Лямус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лямус сядзібы Міцкевічаў у Завоссі

Лямус (польск.: lamus, lemus, ням.: Lehmhaus ад Lehm — гліна і Haus — дом) — гаспадарчая пабудова для захавання харчовых прадуктаў, адзення, збожжа, прылад працы, каштоўнай маёмасці, a таксама для жылля ўлетку.

Драўляны лямус Брыгіцкага кляштара ў Гродне

Лямусы раўпаўсюдзіліся ў XVIIIXIX стст. Будаваліся часцей за ўсё ў гарадах, сядзібах, радзей — у сялянскіх дварах. Вядомы галоўным чынам у Заходняй Беларусі, а таксама ў Літве і Польшчы[1].

У Беларусі будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Былі адна-трохпавярховыя, прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя двухсхільнымі вальмавымі шатровымі або ламанымі стрэхамі.

Памешчыцкія лямусы, т.зв. скарбцы, будаваліся з каменю, але каменным мог быць і толькі першы паверх. Тут захоўвалі старую зброю, кнігі, дакументы, збрую, куфры, медзь, цынк, волава і інш. У шляхецкіх і сялянскіх сядзібах узводзілі драўляныя лямусы, пераважна для захоўвання вугалю, харчу, розных прылад працы, збруі. Другі паверх у летні час выкарыстоўваўся, звычайна моладзю, як жылы пакой[1]. Сцены часам звонку атынкоўвалі, а ў падмурках рабілі пограбы.

У сялянскіх сядзібах сустракаліся больш сціплыя пабудовы, які па сваёй форме і канструкцыі амаль не адрозніваліся ад аднапавярховых свіранаў[1].

Лямус у в. Вялікае Мажэйкава

Паводле кампазіцыі лямусы падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Лямусы цэнтрычнай кампазіцыі мелі квадратны або шматвугольны (звычайна васьмігранны) план. Другі і трэці паверхі звычайна былі з балюстраднымі галерэямі па перыметры (Ашмяны, вёска Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна, вёска Новыя Ясневічы Пастаўскага раёна).

Лямусы франтальнай кампазіцыі былі звычайна двухпавярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата). Буйныя лямусы ў гарадах звычайна мелі галерэю толькі з аднаго, падоўжнага боку (Гродна), іншыя мелі дзве галерэі, які размяшчаліся сумежна, што давала магчымасць стыкаваць лямус з іншымі сядзібнымі пабудовамі або зарыентаваць галерэю ў бок двара (Клецк, Пінскі раён, вёска Завоссе Баранавіцкага раёна)[1]. У абодвух выпадках дах мог быць двухсхільным, чатырохсхільным і шатровым.

У лямусах, якія мелі перыметральную галерэю, дах ляжаў на апорах, якія фарміравалі гэту галерэю (в. Доўгае Гродзенскага раёна, Букрабаўшчына Пружанскага раёна). Фасады такіх лямусаў раўнацэнныя і сіметрычныя. Аб’емна-прасторавая кампазіцыя адрознівалася цэнтрычнасцю. Лесвіцы рабіліся ўздоўж сцяны ў межах галерэі. Калонкі галерэі маглі быць паасобнымі для кожнага паверха і суцэльнымі — на ўсю вышыню пабудовы. У шэрагу выпадкаў слупкі рабіліся толькі на другім паверсе і абапіраліся на выпускі бэляк міжпавярховага перакрыцця[1].

Падкосы гродзенскага лямуса

Асноўнымі канструктыўна-дэкаратыўнымі дэталямі становяцца падкосы, якім надаваўся крывалінейны абрыс у ніжняй частцы. Складная канфігурацыя ўрубак не толькі надавала трываласць карнізу, але і стварала падабенства аркады. Акрамя таго, для аздаблення галерэй часам выкарыстоўваліся падвесы. З-за падгнівання нізу калонак першага паверха калону падпільвалі трохі ніжэй падкосаў, а канец фігурна апрацоўвалі. З часам падвесы сталі чыста дэкаратыўным элементам і размяшчаліся ў прамежках паміж слупамі падчас будаўніцтва. Асабліва шырокае распаўсюджанне падвесы атрымалі ў Польшчы ў XVIIIXIX стст[1].

Агароджы галерэй мелі матывы балясін і рашотак. Наяўнасць такіх элементаў надавала пабудовам незвычайную прыгожасць і жывапіснасць, з’яўляючыся прадметам гонару ўладальніка[1].

Найбольш вядомы лямус на тэрыторыі Беларусі: лямус Брыгіцкага кляштара ў Гродне — самы стары драўляны будынак у Беларусі.

Зноскі

  1. а б в г д е ё Трацевский В. В. История архитектуры народного жилища Белоруссии: Учеб. пособие для вузов. — Мн.: Выш. шк., 1989. — 191 с. — 5 700 экз. — ISBN 5-339-00194-6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]