Лідская моладзевая падпольная арганізацыя (1950)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Лідская моладзевая падпольная арганізацыя
Тэрыторыя дзейнасці Ліда
Кіраўнікі
Іван Салдаценкаў
Заснаванне
Дата заснавання жнівень 1950
Ліквідацыя
Дата скасавання май 1951
Член у больш 50 чалавек

Лідская моладзевая падпольная арганізацыя — беларуская антыкамуністычная моладзевая арганізацыя, што існавала ў Лідзе ў 1950—1951 гадах, кіраўніком якой быў Іван Салдаценкаў.[1][2]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лідская моладзевая падпольная арганізацыя была ўтвораная ў жніўні 1950. Кіраўніком і лідарам арганізацыі быў Іван Салдаценкаў — студэнт гродзенскай культурна-асветніцкай навучальні і камсорг CШ №12 Ліды, які паходзіў з Прычысцінскага раёна Свярдлоўскай вобласці. Стварэнне арганізацыі было справакавана рэпрэсіямі з боку савецкіх уладаў. Паводле сябра арганізацыі Аляксея Логвіна гэта быў «моладзевы пратэст супраць рэжыму», а сябрамі арганізацыі былі хлопцы і дзяўчынкі, пры гэтым былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і не было толькі жыдоў. Згодна з пратаколамі допытаў Івана Салдаценкава, арганізацыя была створаная Юрыем Фаміным, які пазней быў прызваны на флот, пасля чаго кіраўніком стаў Салдаценкаў.

Спачатку асноўнай мэтай арганізацыі было выхаванне моладзі ў антысталінскім духу, а пазней мэтамі называлася звяржэнне савецкай улады, усталяванне шматпартыйнай сістэмы ўлады, абвяшчэнне дэмакратычных свабодаў і інш. Сябры прадугледжвалі поўны выхад Беларусі з складу СССР, пабудову незалежнай і суверэннай дзяржавы, увядзенне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, перадачу калгаснай зямлі аднаасобнікам і стварэнне на гэтай падставе фермерскіх гаспадарак.

Асноўная дзейнасць арганізацыі зводзілася да вуснай агітацыі пераважна сярод вучняў і студэнцкай моладзі, таксама працягваліся новыя ўдзельнікі. Сябры арганізацыі прабавалі наладзіць кантакты з замежнымі эмігранцкімі арганізацыямі ды польскім нацыянальным падполлем. Так, планавалася ўстанавіць сувязь з Югаславіяй, якая якраз адкалолася ад СССР. У арганізацыі дзейнічалі некаторыя правілы канспірацыі. Былі створаныя звёны, у якіх былі 2-3 чалавекі: яны ведалі толькі кіраўніка звяна. Кіраўнікі ведалі астатніх кіраўнікоў, але не маглі ведаць, хто быў у іншых звёнах.

У маі 1951 г. была раскрытая органамі МДБ. 28 мая быў арыштаваны кіраўнік арганізацыі Іван Салдаценкаў. Паводле Аляксея Логвіна арганізацыя была раскрытая ў выніку данясенняў і здрады:

«Пасля Салдаценкава камсоргам у школе стала Валянціна (не памятаю прозвішча). Дык вось нашыя сябры былі ўжо нагэтулькі самаўпэўненыя, што пачалі праводзіць прапаганду ў шырокім коле. І гэтая Валянціна, а яшчэ Лідка Валдаева (яе бацька быў “асабістам” ў арміі) данеслі ў МГБ. Тады ў нас на чыгунцы існаваў аддзел МГБ. Акрамя таго, я жыў у доме свайго аднакласніка Хадыкі. Ён, як я ўжо казаў, таксама быў у нашым гуртку. А потым даведаліся, што ягоны бацька звязаны з МГБ. За адной партай са мною сядзеў хлапец па прозвішчы Бычэк. Ягоны бацька таксама меў нейкія дачыненні з МГБ. І аднакласнікі здрадзілі. Калі органы даведаліся пра нас, то даручылі ім двом даносіць пра ўсе нашыя дзеянні.».

Суд адбываўся 2324 кастрычніка 1951 года ў Гродне, судзіў абласны суд. На судзе Іван Салдаценкаў выступіў з антысавецкімі прамовамі: казаў, што памятае той час, калі ў 1933 і 1947 гадах людзі паміралі ад голаду і што бачыў, як гналі высяленцаў, выгружалі эшалоны на голым полі, выганялі людзей на снег, а тыя людзі гінулі. Пасля гэтага Салдаценкаў схапіў табурэтку і запусціў яе ў пракурора. Першы прысуд быў наступны: Салдаценкаву 12 гадоў, іншым паўналетнім па 8 гадоў, непаўналетнім па 6 гадоў за антысавецкую агітацыю, але пракурор Драгун абскардзіў прысуд і справу вярнулі на даследаванне. Пасля гэтага да справы быў далучаны Сазонт Мазурок, які ня ведаў, што Леў Бычэк здраднік, і гутарыў з ім пра тое, што трэба працягваць змаганне.

Другі раз судзіў Ваенны трыбунал, судзілі ўжо «за здраду Радзіме». Пры закрыцці справы ў спісах значылася больш за 50 чалавек. У спецыяльным паведамленні Управы аховы МДБ Брэст-Літоўскай чыгункі, накіраваным у ЦК КП(б)Б, адносна дзейнасці арганізацыі было пазначана «антысавецкая моладзевая арганізацыя». Дарослыя кіраўнікі арганізацыі атрымалі па 25 гадоў савецкіх канцлагераў, а непаўналетнія — 10 гадоў.

