Лоўрэнс Колберн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лоўрэнс Колберн
Лоўрэнс Колберн у 2015 годзе.
Лоўрэнс Колберн у 2015 годзе.
Дата нараджэння 6 ліпеня 1949(1949-07-06)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 снежня 2016(2016-12-13)[1] (67 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род войскаў Армія ЗША
Гады службы 19661970
Званне спецыяліст 4-га класа
Часць 23-я пяхотная дывізія
Бітвы/войны Вайна ў В’етнаме
Узнагароды і званні
Салдацкі медаль (ЗША) Bronze Star Medal

Лоўрэнс Мэнлі Колберн (англ.: Lawrence Manley Colburn; 6 ліпеня 194913 снежня 2016) — вайсковец арміі ЗША, удзельнік В’етнамскай вайны. Праславіўся як адзін з выратавальнікаў, разам з Х’ю Томпсанам і Гленам Андрэота, дванаццаці жыхароў сельскай абшчыны Сангмі ад расправы амерыканскіх салдат.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Коўлі-Дам, штат Вашынгтон. Вырас у Маўнт-Вернане. Чатыры гады быў алтарным служкай, наведваў каталіцкую школу Беззаганнага Зачацця.

Кінуўшы сярэднюю школу, у 1966 годзе Колберн уступіў у амерыканскую армію. Яго накіравалі на стажыроўку ў Форт-Люіс, а затым у Форт-Полк. Пазней Колберн служыў у Форт-Шафтэры на Гаваях. У снежні 1967 года баец камандзіраваны ў Паўднёвы В’етнам[2]. Тут Колберн быў прызначаны ў 161-ю штурмавую верталётную роту (пазней рэарганізаваную ў 123-й авіяцыйны батальён) у званні спецыяліста 4-га класа. Ён работаў бортстралком верталёта Hiller OH-23 Raven. З ім у экіпажы былі пілот Х’ю Томпсан і бортінжынер Глен Андрэота.

16 сакавіка 1968 года, пралятаючы ў раёне сельскай абшчыны Сангмі, байцы заўважылі трупы в’етнамскіх мірных грамадзян[3]. Верталёт сеў, а экіпаж паспрабаваў высветліць, што адбываецца ў лейтэнанта Уільяма Кэлі, які кіраваў аперацыяй у гэтым раёне. Ён папрасіў іх не ўмешвацца[4]. Тады верталёт вярнуўся ў неба, але вайскоўцы заўважылі в’етнамцаў, што ўцякалі ад салдат[5]. Машына села паміж мірнымі жыхарамі і амерыканцамі. Андрэота і Колберн узялі на прыцэл вайскоўцаў, не даючы ім наблізіцца да сялян. У гэты час Томпсан выклікаў верталёты для эвакуацыі в’етнамцаў.

Пасля вывазу выратаваных жыхароў Сангмі верталёт вярнуўся на базу. Члены экіпажа паведамілі пра інцыдэнт свайму кіраўніцтву, якое неадкладна адклікала падраздзяленне Кэлі з аперацыі.

Амерыканскім камандзірам спачатку ўдалося схаваць гэтую разню. Аднак усе ж інфармацыя аб здарэнні пратачылася ў СМІ, а ўлады пачалі расследаванне падзей. 20 снежня 1969 года свае паказанні следству даў і Колберн[6].

У 1970 годзе ён сыходзіць з арміі. На грамадзянцы былы вайсковец адкрыў дзве канторы: адну па рамонце лыж у Арэгоне, другую па продажу артапедычнага рэабілітацыйнага абсталявання ў Атланце.

Колберн памёр 13 снежня 2016 года ад раку ва ўзросце 67[7][8][9][10].

Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

За свае дзеянні ў Сангмі а Колберн атрымаў Бронзавую зорку[11].

У 1998 годзе, праз трыццаць гадоў пасля падзей у Сангмі, усе тры члены экіпажа яго верталёта былі ўзнагароджаны Салдацкімі медалямі — вышэйшай узнагародай арміі ЗША за дзеянні ў небоевой абстаноўцы. Бортінжынер Андрэота — пасмяротна, так як той загінуў у В’етнаме 8 красавіка 1968 года[12]. Таксама Томпсан і Колберн у другі раз наведалі В’етнам, дзе сустрэліся з некалькімі выратаванымі імі в’етнамцамі[13], у тым ліку з жанчынамі Тхі Нхунг і Фам Тхі Нхань[14].

4 ліпеня 1999 года Колберн і Томпсан былі ўдастоены прэміі Абацтва міру «за мужнасць сумлення»[15].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Да службы ў арміі жыў са сваім бацькам (ветэранам-падрадчыкам Другой сусветнай вайны), маці і трыма сёстрамі. Пасля вайны Колберн ажаніўся. У яго нарадзіўся сын Конэр.

Зноскі

  1. а б в г http://nyti.ms/2hQEKhu Праверана 18 снежня 2016.
  2. The Forgotten Hero of My Lai: The Hugh Thompson Story, page 35, Angers, 1999
  3. The Forgotten Hero of My Lai: The Hugh Thompson Story, page 117, Angers, 1999
  4. The Forgotten Hero of My Lai: The Hugh Thompson Story, pp 119–120, Angers, 1999
  5. The Forgotten Hero of My Lai: The Hugh Thompson Story, page 124, 9
  6. The Peers Commission Report. Volume II, Book 5. Testimony.
  7. Lawrence Colburn dies at 67; helped end Vietnam's My Lai massacre, Los Angeles Times, December 16, 2016.
  8. Lawrence Colburn, soldier honored for intervening in My Lai massacre, dies at 67, The Washington Post, December 16, 2016.
  9. Larry Colburn, Who Helped Stop My Lai Massacre, Dies at 67, The New York Times, December 16, 2016
  10. Lawrence Manley Colburn Memorial Page. Праверана December 31, 2016.
  11. Jones, Howard (2017). My Lai: Vietnam, 1968, and the Descent into Darkness. New York: Oxford University Press. Kindle location 4737. ISBN 0-19-539360-0.
  12. Microchip Names (A). NASA — Jet Propulsion Laboratory — California Institute of Technology. Last updated July 16, 2001, retrieved February 24, 2011
  13. Additional Statements" (PDF), The Congressional Record (Senate), 1998
  14. The Forgotten Hero of My Lai: The Hugh Thompson Story, page 77, Angers, 1999
  15. The Peace Abbey Courage of Conscience Recipients List Архівавана 7 лютага 2009 года.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Larry Colburn: Why My Lai, Hugh Thompson Matter, Interview on HistoryNet.com., February 7, 2011. Among other things, Colburn clarified that he created the Hugh Thompson Foundation because «something needed to be in place so that when I’m gone, what Hugh did at My Lai won’t just fade into obscurity.»