Лёсападобныя пароды

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Лёсападобныя суглінкі)
Jump to navigation Jump to search

Лёсападобныя пароды — асадкавыя горныя пароды палевага або жоўтага колеру, якія па марфалогіі і саставу нагадваюць лёс і адносяцца да пылаватых суглінкаў і супескаў.

Ад лёсу адрозніваюцца неаднароднасцю будовы, наяўнасцю слаістасці і праслояў грубага пясчанага і галечнага матэрыялу, больш гліністым саставам, меншай порыстасцю і прасадачнасцю, уключэннем ракавін прэснаводных малюскаў і інш. Лёсападобныя пароды і лёсы аб'ядноўваюць пад назвай «лёсавыя пароды».

Могуць быць рачнога, азёрнага, пралювіяльнага, дэлювіяльнага, элювіяльнага паходжання. Пераважаюць пылаватыя (0,05—0,005 мм) фракцыі (60—80%). Асноўныя пародаўтваральныя мінералы — кварц (70—85%), палявыя шпаты, карбанаты, слюды і інш.

На Беларусі лёсападобныя пароды займаюць 14% тэрыторыі. Магутнасць 0,5—12 м. Пакатахвалістая паверхня часта ўкрыта суфазійнымі лейкападобнымі западзінамі. На лёсападобных пародах сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на якіх парушэнне правіл агратэхнікі вядзе да ўтварэння яроў. Некаторыя лёсападобныя пароды прыдатныя для вырабу цэглы, аглаперыту і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аношка Я. Лёсападобныя пароды // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.