Люксембургская зона акупацыі Германіі
Асобыя сектары французскай акупацыйнай зоны | |||
Люксембургская зона акупацыі Германіі | |||
---|---|---|---|
|
|||
Дэвіз: ««Цяпер наша чарга быць акупантамі!» ням. «Jetzt sind wir als Besatzer an der Reihe!»[1]» |
|||
1945 — 1955
|
|||
Сталіца | Бітбург |
Люксембургская зона акупацыі Германіі — два сектары на захадзе Германіі ў складзе французскай зоны акупацыі пасля Другой сусветнай вайны, якія знаходзіліся пад кантролем люксембургскай арміі з лістапада 1945 года па ліпень 1955 года. Нягледзячы на свае сціплыя памеры і насельніцтва, Люксембург прыняў удзел у акупацыі Германіі, што мела для краіны важнае палітычнае значэнне, вызначаючы яе становішча ў пасляваеннай Еўропе і дазваляючы заявіць пра свае прэтэнзіі на рэпарацыі і, патэнцыйна, анексію прыгранічных тэрыторый.
Акупацыйныя сілы, сфармаваныя з 1-га і 2-га пяхотных батальёнаў, прыбылі ў Германію ў лістападзе 1945 года. Яны знаходзіліся пад тактычным камандаваннем французскай бранятанкавай дывізіі, размешчанай у Трыры. Колькасць акупацыйных войск у 1950-х гадах дасягала 1100 чалавек. Нягледзячы на фармальны кантроль над вылучанымі сектарамі, люксембургская адміністрацыя мела абмежаваныя паўнамоцтвы ў грамадзянскім кіраванні, якое заставалася ў падпарадкаванні французскіх ваенных уладаў. Гэта становішча прывяло да таго, што роля люксембургскіх акупантаў успрымалася як другарадная, выклікаючы незадаволенасць як з боку нямецкага насельніцтва, так і сярод саміх люксембуржцаў. Аднак акупацыя адыграла значную ролю ў фарміраванні пасляваеннай знешняй палітыкі Люксембурга, а таксама аказала істотны ўплыў на сацыяльныя і культурныя працэсы ў акупаваных раёнах.
Узаемадзеянне паміж акупацыйнымі сіламі і мясцовым насельніцтвам было неадназначным: адзначаліся як выпадкі жорсткіх праяў улады з боку люксембургскіх патрулёў, так і праявы нефармальных кантактаў, напрыклад, на «чорным рынку» і ў сферы бытавога абслугоўвання. Дэманстратыўнае ўзняцце люксембургскага сцяга, рэгулярныя парады, а таксама рэквізіцыя жылля ў нямецкага насельніцтва сталі сімваламі акупацыйнага рэжыму, выклікаючы незадаволенасць і пратэсты з боку мясцовых. Разам з тым, акупанты і акупаваныя былі аб’яднаны агульнай мовай, каталіцкай верай і рэгіянальнымі традыцыямі.
Акупацыя Люксембургам нямецкіх тэрыторый завяршылася ў 1955 годзе і застаецца малавядомым эпізодам у гісторыі пасляваеннай Еўропы.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове XX стагоддзя Люксембург быў двойчы акупаваны Германіяй: у ходзе Першай сусветнай (1914—1918) і падчас Другой сусветнай (1940—1944) войн[2]. У перыяд другой акупацыі ў Вялікабрытаніі знаходзіўся ўрад у выгнанні, які адмовіўся ад сваёй шматгадовай палітыкі нейтралітэту і стаў падтрымліваць ваенныя намаганні антыгітлераўскай кааліцыі[3]. Краіна была вызвалена саюзнікамі да канца 1944 года. Пасля капітуляцыі Германіі ў 1945 годзе яе тэрыторыя была падзелена на зоны акупацыі паміж саюзнымі дзяржавамі[2]. Нягледзячы на свае сціплыя памеры — па плошчы ў сто разоў менш за Вялікабрытанію і з насельніцтвам усяго 291 000 чалавек у 1947 годзе — Люксембург, тым не менш, стаў адной з дзяржаў-акупантаў[2].
Спецыяльна для ўдзел у акупацыі, у ліпені 1945 года былі сфармаваныя 1-ы і 2-і пяхотныя батальёны. Агульная колькасць арміі дзяржавы на той момант складала каля 2150 чалавек і ўключала два пяхотных батальёна і роту Вялікагерцагскай гвардыі, створаную яшчэ ў сакавіку 1945 года[4]. 20 кастрычніка 1945 года ў Бадэн-Бадэне было падпісана пагадненне паміж прадстаўнікамі краіны і Галоўнага камандавання французскіх войскаў у Германіі, згодна з якім люксембургскай арміі прадстаўляліся два сектары ў французскай зоне акупацыі[5].
У лістападзе 1945 года[4] 2-і пяхотны батальён размясціўся ў заходняй частцы раёна Бітбург, а 1-ы пяхотны батальён заняў заходнюю частку раёна Саарбург і анклаў Кастэль-Штадт, пры гэтым сам горад Саарбург не ўваходзіў у склад люксембургскіх сектараў. Бітбург да ліпеня 1955 года з’яўляўся штабам люксембургскіх акупацыйных войск у Германіі, аж да адмены саюзніцкага акупацыйнага статусу[5].
У адрозненне ад іншых краін, якія ўдзельнічалі ў акупацыі, такіх як Бельгія і Польшча, чые войскі знаходзіліся на тэрыторыі Германіі ўжо ў канцы вайны, люксембургскія ўзброеныя сілы прыбылі ў якасці акупацыйных сіл з затрымкай. Гэта было звязана з павольным фарміраваннем пасляваеннай арміі, спецыяльна прызначанай для выканання акупацыйных задач, якое завяршылася толькі восенню 1945 года[5].
Палітычнае значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Удзел Люксембурга ў акупацыі Германіі мела для краіны важнае палітычнае значэнне, вызначаючы яе становішча ў пасляваеннай Еўропе. Перш за ўсё, удзел у акупацыі разам з іншымі саюзнымі дзяржавамі служыў нагляднай дэманстрацыяй прыхільнасці антыгітлераўскай кааліцыі і імкнення да інтэграцыі ў будучы заходні блок. Гэта было важным крокам для замацавання статусу незалежнай дзяржавы і забеспячэння прыняцця ў новыя еўрапейскія і трансатлантычныя альянсы[2].
Кантроль над уласнай зонай акупацыі падаваў дыпламатам адчувальную палітычную вагу. Гэтая тэрыторыя разглядалася як каштоўны рэсурс для перамоў як з саюзнымі дзяржавамі так і з будучай германскай дзяржавай. У якасці акупанта Люксембург меў пастаяннае прадстаўніцтва ў саюзным кантрольным савеце ў Берліне, што давала краіне магчымасць удзельнічаць у дыскусіях пра будучыню суседа[2].
