Перайсці да зместу

Лёгкая атлетыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лёгкая атлетыка
постэр фільма
Характарыстыка
Катэгорыя на адкрытым паветры, у памяшканні
Першыя спаборніцтвы
Год 776 год да н.э.
Алімпійскія гульні 1896
Чэмпіянат свету 1983 год
Чэмпіянат Еўропы 1934 год
Міжнародная федэрацыя
Назва Сусветная лёгкая атлетыка
Год заснавання 1912 год
Вэб-сайт worldathletics.org

Лё́гкая атле́тыка — алімпійскі від спорту, які ўключае бег, скачкі і кіданне. Кіданні і скачкі звычайна адбываюцца ў цэнтральнай плошчы стадыёна, тады як бег праходзіць па-за травяным пакрыццём пляцоўкі. Лёгкая атлетыка складаецца з такіх спартыўных дысцыплін, як спаборніцтвы на стадыёне, шашэйны бег, бег па перасечанай мясцовасці і спартыўная хадзьба. Самыя вядомыя спаборніцтвы па гэтаму віду спорту — спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ) з’яўляецца міжнародным органам па лёгкай атлетыцы, яна была створана ў 1912 годзе і на сёння аб’ядноўвае 213 нацыянальных федэрацый.

Лёгкая атлетыка, як правіла, складаецца з індывідуальных відаў спорту, дзе спартсмены супернічаюць адзін з адным дзеля выяўлення пераможцы. У спаборніцтвах на хуткасць перамагае спартсмен з самым хуткім часам, у той час як у скачках і кіданнях перамагае спартсмен, які дамогся найбольшай адлегласці альбо вышыні. Спаборніцтвы па бегу падзяляюцца на спрынт, бег на сярэднія і доўгія дыстанцыі, эстафеты і бег з бар’ерамі. Спаборніцтвы па скачках уключаюць у сябе скачкі ў даўжыню, патройны скачок, скачкі ў вышыню і скачкі з шастом, у той час як найбольш распаўсюджанымі спаборніцтвамі ў кіданні з’яўляюцца штурханне ядра, кіданне дзіды, кіданне дыска і штурханне молата. Ёсць таксама шматбор’і, як сямібор’е і дзесяцібор’е, у якім спартсмены спаборнічаюць у некалькіх з пералічаных відаў.

Лепшыя паказчыкі ў кожнай з дысцыплін лёгкай атлетыкі ўсталеўваюцца на сусветным і нацыянальным узроўнях і называюцца сусветнымі і нацыянальнымі рэкордамі, таксама рэкорды ўсталёўваюцца на асабістым узроўні. Аднак спартсмены, якія парушылі правілы спаборніцтваў, дыскваліфікуюцца са спаборніцтваў, і іх дасягненні не ўлічваюцца.

Адкрыты стадыён

[правіць | правіць зыходнік]
Спаборніцтвы чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы 2003 года, якія праходзілі на «Стад дэ Франс».

У большасці выпадкаў лёгкаатлетычны стадыён бывае сумешчаны з футбольным стадыёнам і полем, як то мінскі стадыён «Дынама». У ЗША лёгкаатлетычны стадыён сумешчаны са стадыёнам для амерыканскага футбола або лакросу. Лёгкаатлетычны стадыён стандартна ўключае ў сябе авальную 400-метровую дарожку, якая звычайна складаецца з 8 ці 9 асобных дарожак, а таксама сектараў для спаборніцтваў у скоках і кіданнях. Дарожка для бегу на 3000 метраў з перашкодамі мае асаблівую разметку, а перашкода з вадой вынесеная на спецыяльны віраж.

Прынята вымяраць дыстанцыю на стадыёнах у метрах, як то бег на 10 000 метраў, а на шашы або адкрытай мясцовасці ў кіламетрах, як то крос 10 кіламетраў. Дарожкі на стадыёнах маюць спецыяльную разметку, якая адзначае старт усіх бегавых дысцыплінаў і калідоры для перадачы эстафеты. Часам спаборніцтвы па кіданні молата ці дзіды вылучаюць у асобную праграму ці ўвогуле выносяць за межы стадыёна, бо патэнцыйна снарад, які выпадкова выляцеў за межы сектара, можа нанесці калецтва іншым удзельнікам спаборніцтваў або гледачам.

Закрыты манеж

[правіць | правіць зыходнік]

Стандартна ўключае ў сябе авальную 200-метровую дарожку, якая складаецца з чатырох-шасці асобных дарожак, дарожку для бегу на 60 метраў і сектараў для скачковых відаў. Адзіны від для кіданняў, які ўваходзіць у праграму зімовага сезона ў закрытых памяшканнях, — гэта штурханне ядра; як правіла, ён не мае спецыяльнага сектара і арганізуецца асобна на месцы іншых сектараў. Афіцыйныя спаборніцтвы Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый праводзяцца толькі на 200-метровай дарожцы, аднак існуюць стадыёны з нестандартнай дарожкай, як то 140 метраў, 300 метраў і іншыя.

У манежы на віражах закладваюць пэўны вугал ухілу, звычайна да 18°, які палягчае бегунам праходжанне дыстанцыі на паваротах з малым радыусам крывізны. Пачынаючы з 2006 года, дыстанцыя 200 метраў была выключана з праграмы чэмпіянатаў свету і Еўропы паводле меркаванняў, што ўдзельнікі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы, бо той, хто бяжыць па знешняй дарожцы, знаходзіцца ў самых выгадных умовах. Аднак на некаторых спаборніцтвах забегі на 200-метровай дыстанцыі праводзяцца да гэтага часу.