для дэкарацый, фарбаў. Але лагер не мог адняць густ у аднаго з таленавітых выпускнікоў Маскоўскага архітэктурнага інстытута Лёвы Рымінскага. Ён літаральна згаладаўся па творчай працы. Цудоўнае спалучэнне ўмоўнасці, часам гратэску, некалькі рэалістычных мазкоў — і лёгка, вытанчана ствараецца фон, на якім разгортваецца дзеянне». Рымінскі стварыў дэкарацыі да спектакля «Мадэмуазель Нітуш» Эрвэ, пастаўленаму ў 1945 г. Разам з мастаком Васілём Пракошавым ён афармляў канцэртныя праграмы і стаў ініцыятарам адкрыцця выстаўкі мастакоў у Абезі[1].

Улетку 1945 года ў Сыктыўкары адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстаўка, на якой быў прадстаўлены і Л. М. Рымінскі. Сярод выстаўленых прац: «Партрэт маці», «Крыгаход на Усе», «Каля Абезі», «каля станцыі Уса», «Буравая свідравіна», а таксама пяць эскізаў да аперэты «Мадэмуазель Нітуш» і адзін да спектакля «Простая дзяўчына». Эцюд «Буравая свідравіна» быў перададзены ў Мастацкі музей Комі АССР, дзе захоўвацца дагэтуль[1].

Працаваў таксама ў гарадах Пожва Пермскай вобласці, Варкута Комі АССР[2].

У 1946 годзе пры садзейнічанні М. П. Паруснікава вярнуўся ў Маскву. У 1947 годзе па пратэкцыі таго ж Паруснікава, які з’яўляўся ў той час магістральным архітэктарам Мінска, пераведзены ў сталіцу Беларусі[1]. Увесну 1945 года пачалося ўзвядзенне будынка КДБ і тэатра (цяпер вядомы як клуб імя Дзяржынскага; арх. М. П. Паруснікаў і Г. П. Баданаў), але Паруснікаў заявіў тагачаснаму кіраўніцтву, што будынак немагчыма пабудаваць без архітэктара, які б увесь час курыраваў будоўлю, але ён можа прылятаць у Мінск не часцей, чым раз на месяц, і што ў яго такі архітэктар ёсць — адзін з яго найлепшых і ўлюблёных вучняў Леў Рымінскі, а на яго асуджанасць, у выглядзе выключэння, можна не зважаць[1].

Працаваў архітэктарам у Дзіпрагары. У 1947 годзе скончыў БПІ[2], паспяхова абараніўшы ў якасці дыпломнага праект аднаўлення галоўнага корпуса БПІ, які быў прыняты да будаўніцтва. Органамі дзяржбяспекі яму было адмоўлена ў мінскай прапісцы[1]. У 1949 годзе пераведзены ў Магілёў, галоўны архітэктар Магілёўскага філіяла інстытута «Белдзяржпраект»[2].

У 1953 годзе, пасля смерці Сталіна, перавёўся ў Мінск, дзе актыўна займаўся праектнай і навуковай дзейнасцю. Галоўны архітэктар праектаў інстытута «Белдзяржпраект»[1].

14 лістапада 1955 года быў цалкам рэабілітаваны[1].

У 19581961 гадах галоўны архітэктар Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН Беларусі, з 1961 галоўны архітэктар інстытута «Белпрампраект», з 1963 выкладчык БПІ, дацэнт.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны корпус БНТУ (былы БПІ) у Мінску

Асноўныя работы: адміністрацыйны будынак (19391940, у сааўтарстве) і чыгуначны вакзал (19401941) у Мядзвежагорску, галоўны корпус БПІ (19461948), тыпавыя праекты жылых дамоў серый 1-414, 434, 1-433 (усе 19561957), санітарна-кантрольны пункт завода лічыльных машын (19651967), генеральная рэканструкцыя станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава (1963; усе ў сааўтарстве) у Мінску; жылыя 48-і 143-кватэрныя дамы (19511955) і праект рэканструкцыі цэнтра (1963, у сааўтарстве) у Магілёве; карпусы завода «Электрапрылада» ў Брэсце (19611962, у сааўтарстве); гасцініца ў Оршы (19551959); помнік Я. Купалу ў Радашковічах (1959).

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 Чижик И. А., Рачкевич Т. Е. РЫМИНСКИЙ ЛЕВ НИКОЛАЕВИЧ — АРХИТЕКТОР, ХУДОЖНИК И ПЕДАГОГ.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Рымінскі Леў Мікалаевіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Рымінскі Леў Мікалаевіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993.