Людвік Сабалеўскі
| Людвік Сабалеўскі | |
|---|---|
| | |
| Дата нараджэння | 8 верасня 1791 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 10 ліпеня 1830 (38 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Род дзейнасці | бібліятэкар |
Людвік Сабалеўскі (польск.: Ludwik Sobolewski; 8 верасня 1791, Вільня — 10 ліпеня 1830, Вільня) — польскі філолаг, бібліёграф.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Вільні. Вучыўся на філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Т. Гродэка. Атрымаўшы ў 1811 годзе ступень магістра, працаваў настаўнікам гімназій у Коўне i Беластоку. У 1817 годзе накіраваны Віленскім універсітэтам за мяжу на 2 гады для ўдасканалення ведаў. Практыкаваўся галоўным чынам у Парыжы. Адначасова займаўся бібліяграфіяй i апрацаваў «Каталог твораў па гісторыі польскай літаратуры» Ф. Бянткоўскага (т. 1—2, 1819). У 1819—21 гадах выкладаў лацінскую мову ў Віленскім універсітэце.
Для запланаванага выдання «Універсальная польская літаратура» збіраў матэрыялы па бібліяграфіі ў 1819 годзе у бібліятэцы А. Храптовіча ў Шчорсах, у бібліятэцы А. К. Чартарыйскага ў Пулавах, потым у Кракаве, у 1821—23 гады ў бібліятэках Вены. Вынікам гэтых пошукаў з’явіўся 5-томны збор бібліяграфічных рукапісаў. Апублікаваў «Гістарычна-крытычныя звесткі да твораў польскай літаратуры…» (т. 1—3, 1820—21). Сабраў таксама матэрыялы для дадаткаў да працы Бянткоўскага i «Слоўніка польскіх паэтаў» М. Юшчынскага (1820). У 1825 годзе ў складзе камітэта вывучаў стан бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта, a ў маі 1826 года быў прызначаны прэфектам гэтай бібліятэкі.
Людвік Сабалеўскі быў дасканалым майстрам філалогіі: у сваіх бібліяграфічных працах даваў поўныя звесткі, анатацыі i ўсебаковыя крытычныя ацэнкі публікацый, якія ён разглядаў. Матэрыялы пасля яго смерці купіў i апрацаваў Ю. Завадскі, які пазней перадаў ix А. Іёхеру; імі карыстаўся i К. Эстрайхер.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сабалеўскі Людвік // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыклапедычны даведнік / Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сабалеўскі Людвік на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»