Лівонская вайна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Лівонская вайна, Інфлянцкая вайна[1] (15581583), вайна, якая вялася паміж Маскоўскай дзяржавай, з аднаго боку, і Лівонскім ордэнам, Вялікім Княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай), Швецыяй за кантроль над Лівоніяй.

Перад падзеямі[правіць | правіць зыходнік]

На сярэдзіну 16 ст. Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Масква, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць выхад да Балтыйскага мора і, т.ч., на гандлёвыя шляхі ў Еўропу. У 1557 быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы.

Ваенныя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Вайна ў Лівоніі[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 1558 маскоўскія войскі пачалі вайну супраць Лівонскага ордэна і хутка занялі шэраг гарадоў і замкаў (Нарва, Дэрпт, Нейгаўз, Тарту і інш.) ва ўсходняй частцы Лівоніі, наблізіліся да Рэвеля і Рыгі, дзе ў 1559 адбылося спаленне расійскімі войскамі рыжскага флоту. Кіраўніцтва ордэна заключыла перамір'е (1559) з Масквой і звярнулася па дапамогу да еўрапейскіх манархаў, але згоду на ваенную дапамогу даў толькі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі. Летам 1559 у Вільні быў скліканы вальны сойм, які разглядаў гэту просьбу вялікага магістра Готарда Кетлера. Узамен за пераход усяго Ордэну пад пратэктарат ВКЛ Жыгімонт абавязаўся (31 жніўня 1559) скіраваць пасольства да Івана IV з патрабаваннем спыніць вайну, а ў выпадку адмовы пачаць вайну з Масквой.

У лістападзе 1559, пасля адмоўнага адказу Івана IV, войска ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым (некалькі тысяч наймітаў) пачало баявыя дзеянні на тэрыторыі Інфлянтаў. Тры разы ў Інфлянты хадзіла паспалітае рушэнне. У 1560 рускія войскі занялі Марыенбург, Эрмес, Фелін. У ліпені 1561 войска ВКЛ на чале з Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта пад Пярну.

У выніку новых ваенных няўдач Лівонскі ордэн фактычна распаўся. Апошні магістр Готард Кетлер перадаў у сакавіку 1562 года Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Часткі ордэнскай тэрыторыі перайшлі да Даніі (востраў Эзель у 1560) і Швецыі (паўночная Эстонія і востраў Дага ў 1561). Нарэшце, у лістападзе 1561 у Вільні было падпісана пагадненне, згодна з якім вялікі магістр ордэна Готард Кетлер аб'яўляўся свецкім князем у Курляндыі і губернатарам у астатняй частцы Лівоніі, якая станавілася правінцыяй пад уладай Вялікага Княства Літоўскага (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава — Лівонскі ордэн.

Тым часам Маскоўская дзяржава заключыла перамір'е з Швецыяй (1561) і пачала вайну супраць ВКЛ.

Вайна ў ВКЛ[правіць | правіць зыходнік]

У 1562 маскоўскія войскі, карыстаючыся тым, што войска ВКЛ было ў Інфлянтах, здзейснілі шэраг нападаў на ўсходнія землі ВКЛ (Дуброўна, Копысь, Шклоў, Орша, Віцебск). Быў узяты Невель, каля якога ў жніўні 1562 4-тысячнае войска ВКЛ білася з 15-тысячным войскам Масквы на чале з Андрэем Курбскім.

Увесь гэты час афіцыйнага стану вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай не было. Аднак у 1562 Іван IV распаўсюдзіў свае планы на землі ВКЛ, называючы сваёй вотчынай ужо «ўсю Літоўскую зямлю».

У 1563 вялікае маскоўскае войска на чале з самім Іванам IV выйшла з Вялікіх Лукаў і абклала Полацк, які здаўся пасля двутыднёвай аблогі (31 студзеня — 15 лютага), адкрываючы шлях углыб ВКЛ, да Вільні (200 км). Войска ВКЛ, высланае на дапамогу Полацку, было разбіта пад Глыбокім. Военачальнікі ВКЛ у перамовах (люты 1563) здолелі дамагчыся перамір'я да лістападу 1563. Паводле ўмоў перамір'я войскі ВКЛ не маглі падступаць да Полацкай зямлі, яшчэ не цалкам занятай маскоўскім войскам, што дало Івану IV свабоду дзеянняў у гэтых землях (разбурэнне Лукомля 8 жніўня 1563, спаленні і разбурэнні іншых паселішчаў Полаччыны).

