Лошыца 2-я
Вёска
Лошыца 2-я
|
Ло́шыца 2-я, Ло́шыца Немарша́нскага — колішняя вёска на правым беразе ракі Лошыца, з 1959 года часткова і ў 1973 годзе цалкам у складзе Мінска.
Назва[правіць | правіць зыходнік]
Назва паходзіць ад назвы ракі Лошыца, ля якой месціцца вёска. Назва ракі паходзіць ад беларускай назвы рыбы лох, лош, лашак (ласось)[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню згадваецца ў XVI стагоддзі. У XVII — XVIII стагоддзях называлася Лошыца Малая, Лошыца Адзінцоўская, Лошыца Скідзераўская[2].
У 1791 годзе вёска, цэнтр маёнтка з 6 вёсак Каралішчавіцкай парафіі, 2 двары, 87 дымоў, 2 карчмы[3]. У 1793 годзе Іосіф Немаршанскі быў прызначаны асэсарам Мінскай казённай палаты, якая кіравала дзяржаўнай маёмасцю і будаўніцтвам новаўтвораных пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай губерняў. Неўзабаве ён выкупіў у Радзівілаў лошыцкі маёнтак[4]. Месцілася пры «вялікай дарозе пінскай» (траса сучаснай вуліцы Лейтэнанта Кіжаватава). У 1800 годзе 15 двароў, 112 жыхароў, драўляная ўніяцкая капліца Пакрова Багародзіцы, мост, грэбля, млын на 2 паставы, цагельны завод. У 1897 годзе Лошыца Немаршанская Сеніцкай воласці, 51 двор, 357 жыхароў, карчма. У маёнтку, які аддзяляўся ад вёскі рэчышчам ракі Лошыцы пражывала 70 чалавек[2].
У пачатку XX стагоддзя роду Немаршанскіх належала вялікая тэрыторыя зямлі на поўдзень ад Мінска, цэнтрам уладанняў была Лошыца Немаршанская. Над ракой месцілася сядзіба з двухпавярховым домам, флігелямі, гаспадарчымі пабудовамі, атачоная вялікім паркам з садам.
У 1917 годзе вёска Лошыца Немаршанскага Сеніцкай воласці Мінскага павета; 54 двары, 317 жыхароў. Побач месціўся аднайменны маёнтак (67 жыхароў) і карчма. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёмасць Немаршанскіх нацыяналізаваная, назва змененая на Лошыца 2-я. На месцы сядзібы арганізаваны плодаагароднінны саўгас «Лошыца». Будынкі сядзібы былі прыстасаваныя пад склады гародніны і фруктаў. У адным з флігеляў была адкрытая крама, у будынках гаспадарчых пабудоў майстэрні. На гаспадарскім двары пабудаваныя драўляныя будынкі і школа[4]. У 1924 годзе ў Сеніцкім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна. У 1929 годзе ў вёсцы пабудаваны цагляны завод (88 працаўнікоў, 1930)[5]. З 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне[5].
У часе Другой сусветнай вайны бальшыня вясковых хат згарэла праз бамбаванні[2]. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары разабралі рэшткі пабудоў на цэглу, іншыя былі знесеныя ў часе будаўніцтва бальніцы хуткай дапамогі[4].
У 1959 годзе ў склад горада Мінска ўвайшла паўночная частка вёскі, якая амаль цалкам захавалася (Першы, Другі і Трэці Трубны завулак)[6]. У 1973 годзе ў склад горада Мінска ўвайшла паўднёвая частка вёскі, якая месцілася праз раку Лошыца, знесена ў 1970-я гады. На месцы паўднёвай часткі месціцца комплекс бальніцы хуткай дапамогі па вуліцы Лейтэнанта Кіжаватава. Апошні вясковы дом па вуліцы Лошыца 2-я знесены ў 2000-х гадах[6].
У 2012 годзе праектуемая станцыя Мінскага метрапалітэна на перасячэнні вуліц Кіжаватава і Асіповіцкай атрымала назву Станцыя метро Немаршанскі Сад.
Рэшткі сядзібы Немаршанскіх (XIX ст.) знесеныя ў жніўні 2015 года[7].
На вуліцы Чарнігаўскай захаваліся колішнія вясковыя могілкі (Чарнігаўскія могілкі)[2].
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 Лошыца 2-я. Беларускі архіў вуснай гісторыі. nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2017. Праверана 7 чэрвеня 2017.
- ↑ Памяць, 1998, с. 599
- ↑ 4,0 4,1 4,2 Евгений Олейник Затаив название (руск.) . mk.by (14 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 31 траўня 2017. Праверана 31 траўня 2017.
- ↑ 5,0 5,1 Минск : энциклопедический справочник, 1983, с. 219
- ↑ 6,0 6,1 Сацукевіч І. І., с. 3
- ↑ Алег Грузьдзіловіч У Менску загінуў яшчэ адзін аб’ект гістарычнай спадчыны — сядзіба Немаршанскіх. svaboda.org (13 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 31 траўня 2017. Праверана 31 траўня 2017.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Лошыца 2-я // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Лошица 2-я // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Лошица Неморшанская (руск.) . minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 31 траўня 2017. Праверана 31 траўня 2017.