Акрамя таго, размяшчэнне войск на нямецкай зямлі ўспрымалася люксембургскімі ўладамі як прамы спосаб ціску на былога праціўніка. Акупацыя задумвалася як інструмент, здольны прымусіць немцаў выплаціць рэпарацыі за шкоду і пакуты, прычыненыя вайной і нямецкай акупацыяй. Акрамя таго, яна таксама разглядалася як патэнцыйны інструмент для рэалізацыі анексійных планаў у дачыненні да прыгранічных тэрыторый, накіраваных на атрыманне тэрытарыяльных выгод пасля Другой сусветнай вайны, хоць гэтыя планы ў канчатковым выніку не былі рэалізаваны[2].
Адміністрацыйны статус
[правіць | правіць зыходнік]
Палітычныя магчымасці для дзеянняў малых акупацыйных дзяржаў былі моцна абмежаванымі[3]. Фармальна абедзве акругі знаходзіліся пад кантролем люксембургскай арміі, і люксембургскія войскі з’яўляліся адзінай ваеннай сілай у сваёй зоне акупацыі[2]. У той жа час, люксембургскія акупацыйныя сілы знаходзіліся пад тактычным камандаваннем французскай бранятанкавай дывізіі, дыслакаванай у Трыры, што меркавала іх пастаянную гатоўнасць да ўдзелу ў французскіх манеўрах і паліцэйскіх аперацыях[1].
У сферы грамадзянскай адміністрацыі залежнасць ад французаў была яшчэ большай. Нягледзячы на тое, што люксембургскія афіцыйныя асобы і замежныя назіральнікі часта называлі гэтыя тэрыторыі «люксембургскай зонай акупацыі», французская пазіцыя па гэтым пытанні была іншай. У ноце Саюзнаму кантрольнаму савету ў Берліне генерал П’ер Кёніг падкрэсліў, што Люксембург не акупуе ні паўнавартасную зону, ні падзону, а толькі два сімвалічныя сектары ўнутры французскай зоны[2]. Гісторык Эміль Крые класіфікуе іх прысутнасць як «субакупанты» ў французскай акупацыйнай зоне[6].
Генерал П’ер Кёніг не дапускаў прадстаўнікоў краіны да кіравання грамадзянскімі справамі ў сектарах, пакідаючы гэта ў падпарадкаванні французскага ваеннага ўрада. Такім чынам, разам з люксембургскімі салдатамі ў сектарах патрулявалі французскія жандары, якія ўмешваліся ў ход акупацыі. Падобная сітуацыя падпарадкаванага становішча не была выключна люксембургскай асаблівасцю. Напрыклад, бельгійцам, канадцам і палякам таксама было адмоўлена ў стварэнні ўласнай ваеннай адміністрацыі[1]. Для вырашэння любых пытанняў, уключаючы арышт былых нацыстаў, стварэнне новай інфраструктуры і нязначныя закупкі матэрыялаў, неабходна было папярэдне ўзгадняць з французамі. Уся перапіска з нямецкімі мясцовымі ўладамі павінна была праходзіць праз французскія ведамствы[7]. Адносіны паміж люксембуржцамі і французамі мелі праблемы і канфлікты. Так, французы, напрыклад, абвінавачвалі люксембуржцаў у незаконных рэквізіцыях і незахаванні французскіх прэрагатыў[6], у той час як люксембуржцы, у сваю чаргу, абвінавачвалі саюзнікаў у «папушчальніцтве немцам»[8].
Як адзначыў люксембургскі афіцэр у 1946 годзе, іх роля зводзілася да ролі «акупантаў другога ці трэцяга гатунку». Гэтая акалічнасць не схавалася ад увагі мясцовага нямецкага насельніцтва, якое хутка ўсвядоміла другарадную ролю люксембургскіх акупантаў. З-за недахопу легітымнасці і абмежаванасці паўнамоцтваў, люксембургскія войскі на пачатковым этапе звярталіся да жорсткіх мер, у тым ліку былі задзейнічаны калектыўныя пакаранні[2].
Акупацыйныя сілы
[правіць | правіць зыходнік]Прысутнасць
[правіць | правіць зыходнік]У сваіх «Дырэктывах люксембургскай палітыкі ў Германіі» люксембургскае вайсковае кіраўніцтва абагульніла задачу і місію сваіх акупацыйных войск і сярод іншага зафіксавала ў якасці ўказанні: «Выкарыстоўваць усе сродкі для знішчэння нацыянал-сацыялістычнай дактрыны і, такім чынам, адхіліць ад удзелу ў дзяржаўных справах любога члена партыі ці любога сімпатызанта. Абапірацца з асцярожнасцю і з пастаянным імкненнем да празорлівасці на рэлігійныя партыі, асабліва каталіцкія, якія, як правіла, пераследваліся нацыстамі. Але не забываць формулу: нацызм — гэта эпізод, вораг — прусак». Салдаты павінны былі кіравацца гэтымі дырэктывамі ў сваёй паўсядзённай дзейнасці[6].
У абавязкі войск уваходзіла забеспячэнне бяспекі і падтрыманне грамадскага парадку, а таксама ўдзел у мерапрыемствах па дэнацыфікацыі, накіраваных на выяўленне і нейтралізацыю нацысцкіх элементаў і люксембургскіх калабарацыяністаў. Разам з гэтым, батальёны, дыслакаваныя ў зоне акупацыі, выконвалі задачы па ўдасканаленні пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, атрыманай навабранцамі ў Вялікім герцагстве[9]. Акрамя таго, важнай задачай люксембургскай акупацыйнай арміі было вяртанне ў Люксембург рэшткаў Іаана Сляпога, графа Люксембурга і караля Багеміі, які загінуў у бітве пры Крэсі ў 1346 годзе. Нягледзячы на некаторыя асцярогі французаў, у 1946 годзе, у гадавіну бітвы, астанкі былі перавезены ў Люксембург[10].
Паводле даных на 1 красавіка 1948 года, у Бітбургу дыслакавалася 670 афіцэраў і салдат, а ў пачатку 1950-х гадоў іх колькасць павялічылася да 1100 пры 5127 мясцовага насельніцтва (студзень 1952 года). Суадносіны замежнікаў і тубыльцаў у Люксембургскім паўночным сектары ў 1945 годзе складалі прыблізна 20 вайскоўцаў на 1000 жыхароў, што перавышала аналагічныя паказчыкі ў французскай (18 на 1000), брытанскай (10 на 1000) і амерыканскай (3 на 1000) зонах акупацыі[11].
Нягледзячы на знешнюю аднастайнасць ваеннай формы, люксембургская пасляваенная армія адрознівалася разнастайным складам. Большасць афіцэраў і салдат уступілі ў шэрагі Узброеных Сіл былі прыкладна аднаго ўзросту, аднак іх папярэдні ваенны вопыт быў істотна розны. Значная частка вайскоўцаў мела вопыт удзелу ў Другой сусветнай вайне, але ў розных і, часам, у процілеглых ваенных фарміраваннях. У складзе арміі былі як былыя ўдзельнікі супраціву, так і былыя прызыўнікі вермахта, выжылыя вязні канцлагераў, добраахвотнікі з саюзных армій, легіянеры французскага Замежнага легіёна, а таксама маладыя курсанты. Гэта разнастайнасць стварала складаную сацыяльную дынаміку ўнутры арміі. Нягледзячы на адрозненні ў мінулым вопыце, большасць вайскоўцаў аб’ядноўвалі перажытыя асабістыя пакуты і несправядлівасць падчас вайны, а таксама адчуванне сябе і сваіх сем’яў ахвярамі нацысцкага рэжыму. Гэта стварала аснову для фарміравання агульнага пачуцця крыўды і імкнення да адплаты ў адносінах да Германіі. Гіём Альбрэхт, капітан 1-га пяхотнага батальёна, лічыў, што яго армія толькі і чакае, каб «задушыць прусакоў»[12].