Вялікае пасольства Жыгімонта ў Маскве (Ю. Хадкевіч, Р. Валовіч) спрабавала дасягнуць міру з Іванам IV, але перамовы (канец 1563 — 9 студзеня 1564) сарваліся, бо абодва бакі не жадалі саступаць, нават часова, правы на Полацкі павет і Інфлянты.

Ваенныя дзеянні ўзнавіліся ў 1564 наступам на ВКЛ вялікіх войскаў (корпусаў) Шуйскага і братоў Сярэбраных. Аднак перамогі войска ВКЛ над Улай і над Дуброўнай сарвалі маскоўскі паход. Драбнейшыя ваенныя дзеянні (набегі) працягваліся ўвесь 1564 год. Моцна пацярпелі ўсходнія землі Беларусі, войскі ВКЛ хадзілі на маскоўскую частку Інфлянтаў і Вялікія Лукі.

Паражэнні 1564 абвастрылі барацьбу рускага баярства супраць Івана IV. У красавіку 1564 у ВКЛ збег Андрэй Курбскі.

У 1565 тактычныя дзеянні працягваліся, войскі ВКЛ пустошылі Пскоўшчыну, перамаглі пад Красным Гарадком, хадзілі на Севершчыну, панеслі паразу пад Чарнігавам (пад кам. гетмана П. Сапегі). Саюзнік Жыгімонта хан Даўлет-Гірэй хадзіў на Разаншчыну.

Зацягнутая вайна схіліла Івана IV да ўзнаўлення мірных перагавораў. У жніўні 1565 ваенныя дзеянні былі спыненыя, аднак вялікае пасольства Жыгімонта Аўгуста (Ю. Хадкевіч, Ю. Тышкевіч, М.Галабурда і інш.) прыехала ў Маскву толькі ў маі 1566. Па-ранейшаму несумяшчальныя патрабаванні абодвух бакоў прывялі да адкладу далейшых перагавораў у ліпені 1566.

Земскі сабор (1566) ухваліў вайну Івана IV за Лівонію, таму падрыхтоўка да ваенных дзеянняў працягвалася. Маскоўская дзяржава ў 1566—1569 ставіла на Полацкай зямлі свае замкі (Усвяты ў ліпені 1566, Сокал на Дрысе, Ула на Дзвірне ўвосень 1566, таксама Суша, Сітна, Красны, Казьян, Усвят, Туроўля). Падчас узвядзення чарговага замка Кап'е на возеры Суша летам 1567 войска ВКЛ напала і разбіла маскоўскі 8-тысячны ахоўны корпус, не зважаючы на перамір'е. У тыя самыя дні лета 1567 маскоўскае пасольства прыбыло ў Гродна, проста на сойм, але выставіла такія непрымальныя патрабаванні, што перагаворы практычна не адбыліся.

У жніўні 1567 ізноў пачаліся актыўныя ваенныя дзеянні. Вялікае войска Масквы сабралася каля Вялікіх Лукаў і пайшло на Інфлянты, але вярнулася да Вялікіх Лукаў і Тарапца, даведаўшыся пра збор паспалітага рушэння ВКЛ. Ваенныя дзеянні ізноў перайші ў дробныя пагранічныя сутычкі (напрыклад, войска ВКЛ узяло Сітна зімой 1567, хадзіла ў паходы на Веліж і Усвяты, потым на Белае на Смаленшчыне ў студзені 1568, перамагло пад Веліжам у студзені 1568).

Сабранае глыбокай восенню 1567 паміж Маладзечнам і Лебедзевым войска земскай службы ВКЛ (да 50 тыс.ч.) паспрабавала перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, але дзейнічала нерашуча, і ў выніку пад вясну 1568 рушэнне разыйшлося, нічога не дасягнуўшы. Пасля няўдалага паходу на Маскву ў 1568 працягваліся малазначныя тактычныя дзеянні (перамога ВКЛ у баі пад Лепелем, узяцце Улы ў верасні; спаленне пасадаў Віцебска маскоўскім войскам). Новае перамір'е было парушана маскоўскімі нападамі на замкі ў Інфлянтах.

