Луандыйскі працэс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Луандыйскі працэс (1976 г.) — суд над 13 заходнімі наймітамі, якія падчас вайны ў Анголе змагаліся на баку апазіцыйнай групоўкі ФНЛА. Працэс выклікаў вялікі рэзананс, прывёў да прыняцця шэрагу міжнародных канвенцый на тэму наёмніцтва і змене нацыянальных законаў многіх краін.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1975 годзе ў Анголе, якая толькі што атрымала незалежнасць ад Партугаліі пасля шматгадовай вайны, успыхнула барацьба за ўладу паміж прасавецкай групоўкай МПЛА (утрымлівала сталічную Луанду і фактычна сфарміравала ўрад маладой дзяржавы) і некалькімі іншымі палітычнымі арганізацыямі рознай накіраванасці. Ва ўнутраны канфлікт прама ці ўскосна ўмяшаліся розныя краіны, пачынаючы з СССР і ЗША, заканчваючы ПАР і Кубай.

Калі Савецкі Саюз накіраваў у зону баявых дзеянняў ваенных саветнікаў і матэрыяльную дапамогу, то Злучаныя Штаты вырашылі скарыстацца наймітамі. Чакалася, што «салдаты ўдачы» змогуць пераламаць ход вайны, як гэта было ў Конга[1]. Дзяржсакратар Генры Кісінджэр даверна паведамляў сваім еўрапейскім калегам: «200 наймітаў маглі ўтрымаць усё Бельгійскае Конга. У чэрвені 1976 года ЦРУ сказала нам, што 200 наймітаў змогуць заваяваць для нас усю Анголу». Амерыканцамі быў сабраны атрад з 250 французскіх, партугальскіх і брытанскіх спецыялістаў[2].

Аднак частка паехала не пад патранажам уладаў. Іх вярбоўка праходзіла праз часопіс «Салдат поспеху», дзе байцы альбо самі размяшчалі аб’яву аб жаданні паехаць куды-небудзь, альбо падшуквалі сабе работу з рэкламы вярбоўнікаў

Падсудныя[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 1976 года войскам марксісцкай МПЛА і кубінцам удалося захапіць у палон 13 заходніх наймітаў, якія ваявалі за ФНЛА. Сярод палоннікаў[3]:

  • Вялікабрытанія Костас Георгіу, ён жа «палкоўнік Калан», ураджэнец Кіпра з брытанскім грамадзянствам, былы дэсантнік брытанскай арміі. Завербаваўся ў Лондане ў лістападзе 1975 года. Кіраўнік ФНЛА прызначыў яго камандзірам групы наймітаў, якая атрымала вядомасць як «Каманда забойцаў».
  • Вялікабрытанія Эндру Макензі, былы брытанскі дэсантнік. Быў правай рукой «палкоўніка Калана».
  • Вялікабрытанія Джон Баркер, былы брытанскі дэсантнік. Займаўся ў асноўным баявой падрыхтоўкай наймітаў і планаваннем аперацый.
  • Вялікабрытанія Майкл Уайсман, былы вайсковец брытанскіх сухапутных войскаў.
  • Вялікабрытанія Кевін Маршан, былы вайсковец брытанскіх сухапутных войскаў
  • Вялікабрытанія Джон Лоўлар, былы брытанскі марскі стралок.
  • Вялікабрытанія Колін Эванс, былы вайсковец брытанскіх сухапутных войскаў.
  • Вялікабрытанія Сесіл Форчун, былы вайсковец брытанскіх парашутна-дэсантных войскаў.
  • Вялікабрытанія Малькальм Макінтайр, брытанскі ваенны фельчар.
  • Злучаныя Штаты Амерыкі Дэніэл Герхарт, былы вайсковец амерыканскіх сухапутных войскаў. Меў баявы вопыт вайны ў В’етнаме.
  • Злучаныя Штаты Амерыкі Густава Грыльа, былы ўзводны сяржант амерыканскай марской пяхоты.
  • Злучаныя Штаты Амерыкі Гэры Акер, былы вайсковец амерыканскай марской пяхоты.
  • Ірландыя Джон Намак, рэзервіст ірландскай арміі.