Нямецкі персанал
[правіць | правіць зыходнік]У казармах і ваенных установах працавалі нямецкія кухары, прыбіральшчыкі, электрыкі, рознарабочыя, аўтамеханікі, а на пачатковым этапе таксама ваеннапалонныя. Працоўныя адносіны і падобны ваенны вопыт (значная частка люксембуржцаў была прызваная ў вермахт) спрыялі ўсталяванню кантактаў паміж мясцовым персаналам і замежным камандаваннем. У справаздачах французскай жандармерыі аб інцыдэнтах у бітбургскіх карчмах, акрамя люксембургскіх салдат, згадваліся іх спадарожнікі, у тым ліку нямецкія механікі[13].
Частка мясцовага насельніцтва негатыўна ставілася да нямецкага грамадзянскага персаналу з-за іх блізкасці да акупантаў. У ліпені 1947 года чыноўнік мэрыі Бітбурга перасцярог нямецкіх рабочых, занятых на работах у казармах, заявіўшы, што іх імёны фіксуюцца і пасля сыходу люксембуржцаў іх становішча пагоршыцца. Люксембургскі гарадскі камендант выступіў з заявай, расцаніўшы дзеянні нямецкага бургамістра як нападкі на акупацыйныя ўлады. Люксембургскія акупацыйныя ўлады аказвалі падтрымку нямецкім ваеннапалонным, якія працавалі ў казармах у першыя пасляваенныя гады. Вядомы выпадак, калі унтэр-афіцэр Марсэль Г., які раней служыў у нямецкай арміі і знаходзіўся ў брытанскім палоне, пазычыў свой матацыкл ваеннапалоннаму, аднак ён не стаў яго вяртаць. Іншы палоннік, Эрых Глуф, пасля вызвалення ў 1947 годзе выказаў падзяку люксембургскім афіцэрам за зварот і давер падчас яго знаходжання ў Бітбургу[13].
Кожнай сям’і афіцэра і унтэр-афіцэра бясплатна прадастаўлялася нямецкая пакаёўка. У той час як некаторыя акупанты захоўвалі дыстанцыю са сваімі службоўцамі, іншыя, як унтэр-афіцэр Юбер С., не бачылі неабходнасці ў гэтым персанале, трэція ўсталёўвалі цесныя адносіны з пакаёўкамі. Так, афіцэр Ёзэф В. пасля заканчэння акупацыі падтрымліваў сувязь з Эрнай Н., якая тры гады даглядала яго дачку. Іншыя акупанты, напрыклад, унтэр-афіцэр Марсэль Г., пасля 1955 года працягвалі падтрымліваць кантакты са сваімі былымі нямецкімі суседзямі[14].
Кіраванне і ўзаемадзеянне
[правіць | правіць зыходнік]Ваенныя патрулі і інцыдэнты
[правіць | правіць зыходнік]У канцы лістапада 1945 года, пасля прыбыцця замежных войск, у Бітбургу былі ўсталяваныя кантрольна-прапускныя пункты на некалькіх вуліцах, дзе праводзіліся ператрусы і праверкі дакументаў у мясцовага насельніцтва. Для грамадзянскіх асоб быў уведзены каменданцкі час. За яго парушэнне люксембургскі бок прымяняў строгія меры. Падчас начных патрулёў вайскоўцам быў аддадзены загад аб арышце ўсіх сустрэтых мужчын і фіксацыі даных іх спадарожніц. У выпадку спробы ўцёкаў або супраціву дапушчалася страляць на паразу. Вядомы выпадкі, калі ў сакавіку 1946 года люксембургскія ваенныя патрулі паранілі некалькі грамадзянскіх асоб. Падобныя інцыдэнты ў пачатковы перыяд акупацыі былі звязаны як з недастатковым вопытам байцоў, так і з асцярогамі адносна дзейнасці нацысцкага падполля. Нягледзячы на адсутнасць зафіксаваных выпадкаў дыверсій з боку нямецкага насельніцтва ў акрузе, асцярогі, звязаныя з магчымай дзейнасцю «Вервольфа», захоўваліся. У абстаноўцы недаверу рэакцыя люксембургскіх салдат на нязначныя здарэнні магла быць непрапарцыйна жорсткай[15].
Паводле сведчанняў гандляра Петэра М., у сакавіку 1946 года ён і яго калега былі затрыманыя ў нецвярозым стане падчас дарожнага кантролю. Пры дастаўленні ў казарму затрыманых збівалі, а таксама прымушалі бегчы, нягледзячы на скаргі Петэра М. на праблемы з сэрцам. У казарме іх змясцілі ў адзінкавыя камеры без мэблі на 20 гадзін, пасля чаго прымушалі прыбіраць тэрыторыю, працягваючы ўжываць фізічны гвалт. Таксама паведамлялася пра выпадкі прыніжэння, уключаючы прымус да ўжывання харчовых адходаў і выканання нацысцкіх песень[16].
Медыцынскае абследаванне выявіла ў Петэра М. страсенне мозгу і гематомы і прызнала гандляра непрацаздольным. Нягледзячы на запыты французскага боку, інфармацыя аб пакаранні вінаватых вайскоўцаў адсутнічае. У падобных сітуацыях страх страты кантролю над грамадскім парадкам у спалучэнні з асабістымі антынямецкімі настроямі маглі прыводзіць да агрэсіўных дзеянняў з боку акупацыйных войск. Рэгулярныя праверкі і падобныя інцыдэнты, верагодна, выклікалі пачуццё задавальнення і бяспекі ў акупантаў, але ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як праява прыгнёту і выклікалі атмасферу страху перад самавольствам. У першыя гады акупацыі адзначалася практыка прыніжэння з боку люксембургскіх акупацыйных сіл у публічнай прасторы[17].
Гвалт у многіх выпадках быў выкліканы патрэбай у сіле і кантролі над акупаванымі з боку замежнікаў. Так, увечары 7 снежня 1947 года люксембургскія салдаты без папярэджання схапілі лекара-спецыяліста доктара Ленхарда за шыю і «кінулі на зямлю ў вулічны бруд»[18].
12 снежня 1948 года зафіксаваны інцыдэнт, калі група п’яных салдат збівала мінакоў на вуліцах, у выніку чаго некалькі чалавек атрымалі цяжкія раненні. Бітбургскі гарадскі савет абмяркоўваў дадзенае здарэнне на пазачарговым пасяджэнні, аднак інфармацыя аб рэакцыі ў адказ люксембургскага боку не прадстаўлена. Мясцовы лекар, які падвергся нападу раней, выказаў занепакоенасць з нагоды сваёй бяспекі ў лісце люксембургскаму гарадскому каменданту. Падобная палітыка, якая ўключала акты прыніжэння і гвалту, а таксама адсутнасць адэкватнага рэагавання з боку камандавання, прывяла да таго, што да канца 1940-х гадоў жыхары Бітбурга сталі пазбягаць публічных месцаў і сталі больш часу праводзіць дома[19].
