Лоская друкарня
| Лоская друкарня | |
|---|---|
| Тып | друкарня |
| Заснаванне | 1572 |
| Скасавана | мерк. 1592 |
| Заснавальнікі | Ян Кішка |
| Краіна | |
| Размяшчэнне | |
| Адрас | |
Лоская друкарня — друкарня ў мястэчку Лоск Ашмянскага павета (цяпер вёска ў Валожынскім раёне) у другой палове XVI ст.. Адзін з галоўных цэнтраў арыянскага кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Друкарня заснавана магнатам-арыянінам Я. С. Кішкам[1], крайчым вялікім літоўскім[2], які ў 1572 годзе выкупіў у братоў М. Кавячынскага і Г. Кавячынскага абсталяванне Нясвіжскай друкарні і перавёз у свой замак у Лоску. У друкарні выходзілі кнігі на польскай і лацінскай мовах, вядома каля дваццаці выданняў[1]. Фактычным ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пачатку 1580-х гадоў быў Сымон Будны, які адначасова служыў дворным прапаведнікам у Кішкі[1].
Першым друкаром у Лоску быў Даніэль з Ленчыцы, які ў 1573—1574 гг. надрукаваў[2] адну з найбольш значных кніг[1] — Новы Запавет у перакладзе Сымона Буднага[2] з яго прадмовай і каментарыямі[1].
У 1574 годзе[1] выйшлі трактаты «Пра дзве сутнасці Хрыста» Буднага[2][1], «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей»[1].
Пасля ад’езду Даніэля Ленчыцкага ў Вільню месца друкара ў Яна Кішкі заняў Ян Карцан. Сваю дзейнасць у Лоскай «замкавай друкарні» ён пачаў выданнем у 1576 г. твора Сымона Буднага «Аб артыкулах веры». У тым жа годзе Карцан друкуе працу Цыцэрона «Пра абавязкі» ў перакладзе на польскую мову Станіслава Кашуцкага[2]. Таксама ў друкарні выдаваліся палемічныя творы М. Чаховіца, А. Волана, кнігі рэктара арыянскай школы ў Іўі Я. Л. Намыслоўскага[1]. У 1576 годзе з’явілася кніга Э. Варамунда Фрыза «Пра фурыі, або вар’яцтвы французскія» ў перакладзе С. Буднага, прысвечаная падзеям Варфаламееўскай ночы 1572 года[1]. Усяго ў Лоску з 1576 па 1580 г. Карцан выдаў сем кніг — дзве на лацінскай і пяць на польскай мове[3][2].
Адным з важнейшых выданняў гэтага перыяду стала кніга Андрэя Фрыча Маджэўскага «De Respublika emendanta libri quinque» (Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай) у перакладзе на польскую мову Кіпрыяна Базыліка, надрукаваная ў кастрычніку 1577 годзе[2] з прадмовамі католіка М. Стрыйкоўскага, кальвініста А. Волана, арыяніна С. Буднага[1]. Узорам для перакладчыка стала базэльскае (Іаана Апорына) выданне 1559 года[2]. Пераклад і выданне фінансаваў полацкі ваявода, кальвініст Мікалай Монівід Дарагастайскі (пам. у 1597 г.), член кадыфікацыйнай камісіі, што падрыхтавала рэдакцыю другога Статута Вялікага Княства Літоўскага[2].
Пасля пераезду ў верасні 1580 года Яна Карцана ў Вільню друкарня працавала менш інтэнсіўна. Лоскім выданнем прынята лічыць кнігу «Абарона супраць непраўдзівага абвінавачвання…» (1583), якую падпісаў Аляксей Радзецкі, назваўшы сябе «друкар Яна Кішкі»[4][2]. У 1583 годзе пабачыла свет праца «Пра свецкую ўладу»[1]. Дзве кнігі выйшлі з упамінаннем друкара Фелікса Балямоўскага: «Іп Evangelii secundum lohannem primum caput meditatio. I.V. interprete. Eiusdem Alexandri Scriptum de peccato in Spiritum Sanctum I.V. [Io. Voelkel] interprete. Losk, in typographia Iohannis Kiscae, eiusdem impensis, per Felicem Bolemovium impressum. 28.XI 1.1586.» i «Sententiae ad communem vitae usum propter faciliorem perceptionem in Latinos, Polonicos et Germanikos versus redactae» (1589)[5][2].
Дакладна невядома, да якога часу працавала друкарня ў Лоску — магчыма, да смерці Яна Кішкі ў 1592 годзе[2].
Значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Выданні Лоскай друкарні вызначаліся вострай палемічнай накіраванасцю, якая выходзіла за межы чыста тэалагічных праблем і закранала пытанні дзяржаўнай і сацыяльнай перабудовы грамадства[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Людміла Іванова. Лоская друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Гісторыя беларускай кнігі : у 2 т. Т. 1: Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага / М. В. Нікалаеў ; [навуковыя рэдактары тома: В. В. Антонаў, А. І. Мальдзіс; мастак Г. І. Мацур]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — С. 204-205. — 423 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0481-5.
- ↑ Апушкин А. На заре книгопечатания в Литве. С. 81.
- ↑ Kawecka-Gryczowa A. i in. Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. S. 145.
- ↑ Абодва выданні ёсць у бібліятэцы Уроцлаўскага ўніверсітэта.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Людміла Іванова. Лоская друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław; Kraków, 1959.