Суд[правіць | правіць зыходнік]

Адкрытыя судовыя слуханні праходзілі з 11 па 19 чэрвеня 1976 года. Судзіў наймітаў Народны рэвалюцыйны суд, у юрысдыкцыю якога ўваходзілі злачынствы супраць суверэнітэту краіны, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці. Старшыняваў на працэсе суддзя-генпракурор Эрнеста Тэйшэйра да Сільва. Замежнікаў абаранялі як мясцовыя прызначаныя судом юрысты, так і амерыканскія і брытанскія адвакаты. Усе падсудныя абвінавачваліся ў найміцтве, а некаторыя яшчэ і ў канкрэтных злачынствах, такіх як забойствы. На працэсе былі шматлікія (больш за 100) журналісты і назіральнікі з розных краін. Быў забяспечаны сінхронны пераклад на некалькі моў.

Абвінаваўчае заключэнне складаецца з 140 пранумараваных параграфаў і займае каля 20 старонак.

Усім былі прад’яўлены абвінавачванні па двух складах. Па-першае, злачынства наёмніцтва, вызначанае рознымі рэзалюцыямі Арганізацыі афрыканскага адзінства і ААН. Па-другое, злачынствы супраць міру, вызначаныя Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу і наступнымі рэзалюцыямі ААН. Далей у абвінаваўчым заключэнні пералічваюцца праз коску шматлікія іншыя дзеянні, такія як вядзенне ваенных дзеянняў супраць нацыянальнай арміі, забойствы мірных жыхароў і іншых наймітаў, разбурэнне мастоў і дарог. Абвінаваўца запатрабаваў смяротнага пакарання для ўсіх падсудных.

У якасці доказаў злачынстваў былі прад’яўлены прызнанні наймітаў, паказанні 21 сведкі і экспертныя заключэнні (медыцынскія і інш.). Абвінавачаныя і некаторыя з сведак дапытваліся ў зале суда.

28 чэрвеня абвешчаны прысуд. Ён куды карацей абвінаваўчага зняволення і складаецца з 81 абзаца (менш за 10 старонак). Суд адмовіўся лічыць наймітаў ваеннапалоннымі, паколькі яны не з’яўляюцца службоўцамі рэгулярнай арміі. Костас Георгіу, Эндру Макензі, Джон Баркер і Дэніэл Герхарт былі прысуджаны да расстрэлу. Астатнія дзевяць падсудных атрымалі працяглыя турэмныя тэрміны: трое па 30 гадоў, трое па 16 гадоў, трое па 24 гады (у 80-х гадах цягам перамоў і абменаў іх вызвалілі[4][5]).

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Рэакцыя міжнародных назіральнікаў на вынікі была неадназначнай. Луандыйскі працэс меў пераважна палітычны, а не прававы характар. Яго галоўнай мэтай было прадэманстраваць вастрыню праблемы наёмніцтва ў Анголе і ў Афрыцы ў цэлым. Судовы акт перапоўнены пафаснымі палітычнымі заявамі. Некаторым укладам працэсу ў развіццё права можна лічыць спробу вызначэння крымінальнага складу «найміцтва».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Brogan, Patrick (1989), The Fighting Never Stopped, New York: Vintage Books, p. 6
  2. Анна Полонская. Псы войны: как ЦРУ использовало наёмников для своих "грязных операций" // Life : сетевое издание. — 19 января 2017.
  3. Hoover, Mike J. (1977). "The Laws of War and the Angolan Trial of Mercenaries: Death to the Dogs of War". Case Western Reserve Journal of International Law. 9 (2).
  4. 3 HELD BY ANGOLA RETURN TO U.S.. Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2021. Праверана 15 красавіка 2018.
  5. ANGOLA. BRITISH MERCENARIES RELEASED AFTER 8 YEARS. Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2017. Праверана 16 красавіка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]