Перамір'е ВКЛ і Масквы[правіць | правіць зыходнік]

Польскія феадалы нічым не дапамагалі свайму саюзніку, а толькі чакалі зручнага моманту для атрымання карысці з цяжкага становішча ВКЛ, і такі момант наступіў, калі пачаліся перамовы ў Любліне.[2] Аднак пасля падпісання Люблінскай уніі Маскоўскай дзяржаве давялося мець справу ўжо з сіламі дзвюх дзяржаў. Таксама ў 1569 татарска-турэцкае войска зрабіла паход на Астрахань. На гэты час абодва бакі ўжо моцна стаміліся ад вайны, і ў канцы 1569 у Маскву выехала новае вялікае пасольства, гэтым разам ад Рэчы Паспалітай. Ізноў абодва бакі не адступалі ад свайго жадання мець Полацк і Рыгу. У выніку, згодна з умовамі 3-гадовага трактату аб прымірэнні (1570), Полацкая зямля была падзеленая. Да Масквы тымчасова адыйшлі Полацк, Сітна, Азярышча, Усвяты і замкі Туроўля, Сокал, Крэчэт, Красны, Суша. У 1572 перагаворы ўзнавіліся, Жыгімонт Аўгуст жадаў вярнуць Полацк, але Іван IV не згаджаўся. Неўзабаве Жыгімонт памёр, і Полацк застаўся пад маскоўскай уладай.

Узнаўленне вайны ў Лівоніі[правіць | правіць зыходнік]

У 1571 крымскі хан Даўлет-Гірэй спаліў Маскву. Карыстаючыся безуладдзем у Рэчы Паспалітай (1572—1575), Іван IV узнавіў вайну супраць Швецыі (1572), заняў у Лівоніі Вейсенштэйн (1572) і Пернаў (1575), да 1577 — амаль усё ўзбярэжжа, узяў у аблогу Рэвель.

Узнаўленне вайны ў ВКЛ[правіць | правіць зыходнік]

Ян Матэйка «Стэфан Баторый пад Псковам»

Новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый ажыццявіў у 1577—1579 энергічную падрыхтоўку да ўзнаўлення вайны за Полаччыну. 41-тысячнае войска выйшла з Дзісны на Полацк у ліпені 1579 і абклала горад 11 жніўня 1579. 30 жніўня горад здаўся. Пры ўступленні ў горад войскаў РП была спаленая бібліятэка Сафійскага сабора.

На працягу ліпеня—жніўня быў заняты шэраг меншых маскоўскіх замкаў, 4 верасня ўзятая Туроўля, 11 верасня штурмам узятая і разбураная крэпасць Сокал, 16 кастрычніка без бою занятая крэпасць Суша. У снежні 1579 была ўзятая Няшчэрда.

На працягу 1580 у час паходу войска Рэчы Паспалітай на Маскву былі вернуты і тыя землі Полаччыны, якія пасля 1579 заставаліся пад уладай Масквы (Себеж, Завалачча, замкі Азярышча, Усвяты). Былі занятыя Вялікія Лукі, атакаваныя Холм і Старая Руса. Шведскае войска заняло Карэлу (1580), Нарву, Івангорад, Ям, Капор'е (усё — 1581), абклалі Арэшак (1581).

У 1581 Баторый з р-на Дзісны рушыў да Вострава (узяты 21 жніўня 1581) і Пскова. Атрад Радзівіла Рудога 5 жніўня 1581 выйшаў з Віцебска на Веліж, Таропец, Старую Русу і злучыўся пад Псковам з галоўнай арміяй. 26 жніўня 1581 войска РП пачало 5-месячную няўдалую аблогу Пскова.

Канец вайны[правіць | правіць зыходнік]

Незадаволенасць вайной у Рэчы Паспалітай і няўдача аблогі Пскова вымусілі Баторыя пачаць перамовы, і 15 студзеня 1582 быў заключаны Ям-Запольскі 10-гадовы мір. Лівонія, Веліж і Полацк вярнуліся ў ВКЛ. Паводле Плюскага міру (1583) за Швецыяй засталіся Паўночная Эстонія, Нарва, Ям, Капор'е, Івангорад.

Зноскі

  1. У польскай і частцы сучаснай беларускай гістарыяграфіі асобна выдзяляецца Інфлянцкая вайна (15581570).
  2. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. – Мн.: Універсітэцкае, 1992. 270с.…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]