Сацыяльнае ўзаемадзеянне
[правіць | правіць зыходнік]Доступ на тэрыторыю люксембургскіх казармаў, уключаючы майстэрні, сталовыя і зоны адпачынку, быў дазволены толькі вайскоўцам у форменнай вопратцы, членам іх сем’яў і акрэдытаванаму нямецкаму грамадзянскаму персаналу. Для акупацыйных войск, ад якіх чакалася выкананне пэўных маральных і культурных стандартаў у акупаванай зоне, значная частка будынкаў у горадзе была недаступная. Раён чыгуначнага вакзала, непасрэдна прылеглы да казармаў, быў для вайскоўцаў зонай абмежавання, а некаторыя ўстановы, такія як піўны рэстаран «Zum Simonbräu» пры бровары Bitburger, неўзабаве былі ўнесены ў спіс забароненых для наведвання. У першыя гады акупацыі наведванне нямецкіх народных гулянняў і танцавальных вечароў было забаронена для ўсіх ваеннаслужачых акупацыйнага кантынгенту, а правядзенне германа-люксембургскіх спартыўных мерапрыемстваў не прадугледжвалася[19].
Пасля інцыдэнту на кірмашы ў Гайхлінгене ў жніўні 1950 года, дзе адбылася бойка паміж вайскоўцамі і мясцовымі жыхарамі, французскі ваенны камендант Паўночнай акупацыйнай зоны зноў увёў строгую забарону на наведванне. У той жа час наведвальнікі нямецкіх устаноў дэманстравалі вельмі стрыманае стаўленне да прысутнасці люксембургскіх вайскоўцаў. Аднак у кавярні Barg у верхнім Бітбургу зафіксаваныя выпадкі, калі пажылыя кліенты выказвалі сваю незадаволенасць прысутнасцю люксембургскіх жаўнераў, у прыватнасці, выкананнем песні «Граф Люксембург»[20]. Маюцца сведчанні таго, што некаторыя жыхары Бітбурга недвухсэнсоўна паказвалі люксембургскім наведвальнікам сваё нежаданне бачыць іх у мясцовых установах. У якасці прыкладу можна прывесці інцыдэнт, які адбыўся ў кафэ Barg 14 мая 1948 года, калі ўладальнік выправадзіў двух нецвярозых салдат, якія ўступілі ў канфлікт з нямецкай вясельнай кампаніяй, што прывяло да бойкі. Інфармацыя пра падобныя выпадкі пацвярджаецца скаргай генерала Кеніга ад 7 чэрвеня[20].
З часам, па меры аддалення ад падзей вайны, адносіны паміж грамадзянамі Германіі і вайскоўцамі Люксембурга ў паўграмадскіх прасторах сталі мяняцца. Салдаты, якія прыбылі на службу ў Бітбург у 1950-х гадах, у асноўным захавалі станоўчыя ўспаміны пра наведванне мясцовых рэстаранаў і ўсталяванне кантактаў з нямецкімі наведвальнікамі, асабліва з маладымі жанчынамі. Для сямейных афіцэраў і унтэр-афіцэраў люксембургская акупацыйная армія фармавала сваё адасобленае сацыяльнае асяроддзе. Сем’і пражывалі ў рэквізаваных нямецкіх дамах, карысталіся паслугамі нямецкага абслуговага персаналу і атрымлівалі запрашэнні на мерапрыемствы, арганізаваныя французскім бокам, а таксама на тэматычныя вечары ў афіцэрскім клубе і чаяванні ў Трыры[20].
Люксембургскі гарнізон і іх радзіна мелі доступ да шэрагу прывілеяў і рэсурсаў. Для сем’яў ваеннаслужачых функцыянаваў прадуктовы магазін Économat, які прапаноўваў шырокі асартымент прадуктаў, уключаючы дэлікатэсы. Генеральным штабам падтрымлівалася практыка бясплатнага забеспячэння сем’яў люксембургскімі прадуктамі. Для дзяцей афіцэраў і унтэр-афіцэраў была адкрыта школа. Тым не менш, роды рэкамендавалася праводзіць на тэрыторыі Люксембурга. 6 снежня праводзілася святкаванне Дня Святога Мікалая (Клеэшэна), калі афіцэр, пераапрануты ў святога, наведваў сем’і і дарыў дзецям падарункі. Таксама адзначаўся Нацыянальны дзень Люксембурга (Groussherzoginsgebuertsdag) з правядзеннем урачыстасцяў і святочнага абеду. Афіцэрскі склад меў доступ да афіцэрскага клуба, дзе пасля службы прапаноўвалася люксембургскае піва і мозельскае віно. Ваеннаслужачым, якія не ўжывалі алкаголь, прадастаўлялася магчымасць праводзіць вольны час у паляўнічых угоддзях батальёна, якія складалі 8000 гектараў[21].
Адасобленае сацыяльнае асяроддзе люксембурцаў было абмежавана ад мясцовага насельніцтва і мела выяўленую гендэрную спецыфіку. Жанчыны вайскоўцаў, як правіла, не ўдзельнічалі ў некаторых відах дзейнасці, даступных для мужчын, напрыклад, паляванні. Шарлота Ф., якая з 1949 года жыла са сваім мужам і двума дзецьмі ў службовай кватэры насупраць казармаў, успрымала свой паўсядзённы свет як свайго роду залатую клетку: прывілеяваную дзякуючы статусу акупантаў, але ў астатнім вельмі абмежаваную і сумную[21].
Жылёвая сітуацыя
[правіць | правіць зыходнік]
У першыя месяцы акупацыі, нягледзячы на афіцыйную забарону ўваходу ў прыватныя нямецкія дамы да лістапада 1946 года, мелі месца выпадкі пранікнення люксембургскіх салдат у жылыя памяшканні грамадзянскага насельніцтва. Гэтыя дзеянні, успрыманыя як дэманстрацыя сілы і прыніжэння, выклікалі непакой сярод мясцовага насельніцтва. Так, у сакавіку 1946 года мэр Бітбурга паведамляў аб сістэматычных праверках жылых дамоў, падчас чаго салдаты даглядалі шафы і скрыні. Паведамлялася пра выпадкі прымусу грамадзянскіх асоб, уключаючы жанчын і маладых дзяўчат, да выхаду з ложка для прад’яўлення дакументаў, часта без магчымасці належным чынам апрануцца. У выпадках адмовы адкрыць дзверы салдаты маглі ўжываць сілу, аж да ўзлому дзвярэй і вокнаў. Адмова ва ўпуску ў жыллё падчас ператрусаў нярэдка станавілася падставай для прымянення фізічнай сілы і нават агнястрэльнай зброі. У адным з зафіксаваных інцыдэнтаў жыхар Бітбурга Маціяс П. пасля адмовы даць начлег п’янаму салдату, падвергся нападу з боку гэтага салдата і патруля, якія прымусілі яго сям’ю выйсці на вуліцу і зрабілі стрэлы ў іх бок[22].
