Лютэранская кірха Святога Іаана (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Лютэранская кірха, Гродна)
Кірха
Лютэранская кірха
Кірха пасля рэстаўрацыі, 2015 г.
Кірха пасля рэстаўрацыі, 2015 г.
53°41′14″ пн. ш. 23°50′26″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія лютэранства
Архітэктурны стыль неаготыка
Дата заснавання 1783
Асноўныя даты

1793перабудавана
1842перабудавана

1912перабудавана
Сайт luther.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лютэра́нская кі́рха Свято́га Іаа́на — дзеючы лютэранскі храм у цэнтральнай частцы Гродна (прадмесце Гарадніца).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кірха пасля поўнага аднаўлення ў 1912 годзе

Афіцыйнай датай заснавання кірхі ў Гродне лічыцца 1793 г., калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі перадаў будынак нямецкай суполцы. Пад кірху быў прыстасаваны будынак сталовай для галандскіх і нямецкіх рамеснікаў, якіх запрасіў у Гродна гродзенскі староста Антоні Тызенгаўз. З прычыны таго, што прыхаджане кірхі былі ў бальшыні ўраджэнцамі Германіі, набажэнства спачатку вялося на нямецкай мове. Вуліца вакол храма атрымала назву «Кірхавая», у 1843 г. кірха была дабудаваная. У 1873 г. склаўся канчатковы выгляд кірхі, таксама на вежы быў усталяваны гадзіннік. У 1912 г. храм значна перабудавалі.

Кірха дзейнічала ў Гродне да 1944 г. Пасля Другой сусветнай вайны тут знаходзіўся архіў. У 1995 годзе кірху імя Святога Іаана ў Гродне вярнулі Евангельска-лютэранскай царкве. На чэрвень 2012 года абшчына адзінага ў Беларусі дзейнага лютэранскага храма налічвала 50 чалавек. У 2012 годзе пасол Германіі ў Беларусі Крыстаф Вайль наведаў кірху ў Гродне, пасля чаго Федэральны ўрад Германіі вылучыў 120 000 еўра на адбудову храма[1].

У снежні 2013 года пачалася рэканструкцыя кірхі, якая скончылася ў 2015 годзе. Адноўлены першапачатковы выгляд кірхі, у тым ліку рэканструяваны 12-метровы шпіль і 10 крыжоў у экстэр’еры храма.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Кірха пасля рэстаўрацыі, 2015 г.

Аднанефавая аднавежавая пабудова з пяціграннай апсідай і сакрысціямі. Галоўны фасад мае сіметрычную, выцягнутую па вертыкалі дынамічную кампазіцыю. Квадратная ў плане высокая манументальная вежа-званіца выступае з асноўнага аб’ёму. Галоўны ўваход (праз вежу) аформлены вялікім стральчатым парталам, над ім — акно-«ружа». Інтэр’ер храма мае выцягнутую па падоўжнай восі сіметрычную кампазіцыю. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём перакрыты арыгінальным паводле формы фігурным скляпеннем. Захаваліся два аўтэнтычныя вітражы за алтаром, арнамент якіх выкладзены ў форме лютэранскага сімвала: ружы, унутры якой знаходзіцца сэрца з крыжам. Таксама захаваліся кованая купель, звон і гадзіннік на галоўнай вежы. Арган і іншыя рэчы канфіскаваныя за савецкім часам для філармоніі і ўладкавання партыйных кабінетаў[2].

Побач з кірхай месціліся і евангелічныя могілкі з капліцай (1793—1936). У доме № 3а ў 1912 г. быў дом пастара і лютэранская школа на другім паверсе.

Лютэранскія могілкі[правіць | правіць зыходнік]

Побач кірхі ў канцы XVIII стагоддзя заклалі могілкі. На іх хавалі людзей да 1878 года, але асобныя пахаванні адбываліся і ў 1916 годзе. У 1883 годзе насупраць кірхі адкрылі другую частку могілак і яны функцыянавалі да Другой сусветнай вайны[3].

У верасні 1951 года гродзенскія чыноўнікі прынялі рашэнне "Аб закрыцці нямецкіх могілак на вуліцы Акадэмічнай". Гродзенскаму Зелянгасу і гарадской канторы па добраўпарадкаванні загадалі арганізаваць на месцы гэтых могілак сквер. Іх знішчылі канчаткова ў пачатку 1960-х гадоў. Тэрыторыю ачысцілі ад магільных пліт, спілавалі старыя дрэвы, а выкапаныя з магіл шкілеты ў нямецкіх спарахнелых мундзірах вывезлі ў невядомым кірунку.

На месцы знішчаных могілак пабудавалі дзіцячы садок №21[4]. Частку надмагільных пліт выкарысталі як падмурак пры будаўніцтве садка. А некаторыя вывезлі на іншыя аб'екты ў горадзе.

Зноскі

  1. Барыс Пракопчык. Ад Тызенгаўза да нашых дзён // Звязда : газета. — 26 чэрвеня 2012. — № 121 (27236). — С. 5. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  2. Татьяна Черкес. У гродненской кирхи появилась надежда на реконструкцию. — Вечерний Гродно. Архівавана 4 кастрычніка 2013.
  3. На месцы лютэранскіх могілак у Гродне пачалі капаць: вернікі занепакоеныя, рабочыя абяцаюць павагу . Hrodna.life (13 лютага 2024). Праверана 13 лютага 2024.
  4. 🏰 Hrodna 11:27. Telegram. Праверана 13 лютага 2024.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]