Уручча (палац спорту)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяг Беларусі Палац спорту «Уручча»
Палац спорту «Уручча» пасля рэканструкцыі
Палац спорту «Уручча» пасля рэканструкцыі
Месцазнаходжанне Мінск, Вялікі Лес, праспект Незалежнасці, 196
Пабудаваны 1976
Адкрыты 2010 (пасля рэканструкцыі)
Архітэктар М. Каўко[d], Уладзімір Рыгоравіч Ісачанка і Уладзімір Рыгоравіч Крышчановіч
Map

Палац спорту «Уручча» — фізкультурна-аздараўленчы спартыўны комплекс дзяржаўнай установы «Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Размешчаны ў жылым раёне Вялікі Лес, па адрасе праспект Незалежнасці, 196.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд да рэканструкцыі
Інтэр’ер да рэканструкцыі

Пабудаваны ў 1976 годзе як палац лёгкай атлетыкі Беларускай ваеннай акругі (архітэктары М. Каўко, У. Ісачанка, У. Крышчановіч)[1]. У той час на пляцоўцы праводзілі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і прымалі турніры па валейболе, гандболе, міні-футболе і футзале.

У 2010 годзе комплекс быў закрыты на рэканструкцыю, якая доўжылася больш за пяць гадоў. Афіцыйнае адкрыццё рэканструяванага манежа адбылося ў лютым 2016 года, супаўшы з правядзеннем міжнароднага дзіцячага турніру па гандболе. Тады ж комплекс атрымаў сучасную назву — Палац спорту «Уручча».

У наш час комплекс уяўляе сабой унікальны шматфункцыянальны спартыўна-забаўляльны аб’ект, у якім можна праводзіць розныя рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы рознага ўзроўню. Пляцоўка адпавядае еўрапейскаму рэгламенту правядзення Кубка Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі (Кубка ЕГФ)[be-x-old].

Палац спорту «Уручча» прымаў матчы гандбольнага кубка ЕГФ, турнір асноўнага раўнда Кубка УЕФА па міні-футболе (кастрычнік 2017), VII Міжнародныя гульні баявых мастацтваў (снежань 2017) і іншыя спаборніцтвы.

У 2019 годзе ў рамках II Еўрапейскіх гульняў пляцоўка Палаца спорту «Уручча» прыняла спаборніцтвы па боксе.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Комплекс складаецца з трох асноўных пляцовак: галоўнай гульнявой арэны ўмяшчальнасцю на 3000 месцаў, спартыўнай трэніровачнай пляцоўкі з трыбунамі на 300 месцаў і залы для бадмінтона.

Галоўная арэна комплексу абсталявана самым сучасным гукавым, святлотэхнічным і трансляцыйным абсталяваннем, якое адпавядае міжнародным патрабаванням.

Гульнявая арэна і спартыўная пляцоўка манежа выкарыстоўваюцца як для правядзення спаборніцтваў, так і для трэніровак нацыянальных зборных каманд, спартыўных клубаў, навучальна-трэніровачных працэсаў па гандболе, баскетболе, валейболу, міні-футболе і бадмінтоне. Акрамя гэтага, пляцоўкі комплексу прадугледжваюць магчымасць падрыхтоўкі тэнісістаў.

У інфраструктуру спартыўнага комплексу ўваходзяць яшчэ медыка-аднаўленчы цэнтр, прэс-цэнтр, трэнажорная зала, боўлінг-цэнтр і рэстаран.

Аднаўленчы цэнтр складаецца з дзвюх саўнаў, басейна, пакоя адпачынку і масажнага кабінета — ён прызначаны для лячэння і аднаўлення членаў нацыянальных зборных і спартыўных каманд па розных відах спорту. Зала сілавой падрыхтоўкі абсталявана сучаснымі прафесійнымі кардыё- і сілавымі трэнажорамі.

Палац спорту «Уручча» — гэта хатняя пляцоўка гандбольнага клуба «СКА-Мінск». Трэніруючыся тут, каманда шэсць разоў станавілася чэмпіёнам СССР[ru], тройчы выйгравала Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, двойчы — Кубак уладальнікаў кубкаў. Сёння ў холе другога паверху спартыўнага комплексу размяшчаецца музейная экспазіцыя алімпійскай славы армейскіх спартсменаў. Менавіта ў гэтым будынку былі выхаваныя 8 алімпійскіх чэмпіёнаў — пераможцаў Алімпіяд у Сеуле-1988 і Барселоне-1992.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Крытае мнагамэтавае спартыўнае збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксу, гімнастыцы, фехтаванні. Пабудавана ў 1976 годзе. З’яўлялася найбольшым спартыўным збудаваннем падобнага тыпу на Беларусі[1].

Палац (аб’ём каля 119 тыс. м³) — прамавугольнае ў плане збудаванне (125x48 м), мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з 200-метровай 4-радовай і 6-радовай прамой бегавымі дарожкамі са спецыяльным сінтэтычным пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў; залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартсменаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхнічнай службы[1].

Выразнасць архітэктуры дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежа (блокі металічных ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі. Зала з вялікім вітражом з аднаго боку і трыбунамі з другога ўражвае памерамі, напоўненасцю святла і лёгкасцю. Мерыдыяльная арыентацыя будынка па падоўжнай восі прывяла да зацененасці галоўнага фасада[1].

Зноскі

  1. а б в г С. Дз. Філімонаў. Мінскі палац лёгкай атлетыкі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]