Вядомыя сябры падполля[правіць | правіць зыходнік]

Імя Год нараджэння Нацыянальнасць Прафесійная дзейнасць Дзейнасць у арганізацыі Прысуд
Іван Салдаценкаў «Пахмуры» 1931 расеец камсорг CШ №12 г. Ліда кіраўнік 25 гадоў
Леў Бычэк не арыштаваны, супрацоўнічаў з МДБ
Віктар Параваеў 1931 расеец токар вагоннага дэпо станцыі Ліда 25 гадоў
Хведар Казлоўскі 1932 паляк вучань 9 класа CШ №12 г. Ліда 25 гадоў
Аркадзь Каштан 1931 беларус рахункавод Гродзенскага сельпо. 25 гадоў
Аляксей Логвін 1934 беларус вучань 8 класа CШ №12 Ліды кіраўнік суполак у школах №2, №3 і №12 г. Ліда 10 гадоў
Сазонт Мазурок 1933 беларус вучань 7 класа СШ №1 г. Ліда 10 гадоў
Юры Фамін марак у флоце СССР верагодны заснавальнік арганізацыі не арыштаваны
Юры Хадыка не арыштаваны, супрацоўнічаў з МДБ

Акрамя гэтага да арганізацыі належалі Міхаіл Лапко, Аляксандр Рудзяк, Хведар Сягла, Лілія Ягорава. Таксама вядомыя наступныя прозвішчы сяброў арганізацыі: Васякін, Сільвановіч, Дзевяты, Лебедзеў.

Лёсы сяброў[правіць | правіць зыходнік]

  • Леў Бычэк і Юры Хадыка сталі афіцэрамі МДБ, на момант 2004 года ўжо памерлі. Юры Хадыка пазней працаваў у Іванаўскай вобласці. Ва ўспамінах Аляксей Логвін пісаў, што Юрыя Хадыку замучыла сумленне, ён пачаў моцна піць і быў у даўгах. Паводле Марыі Логвін Юры Хадыка прыходзіў, прасіў прабачэння і казаў: «Лепш бы я з вамі тады сеў», а Леў Бычак спіўся і пабіраўся.
  • Хведар Казлоўскі пасля смерці Сталіна напісаў скаргу да Вярхоўнага ваеннага трыбуналу, дзякуючы якой у 1954 г. былі вызваленыя 4 сябры арганізацыі. Жыў у Баранавічах.
  • Аркадзь Каштан адбываў пакаранне на шахце ў Інце, пасля смерці Сталіна ягоны тэрмін быў скарочаны да 6 гадоў. Вызвалены ў 1955 годзе. Завочна паступіў у Гарадзенскую музычную навучальню. Пазней працаваў дырэктарам музычнай школы у Поразаве. Памёр у Ваўкавыску 12 ліпеня 2003 года.
  • Аляксей Логвін утрымоўваўся ў баранавіцкай і гарадзенскай турме, першы лагер быў у Поцьме ў Мардовіі – лагер для непаўналетніх, дзе ён моцна захварэў. Пасля шпіталя быў пераведзены ў Камышлаг пад Омскам на будаўніцтва нафтаперапрацоўчага заводу, дзе таксама хварэў і быў надта слабы, за што шмат часу адбыў у карцары. Вызвалены 20 снежня 1954 года, адпраўлены на два гады ў на будаўніцтва на Данбас. Скончыў школу, паступіў у Новачаркаскую політэхнічную навучальню на завочнае, але не давучыўся. У 1959 годзе вярнуўся ў Ліду. Ажаніўся. Працаваў у гандлі, пазней на чыгунцы. Выйшаў на пенсію ў 1994 годзе, быў грамадскім актывістам, браў актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах 1995 года. Памёр 12 студзеня 2004 года.
  • Сазонт Мазурок адбываў пакаранне на медных рудніках у Карагандзе. Потым быў забраны ў войска. Служыў у Камышлове на Урале. Скончыў 9 і 10 клас вячэрняй школы і курсы геадэзістаў, працаваў геадэзістам у Лідскім БТІ, пазней на іншым месцы. Памёр 14 сакавіка 1990 года.
  • Іван Салдаценкаў быў рэабілітаваны 8 мая 1979 г. На момант рэабілітацыі жыў у Калініградcкай вобласці, працаваў эканамістам у меліярацыі.
  • Хведар Сягла працаваў дырэктарам школы. Жыў у Лідскім раёне, у в. Бердаўка.
  • Лілія Ягорава, якая была сведкай на судзе, пазней працавала настаўніцай.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154972.html Гісторыя Лідскай моладзевай падпольнай арганізацыі
  2. Антысавецкае моладзевае падполле ў Лідзе ў 50-х гадах 20-га ст.. Архівавана з першакрыніцы 12.05.2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • НА РБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 212.
  • Вялікая В. Дзейнасьць падпольнай маладзёжнай антысавецкай арганізацыі ў г. Ліда // Паўсядзённае жыцьцё ў Беларусі: 1945–1965. Зборнік матэрыялаў і конкурсных працаў. 98/99. Укладальнік А.Дзярновіч. Менск, 1999. С. 86–92.
  • Аляксей Логвін. Супраць “мудрага правадыра” // VERITAS №1(2)2004. Бюлетэнь БГА “Ветэраны Адраджэньня”. C. 15-18
  • А. Соленков. Перчатка в лицо великому Сталину. Лідская газета, 13 красавіка 2002 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]