Лідыйцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лідыйцы
Выява лідыйскага салдата на магільне
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Лідыя
Мова лідыйская мова
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы карыйцы, лікійцы

Лідыйцы, або меоны  — зніклы народ, які размаўляў на лідыйскай мове лувійскай падгрупы анаталійскай групы (або галіны) індаеўрапейскіх моў. Лідыйцамі іх называлі асірыйцы і грэкі, а саманазвай было «меоны», яшчэ адной саманазвай было «сфардэны». У хецкіх летапісах краіна называлася Маса, навукоўцы бачаць у гэтым больш старажытную форму назвы Меоніі (Всемирная история том 3, стар. 87). Паводле Ксанфа Лідыйскага першым царом меонаў быў Атый, у якога было два сыны: Лід і Тарэб. Яны падзяліліся на лідыйцаў і тарэбаў.

У гістарычны перыяд лідыйцы пражывалі ў вобласці Лідыя на захадзе Анатоліі. Р. Беекес меркаваў, што ў перыяд Траянскай вайны лідыйцы, вядомыя ў Гамера як меоны, жылі далёка на поўначы, на паўночным захадзе Анатоліі[1], у вобласці Маса, лакалізацыя якой да цяперашняга часу з'яўляецца прадметам спрэчак.

У шырэйшым сэнсе тэрмін «лідыйцы» ўключаў усё насельніцтва Лідыі ў антычны перыяд, уключаючы аўтахтонныя дахецкія народы. Так, старажытнагрэчаскія аўтары ўключаюць у склад лідыйцаў і этрускаў, чыё паходжанне з Малой Азіі паводле сучасных даных уяўляецца цалкам верагодным, аднак мова якіх не мае нічога агульнага з лідыйскай. У любым выпадку, лідыйцы — нашчадкі адной з постхецкіх дзяржаў — былі ў Лідыі дамінуючым народам аж да заваявання Лідыі персамі.

Рост магутнасці лідыйцаў пачаўся разам са знішчэннем царства фрыгійцаў у 7 ст. да н.э. Пад уладай дынастыі Мермнадаў, якая пачалася ў 680 г. да н.э. з кіравання Гіга, лідыйцы распаўсюдзілі сваё панаванне ад усходняга іанійскага ўзбярэжжа і да ракі Галіс. Сталіцай лідыйцаў быў горад Сарды. У 630 г. на лідыйцаў напалі кімерыйцы, якім удалося захапіць Сарды каля 652 г. да н.э. Гіг памёр падчас абарончай кампаніі.

Напачатку 6 ст. да н.э. у гады кіравання цара Аліята лідыйскае царства дасягае кульмінацыі ў сваім развіцці. Вайна супраць мідыйцаў была спынена з-за сонечнага зацьмення ўлетку 585 г. да н.э. (у апошні час гісторыкі аспрэчваюць гэту дату). Пасля гэтай вайны рака Галіс стала мяжой паміж лідыйцамі і мідыйцамі. На захадзе Аліят заваяваў вобласці аж да Лікіі. Да гэтага моманту па сваёй моцы Лідыя магла параўнацца з Мідыяй, Вавілонам і Егіптам.

Спадчыннік Аліята, цар Крэз, у 547 годзе да н.э. перайшоў Галіс і напаў на персаў, якія захапілі да таго часу Мідыю. Як паведамляе Герадот (I, 53), які прысвяціў лідыйцам нямала месца ў «Гісторыі», дэльфійскі аракул паабяцаў Крэзу, што ён знішчыць вялікае царства — якім у выніку апынулася сама Лідыя. У 546 г. да н.э. персы захапілі Лідыю і ператварылі яе ў сваю сатрапію.

У антычных крыніцах лідыйцам прыпісваецца чаканка першых манет. Першыя выяўленыя ў Лідыі манеты адносяцца да 7 ст. да н.э.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]