Акупаваным жыхарам было забаронена звяртацца са скаргамі да французскай ваеннай адміністрацыі, што, верагодна, стварала ў акупантаў адчуванне беспакаранасці. Так, у маі 1949 года зафіксаваны выпадак спробы згвалтавання непаўналетняй жыхаркі Бітбурга люксембургскім салдатам. Нягледзячы на арышт падазраванага ваеннай паліцыяй, невядома, ці было яму прад’яўленае абвінавачванне ваенным трыбуналам. У той жа час, прыватная прастора таксама магла стаць месцам устанаўлення кантактаў і нават сяброўскіх адносін паміж акупантамі і акупаванымі. Напрыклад, сям’я Эльзы Б. рэгулярна прымала трох люксембургскіх салдат на вячэру, якія ў падзяку дзяліліся з кіраўніком сям’і сваімі цыгарэтнымі пайкамі[23].
Аднак масавая рэквізіцыя жылля люксембургскімі акупантамі непазбежна прыводзіла да канфліктаў. Размяшчэнне пяхотнага батальёна ў моцна разбураным Бітбургу пагоршыла і без таго вострую сітуацыю з жыллём. З 900 дамоў 524 былі цалкам знішчаныя, а 376 атрымалі значныя пашкоджанні. Асноўныя сілы акупацыйных войск размясціліся ў былых казармах вермахта на ўскраіне горада, аднак для афіцэрскага складу і ваеннай адміністрацыі грамадзянскія памяшканні ў межах горада падвяргаліся рэквізіцыі. Афіцэрскі клуб быў размешчаны ў віле Лімбург, гарадскі камендант на першым часе пражываў у доме сям’і Сымон, уладальнікаў бровары Bitburger, а затым пераехаў на вілу доктара Аубарта. Астатнія афіцэры (24 чалавекі ў сакавіку 1946 года) былі расселены па кватэрах у розных частках горада. Для многіх жыхароў Бітбурга рэквізіцыя жылля прывяла не толькі да страты фізічнай прасторы, але і да адчування неабароненасці ва ўмовах пасляваеннай нявызначанасці[23].
Рэквізіцыі, як адзначаў мэр, выклікалі ў цывільнага насельніцтва «не толькі жудаснае расчараванне, але і проста бязмернае азлабленне». Аднак гнеў акупаваных рэдка быў накіраваны непасрэдна на акупантаў, з якімі ў іх быў абмежаваны кантакт. Незадаволенасць у асноўным абвальвалася на гарадскіх чыноўнікаў, якія па распараджэнні гарнізона асабіста паведамлялі аб высяленнях. Сітуацыю пагаршалі масавыя канфіскацыі мэблі і прадметаў ужытку, якія часта праводзіліся з парушэннямі[24].
Толькі да сярэдзіны 1946 года камандаванне стала больш строга рэгуляваць дадзеныя дзеянні, а пасля іх аб’ёмы значна скараціліся. Тым не менш, нягледзячы на намаганні Франка-люксембургскай жыллёвай камісіі, да канца 1947 года жыллёвая сітуацыя заставалася вельмі напружанай. Дазвол на перасяленне членаў сем’яў афіцэрскага і унтэр-афіцэрскага складу ў люксембургскія сектары, уведзены ў верасні 1947 года, прывёў да жыллёвага крызісу ў Бітбургу да 1951 года. Афіцэрам належылі службовыя кватэры з асобнай спальняй, кухняй, сталовай, гасцінай і спальняй для кожнага дзіцяці, унтэр-афіцэрам — аналагічныя ўмовы, але без гасцінай. Аднак такія патрабаванні было вельмі складана задаволіць ва ўмовах разбуранага вайной Бітбурга. Запланаванае на 1948—1949 гады падваенне колькасці гарнізона і, адпаведна, каманднага складу яшчэ больш абвастрыла сітуацыю. У пачатку снежня 1948 года люксембургскі Генеральны штаб паведаміў французскім акупацыйным уладам аб планах павелічэння гарнізона з 500 да 1200 чалавек да 1949 года, што непазбежна патрабавала рамонту казармаў і рэквізіцыі яшчэ 17 нямецкіх кватэр. Аднак французская адміністрацыя, чые офісы ў той жа час планавалі пераезд з Кільбурга ў Бітбург, палічыла гэта патрабаванне цяжкавыканальным[24].
Пераезд французскай ваеннай адміністрацыі гарадскі галава лічыў «амаль невырашальнай праблемай». У сувязі з гэтым абвяшчэнне аб павелічэнні люксембургскага кантынгенту выклікала моцны супраціў у Бітбургу. Многія домаўладальнікі прыпынілі будаўнічыя работы, аддаючы перавагу жыць у пашкоджаных вайной дамах, чым перадаваць адрамантаванае жыллё акупантам. У студзені 1949 года ў сітуацыю ўмяшаўся прэм’ер-міністр Рэйнланд-Пфальца Петэр Альтмейер, які беспаспяхова звярнуўся з просьбай аб адмене размяшчэння люксембургскіх войск у Бітбургу. Для вырашэння праблемы рэквізіцый у 1950 годзе французскія акупацыйныя ўлады прапанавалі люксембургскаму генеральнаму штабу будаўніцтва асобнага жылога квартала, што было ўспрынята з ухвалой. Квартал Cité Jean l'aveugle, названы ў гонар люксембургскага нацыянальнага героя, адказваў патрабаванням люксембургскай адміністрацыі. З аднаго боку, ён дазваляў пазбегнуць канфліктаў, звязаных з рэквізіцыямі, а з другога – ствараў асобную жылую зону для каманднага складу гарнізона[14].
Сцяг як элемент прыніжэння
[правіць | правіць зыходнік]
Цэнтральным элементам акупацыйнага рэжыму ў Бітбургу стала дэманстратыўнае ўзняцце люксембургскага сцяга на ваенных аб’ектах. Для многіх салдат, якія мелі баявы вопыт, гэта было «вялікім задавальненнем, калі наш сцяг упершыню быў узняты падчас афіцыйнай цырымоніі на прускай зямлі. Наш сцяг, які быў утаптаны ў бруд прусакамі, назаўжды застанецца для нас самым святым сімвалам!». Перад казармай і афіцэрскім сходам быў усталяваны пастаянны каравул вайскоўцаў, абавязкам якіх была ахова сцяга і патрабаванне прывітання сцяга ад мінакоў. Асобы, якія адмаўляліся вітаць сцяг, падвяргаліся прымусу. Паведамлялася пра выпадкі, калі мясцовых жыхароў прымушалі хвілінамі бегаць вакол флагштока або станавіцца на калені ў вулічным брудзе[17]. На думку многіх люксембургскіх салдат, такая мера была праявай «паэтычнай справядлівасці», паколькі менавіта немцы падчас сваёй акупацыі навязалі штодзённы салют нацысцкаму сцягу[12].
