Лоеўскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лоеўскі замак — колішні замак, які існаваў у XIVXVIII стст. на правым беразе Дняпра ў цэнтры сучаснага г.п. Лоеў (Гомельская вобласць). Пабудаваны на месцы гарадзішча Лоева Гара жалезнага веку і старажытнарускага часу XIXIII стст.

Апісанне ўмацаванняў Лоеўскага замка не захавалася. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам, якія ўпіраліся ў стромкі бераг ракі. Сляды рова глыбінёй да 2 м, які заплыў, прасочваюцца пад сучаснай гарадской забудовай. Замак быў абкружаны горадам, таксама ўмацаваным дугападобным валам. З усходняга боку, дзе вал адсутнічаў, замак засцерагаўся высокім (каля 20 м) берагам Дняпра. Абследавалі ў 1980 годзе М. А. Ткачоў, у 2004—2005 гадах Г. Р. Цімафеенка і А. А. Макушнікаў. У 1956 годзе тэрыторыя замка знівеліравана пры будаўніцтве мясцовага Дома культуры. На ўсходнім і паўднёвым схілах замка выяўлена лянная кераміка мілаградскай культуры, кругавая кераміка XI—XIII стст., у т.л. белагліняная кіеўскага тыпу, абломкі шкляных бранзалетаў, шыферныя прасліцы, абмазка з гліны, косткі свойскай жывёлы. Знаходкі даюць падставу меркаваць, што паселішча Лоева Гара існавала ўжо ў XI—XIII стст.

У пісьмовых крыніцах яно ўпершыню згадваецца ў 1505 годзе, калі татарскія загоны перакопскага хана Менглі-Гірэя пераправіліся цераз Дняпро і дашчэнту спалілі Лоеў. Пад сценамі замка знаходзілася найважнейшая пераправа, г.зв. «Татарскі брод», які адчыняў крымскім татарам шлях у глыб тэрыторыі Беларусі. Дакументы адзначаюць іх разбуральны маршрут у 1536 і 1538 гадах у напрамку на «Лоеву Гору, на Петриковичи и на Слуцко». Пасля аднаго з разбурэнняў Лоева і замка магнат Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега «властным накладом своим замок и место на Лоевой Горе на шляху татарском заложил». Фактычна гэта было аднаўленне горада і замка, якія існавалі раней.

На карце М. Струбіча за 1578 год пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Паводле карт XVII—XVIII стст. умацаванні Лоеўскага замка існавалі да далучэння Усходняй Беларусі да Расійскай імперыі.

У 2001 годзе былі зарэгістраваны герб і сцяг Лоева, на якіх намаляваны белы Лоеўскі замак[1].

Герб Лоева

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]