Ад кіроўцаў аўтамабіляў і павозак патрабавалася аб’язджаць флагшток некалькі разоў, пры кожным крузе здымаючы галаўны ўбор. Галаўны ўбор у дадзеным кантэксце набываў сімвалічнае значэнне, а яго прымусовае зняцце інтэрпрэтавалася як пазбаўленне годнасці. Некаторыя вайскоўцы, як напрыклад афіцэр Ёзэфа В., нягледзячы на асабістую непрыязнасць да немцаў, лічылі такія меры пакарання празмернымі. Французскі ваенны ўрад адзначаў ролю сем’яў люксембургскіх вайскоўцаў, якія, на іх думку, падбухторвалі да больш жорсткіх мер у дачыненні да нямецкага насельніцтва. Дадзеныя меры прывялі да таго, што жыхары Бітбурга пазбягалі цэнтральных вуліц, выкарыстоўваючы альтэрнатыўныя маршруты, што, у сваю чаргу, дало неафіцыйную назву галоўнай вуліцы Адрыгштрасэ — «вуліцай ухілення ад сцяга»[11]. Нягледзячы на тое, што 12 сакавіка 1946 г. кіраўніцтва арміі нарэшце ўмяшалася, каб спыніць такія публічныя праявы прыніжэння, яно ўсё ж вырашыла захаваць прымушаць нямецкіх мужчын вітаць сцяг Люксембурга[12].
Парад і імша
[правіць | правіць зыходнік]Люксембургскія вайскоўцы рэгулярна праводзілі публічныя мерапрыемствы, дэманструючы сваю прысутнасць у якасці акупацыйных сіл. Адным з такіх мерапрыемстваў быў нядзельны царкоўны парад гарнізона. Батальён выбудоўваўся і маршыраваў ад казармаў на ўскраіне горада да каталіцкай царквы Лібфраўэнкірхэ ў Верхнім горадзе, дзе ў 9:30 праводзілася асобная імша для замежных жаўнераў. Парад праводзіўся з мэтай дэманстрацыі ваеннай сілы, а ў выпадку, калі нямецкія мужчыны не здымалі галаўныя ўборы пры праходжанні батальённага сцяга, люксембургская ваенная паліцыя магла прымусова зняць іх. У першыя пасляваенныя гады парад праходзіў пры ўзбраенні і пад кантролем ваеннай паліцыі, аднак з часам ён стаў успрымацца як адносна мірная праява суіснавання[25].
Пасля параду многія жыхары Бітбурга наведвалі службу ў царкве Лібфраўэнкірхэ, прызначаную для люксембургскіх вайскоўцаў і іх сем’яў. Такая наведвальнасць тлумачылася агульным каталіцкім веравызнаннем, шанаваннем агульных рэгіянальных святынь (напрыклад, культ святой Марыі як «суцяшальніцы тужлівых»), а таксама лінгвістычнай блізкасцю люксембургскага і бітбургскага дыялектаў. Унтэр-афіцэр Марсэль Г. лічыў Бітбург «зямлёй Марыі», якая мае духоўную і моўную сувязь з Люксембургам. Для мясцовай жыхаркі Марыі Х., якая перажыла акупацыю, люксембургская нядзельная імша з’яўлялася важным сродкам камунікацыі з акупацыйнымі войскамі з-за зразумелай мовы набажэнства, у адрозненне ад лацінскай службы, якая праводзіцца нямецкімі святарамі. Нягледзячы на адсутнасць прамога індывідуальнага ўзаемадзеяння падчас імшы, яна спрыяла калектыўнаму рэлігійнаму збліжэнню[25].
Чорны рынак
[правіць | правіць зыходнік]Да лістапада 1946 года для акупацыйных войск дзейнічала забарона на братанне. Кіраўніцтва абмяжоўвала неслужбовыя кантакты з нямецкім грамадзянскім насельніцтвам. Сацыяльныя сувязі адбываліся неафіцыйна. Па словах бургамістра Бітбурга, да грашовай рэформы ў чэрвені 1948 года адзначалася актыўная дзейнасць чорнага рынку. Эканамічная сітуацыя ў рэгіёне Айфель у першыя пасляваенныя гады была складанай, асабліва для гарадскога насельніцтва, якое, у адрозненне ад сельскага, не мела магчымасці самастойна забяспечваць сябе харчаваннем. Рацыёны да 1948 года складалі ад 900 да 1200 калорый, што было менш за палову сутачнай патрэбы дарослага чалавека. Назіраўся дэфіцыт мяса, тлушчаў і бялкоў[18].
Акупацыйныя сілы выкарыстоўвалі сваё матэрыяльнае становішча для атрымання выгады з дапамогай бартэру з мясцовым насельніцтвам. Гэты нефармальны гандаль прывёў да ўзнікнення эканамічнай узаемазалежнасці і сацыяльных сувязяў паміж акупантамі і акупаванымі. Маюцца сведчанні пра выпадкі, калі ўмяшанне французскай ці нямецкай жандармерыі ў дзейнасць чорнага рынку прыводзіла да салідарнасці паміж акупантамі і акупаванымі. Напрыклад, 6 снежня 1946 года зафіксаваны інцыдэнт, калі трое люксембургскіх салдат уступілі ў канфлікт паміж нямецкімі спекулянтамі і нямецкімі жандарамі, падтрымаўшы першых. Падчас інцыдэнту салдаты абражалі жандараў: «Вы, турэмныя мяшкі, прускія свінні, нацысцкія сабакі, зялёныя падонкі, вы самі ўсё зжарэце, што канфіскуеце», і нямецкім жандарам давялося адступіць перад люксембургскім салдатам з нажом. У рапарце жандарскага вахмістра акруговай інспекцыі Бітбурга адзначалася, што гэта не першы выпадак, калі замежныя вайскоўцы перашкаджалі выкананню службовых абавязкаў жандармерыі[18].
Анексія (дэзанексія)
[правіць | правіць зыходнік]
Пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі Люксембург вылучыў тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Германіі. З люксембургскага боку яны прадстаўляліся не як анексія, а як «дэзанексія», паколькі патрабаваныя тэрыторыі раней, аж да Венскага кангрэса 1815 года, былі часткай дзяржавы. Рух «Люксембургскі нацыянальны саюз» патрабаваў вяртання ўсіх зямель, адрынутых у 1815 годзе. Радыкальныя прыхільнікі анексіі нават патрабавалі, каб нямецкае насельніцтва гэтых тэрыторый было выселена[10].
Прыхільнікі «дэззанексіі» абгрунтоўвалі неабходнасць далучэння наступным[26]:
- Ваенна-стратэгічны фактар: з дапамогай вяртання зямель можна было гарантаваць бяспеку Вялікага Герцагства.
- Культурны фактар: мясцовае насельніцтва жадае далучыцца да Люксембурга, і, акрамя таго, жыхары рэгіёну гавораць па-люксембургску.
- Эканамічны фактар: сельская гаспадарка Люксембурга моцна пацярпела ў ходзе наступлення Рундштэдта. За кошт Айфеля планавалася харчовае забеспячэнне краіны.
Аднак большая частка люксембуржцаў была супраць такіх планаў (асабліва сацыялісты[10]). Акрамя таго, анексія не магла быць рэалізавана без адабрэння саюзнікаў[27].
Тым не менш, люксембургскі ўрад, асабліва ў першыя пасляваенныя гады, праводзіў палітыку, накіраваную на падрыхтоўку да анексіі[3]. У канцы 1945 года міністр арміі даручыў начальніку Генеральнага штаба: «Задача, якую павінен выканаць салдат, заключаецца не толькі ў забеспячэнні парадку і бяспекі ў Люксембургскім сектары, але і ў тым, каб даказаць жыхарам сваім правільным і дысцыплінаваным стаўленнем, што ён прыходзіць не як прыгнятальнік, а з мэтай падрыхтаваць праз справядлівую акупацыйную палітыку магчымую анексію гэтай тэрыторыі»[10]. У мемарандуме ад 27 лістапада 1946 года акупанты запатрабавалі перамяшчэння мяжы на 5—10 км углыб нямецкай тэрыторыі. Люксембургскі бок сцвярджаў, што нямецкія тэрыторыі з’яўляюцца залогам для кампенсацыі наступстваў вайны. Аднак гэтае патрабаванне не было падтрымана «вялікай тройкай»: ЗША, Вялікабрытаніяй і Савецкім Саюзам[27]
У 1949 годзе заходнія саюзнікі дазволілі толькі нязначныя змены межаў. Так, французскі ваенны ўрад пастанавіў аб уключэнні Камервальда з вёскай Рот (тэрыторыя ў 547 гектар) у склад люксембургскай тэрыторыі (пастанова № 212 ад 23 красавіка 1949 года)[27]. Люксембургскі ўрад меў намер кіраваць Камервальдам як дзяржаўным даменам, а жыхары Рота павінны былі захаваць нямецкае грамадзянства. Пры гэтым, галоўным матывам Люксембурга было не пашырэнне тэрыторыі, а атрыманне кампенсацыі за ваенны ўрон. Неўзабаве дзяржава адмовілася ад прыняцця вёскі Рот і задаволілася саступкай Камервальда, які 29 красавіка 1949 года перайшоў ад Германіі да Люксембурга[26]. Аднак, паколькі Камервальд не ўяўляў істотнай каштоўнасці[27], 30 верасня 1959 года горад быў вернуты ФРГ у абмен на выплату рэпарацый у памеры 58,3 мільёна нямецкіх марак[26].
Рэакцыя і стаўленне
[правіць | правіць зыходнік]Люксембургская акупацыя стала важным перыядам, які вызначыў узаемадзеянне паміж люксембуржцамі і немцамі ў пасляваенны перыяд. Акупацыйная зона стала пляцоўкай для сацыяльных кантактаў і, адначасова, праявай палярызаваных палітычных поглядаў. Важнай асаблівасцю дадзенага перыяду было тое, што ўсе люксембуржцы свабодна валодаюць як французскай, так і нямецкай мовамі — гэта была фактычна адзіная зона, у якой акупанты і акупаваныя размаўлялі на адной мове[2].
У Люксембургу ўдзел краіны ў акупацыі Германіі выклікаў пачуццё гонару і нацыянальнага ўздыму. Журналісты і грамадскія дзеячы таго часу разглядалі акупацыю як гістарычны момант для краіны і новы перыяд яе гісторыі[2]. «10 мая 1940 года [нацысцкае ўварванне ў Люксембург] было пышна адпомшчана. Ролі памяняліся: нацысты, былыя прыгнятальнікі, зараз павінны падпарадкоўвацца некалі прыгнечаным, цяперашнім субратам-пераможцам. Злараднасць бярэ верх, падабаецца гэта ці не» — пісала левая газета Escher Tageblatt 13 лістапада 1945 года[12][28].
Для многіх люксембургскіх салдат удзел іх краіны ў акупацыі пасляваеннай Германіі ўспрымалася як сімвалічная кампенсацыя за асабістыя і калектыўныя пакуты, перажытыя падчас нацысцкай акупацыі. Такім чынам, дзеянні і настроі люксембургскіх акупантаў у значнай ступені вызначаліся вопытам папярэдняй акупацыі і анексіі іх краіны нацысцкай Германіяй. Дэвіз «Цяпер наша чарга быць акупантамі!» адлюстроўваў успрыманне люксембургскай акупацыі як змены рэжымаў і шырока адзначаўся ў грамадстве і арміі[1].
Для немцаў акупацыя з боку невялікай суседняй дзяржавы ўспрымалася як нацыянальная ганьба і прыніжэнне, а люксембургскіх салдат рэгулярна з пачуццём перавагі з-за іх залежнасці ад французскіх грамадзянскіх уладаў насмешліва называлі «акупантамі 2-га і 3-га класа»[29]. Штотыднёвік Die Zeit характэрна высмейваў люксембуржцаў за «жаданне пагуляць у акупацыю ў беднай, жаласнай акрузе» Бітбург[2].
Спыненне акупацыі і памяць
[правіць | правіць зыходнік]Люксембургскім войскам прыйшлося ўжо ў сярэдзіне 1946 года пакінуць акупаваную імі частку акругі Саарбург, паколькі гэтая тэрыторыя была цалкам далучана да Саарскай вобласці[6].
5 мая 1955 года ўступілі ў сілу Парыжскія пагадненні, якія паклалі канец акупацыйнаму рэжыму Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. 10 ліпеня, пасля прыняцця прысягі, 2-і батальён пакідае Бітбург і вяртаецца ў свае новыя казармы ў Дзікірху[30]. У ходзе вываду войск зроблены сімвалічны жэст люксембургскага гарнізона: у знак прымірэння царкве Лібфраўэнкірхэ быў падораны новы звон[25]. Французскі дэлегат з нагоды вываду акупацыйнага кантынгенту з Бітбурга заявіў, што: «Калі многія [нямецкія] гараджане па розных прычынах шкадуюць аб сыходзе гэтага гарнізона, то іншыя заўсёды з горыччу глядзелі на салдат гэтай маленькай нацыі, якія топчуць іх зямлю»[31].
Люксембургская акупацыя застаецца малавядомым эпізодам пасляваеннай гісторыі. У калектыўнай памяці як у Люксембургу, так і ў Германіі гэты перыяд не адлюстраваўся ў выглядзе сімвалічна значнай падзеі, у адрозненне, напрыклад, ад французскай акупацыі, якая пакінула глыбокія сляды ў памяці немцаў. У 1955 годзе, пасля вываду люксембургскіх войск, у раёне Бітбурга і Шпангдалема з’явіліся амерыканскія ваенныя базы, што яшчэ больш спрыяла забыццю люксембургскай акупацыі[2].
Праз 50 гадоў пасля заканчэння акупацыі, у 2005 годзе, у Бітбургу прайшлі памятныя мерапрыемствы ў рамках 41-га Еўрапейскага фальклорнага фестывалю, які адкрыўся «Люксембургскім вечарам». На яго былі запрошаны больш за 240 былых люксембургскіх салдат, якія служылі ў Бітбургу. Праграма ўключала каталіцкую імшу на люксембургскай мове, наведванне былой люксембургскай казармы, адкрыццё двайной выставы «Калі Бітбург належаў Люксембургу»» і «Люксембуржцы ў Бітбургу», а таксама ўрачысты вечар з удзелам высокапастаўленых асоб з Люксембурга[32].
У 2015 годзе гарадская адміністрацыя Бітбурга, адзначыўшы, што аб дзесяцігадовым знаходжанні замежнага гарнізона памятаюць нямногія, ініцыявала пошук сведак і апублікавала архіўныя фатаграфіі люксембургскіх салдат у горадзе[33].
Некаторыя гісторыкі, такія як Раймон Пуадэвен, Ян Вілем Браўвер і Стыў Кейзер, адзначалі ўдзел люксембургскіх войскаў у акупацыі пасляваеннай Германіі як важны аспект знешняй палітыкі Люксембурга пасля 1945 года, аднак у асноўным разглядалі яго ў кантэксце дыпламатычнай і палітычнай гісторыі, не надаючы акупацыі як такой цэнтральнай увагі. Нязначная колькасць даследаванняў разглядае акупацыю ў якасці асноўнага прадмета вывучэння, пры гэтым большасць з іх уяўляюць сабой працы мемуарнага характару, краязнаўчыя нарысы або журналісцкія матэрыялы. Гісторыкі і палітолагі дзвюх краін часта разглядалі дадзенае пытанне як другараднае або недастаткова значнае, а таму асноўнымі аўтарамі работ на дадзеную тэму сталі былыя вайскоўцы, краязнаўцы і журналісты, якія часцяком схільныя альбо да ідэалізацыі, альбо да крытычнага асвятлення падзей. У якасці першых спроб метадычнага аналізу дадзенага пытання вылучаюцца працы люксембургскага гісторыка Жака Ляйдера і французскага архівіста Фрэдэрыка Ло, аднак гэтыя даследаванні абмяжоўваюцца разглядам інстытуцыйных аспектаў, ахопліваючы адносна невялікі аб’ём матэрыялу[34].
Пазнейшыя даследаванні, у прыватнасці працы Фелікса Штрайхера, прапануюць больш шырокі погляд на люксембургскую акупацыю, выходзячы за рамкі інстытуцыйнага падыходу і надаючы ўвагу паўсядзённым жыцці і сацыяльным узаемадзеянням. У адрозненне ад некаторых папярэдніх трактовак, гісторык Вінцэнт Артуза, мяркуе, што акупацыя не была паспяховай, таму што акупанты і акупаваныя былі падобныя ў культуры, рэлігіі і мове[35].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Сіямская акупацыя Германіі (1918—1919)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Félix Streicher 2022, S. 386.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Félix Streicher 2021.
- ↑ а б в Félix Streicher 2022, S. 385.
- ↑ а б L'Armée luxembourgeoise après la libération (1944–1967)(недаступная спасылка). Armée.lu. Архівавана з першакрыніцы 30 ліпеня 2013. Праверана 6 ліпеня 2013.
- ↑ а б в Félix Streicher 2022, S. 384.
- ↑ а б в г Emile Krier 2009, S. 11.
- ↑ Félix Streicher-3 2022.
- ↑ Frédéric Laux 2002, p. 298.
- ↑ Frédéric Laux 2002, p. 297.
- ↑ а б в г Emile Krier 2009, S. 12.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 391.
- ↑ а б в г Felix Streicher-2 2022.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 397.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 401.
- ↑ Félix Streicher 2022, S. 389.
- ↑ Félix Streicher 2022, S. 389—390.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 390.
- ↑ а б в Félix Streicher 2022, S. 393.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 394.
- ↑ а б в Félix Streicher 2022, S. 395.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 396.
- ↑ Félix Streicher 2022, S. 398.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 399.
- ↑ а б Félix Streicher 2022, S. 400.
- ↑ а б в Félix Streicher 2022, S. 392.
- ↑ а б в Emile Krier 2009, S. 13.
- ↑ а б в г Kammerwald(недаступная спасылка). web.archive.org (25 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2013. Праверана 7 студзеня 2025.
- ↑ Nina Janz, Denis Scuto. The Impact of War Experiences in Europe: The Conscription of Non-German Men and Women Into the ‘Wehrmacht’ and ‘Reichsarbeitsdienst’ (1938–1945). — Walter de Gruyter GmbH & Co KG, 2024-12-30. — 452 с. — ISBN 978-3-11-112846-7.
- ↑ Félix Streicher 2022, S. 387.
- ↑ Frédéric Laux 2002, p. 302.
- ↑ Félix Streicher 2022, S. 403.
- ↑ Volksfreund. Zu Gast bei neu gewonnenen, alten Freunden (ням.). Volksfreund (5 ліпеня 2005). Праверана 8 студзеня 2025.
- ↑ Volksfreund. Stadtverwaltung Bitburg sucht Zeitzeugen: Wer erinnert sich noch an die Luxemburger Garnison? (ням.). Volksfreund (10 чэрвеня 2015). Праверана 14 лютага 2025.
- ↑ Félix Streicher 2022, S. 381—382.
- ↑ Jansen, Harald. Interview: „Die Beziehungen wurden jeden Tag neu ausgehandelt“ (ням.). Volksfreund (6 студзеня 2023). Праверана 7 студзеня 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Frédéric Laux La participation du Luxembourg à l'occupation de l'Allemagne (1945–1955)(фр.) // et wor alles net esou einfach: Questions sur le Luxembourg et la Deuxième Guerre mondiale. Contributions historiques accompagnant l’exposition. — 2002. — С. 294—303.
- Félix Streicher Second-class Occupiers?(англ.) // The Occupation Studies Research Network. — Maastricht University, 2021. — 25 August
- Félix Streicher Besetzte Räume: Alltag und soziale Interaktionen unter luxemburgischer Besatzung in Bitburg (1945–1955)(ням.) // Francia. — 2022. — Т. 49. — С. 381–403. — ISSN 2569-5452. — DOI:10.11588/fr.2022.1.102426
- Felix Streicher Revenge and Retribution in the Luxembourgish Occupation Zone in Germany (1945-46)(англ.) // The Occupation Studies Research Network. — Maastricht University, 2022. — 8 December
- Felix Streicher “Anschluss der Eifel”: Luxemburger als Besatzer im Nachkriegsdeutschland (1945–1955)(англ.) // d'Lëtzebuerger Land. — 2022. — 18 February — С. 12–13.
- Emile Krier Luxemburg am Ende der Besatzungszeit und der Neuanfang // Düwell, Kurt/Matheus, Michael (Hg.), Kriegsende und Neubeginn. Westdeutschland und Luxemburg zwischen. — 2009. — С. 69–96.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Luxembourgian Occupation Zone in GERMANY
- Нойербург в послевоенное время
- L’histoire du temps présent: Luxembourg, puissance occupante
- Luxemburger Annexionspläne: Neues Land im Osten
- L’annexion épineuse du Kammerwald et de Roth (1949-59)
- Die Luxemburger Streitkräfte finden ihren Ursprung im besetzten Deutschland