Лінза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Лінза

Лінза (ням.: Linse, ад лац.: lens — сачавіца) — празрыстае цела з аднастайнага матэрыялу, абмежаванае двума паліраванымі праламляльнымі крывалінейнымі паверхнямі вярчэння (часцей сферычнымі) або крывалінейнай і плоскай паверхнямі.

У цяперашні час усё часцей прымяняюцца і «асферычныя лінзы», форма паверхні якіх адрозніваецца ад сферы. У якасці матэрыялу лінзаў звычайна выкарыстоўваюцца аптычныя матэрыялы, такія як шкло, аптычнае шкло, аптычна празрыстыя пластмасы і іншыя матэрыялы.

Адрозніваюць лінзы двух тыпаў: выпуклыя і ўвагнутыя. Лінза можа быць дваякавыпуклай або дваякаўвагнутай; адна з паверхняў лінзы можа быць плоскай, такія лінзы называюцца плоскавыпуклая і плоскаўвагнутая. Прамая, якая праходзіць праз цэнтры сферычных паверхняў называецца галоўнай аптычнай воссю лінзы. Калі таўшчыня лінзы малая ў параўнанні з радыусамі крывізны яе паверхняў, то лінза называецца тонкай. Усякая лінза мае пункт, праходзячы праз які прамень не змяняе свайго напрамку. Гэты пункт называецца аптычным цэнтрам лінзы.

Дваякавыпуклая лінза збірае праломленыя прамені
Дваякаўвагнутая лінза рассейвае пучок праменяў

Дваякавыпуклая лінза збірае праломленыя прамені, таму такая лінза называецца збіральнай. Пры замене лінзы на дваякаўвагнутую прамені пасля лінзы разыходзяцца. Дваякаўвагнутая лінза рассейвае паралельны пучок падаючых на яе праменяў, і такая лінза называецца рассейвальнай. Цэнтральны прамень пры гэтым не зведвае праламлення.

Пункт, у якім перасякаюцца праломленыя лінзай прамені, што падаюць паралельна галоўнай аптычнай восі, або іх прадаўжэнні, называецца галоўным фокусам лінзы. Паколькі паралельныя прамені можна пусціць як з аднаго, так і з другога боку лінзы, то і галоўных фокусаў у лінзы два. Абодва фокусы ляжаць на галоўнай аптычнай восі.

Пункт у якім лінза збірае прамені, што ідуць пад вуглом да галоўнай аптычнай восі знаходзіцца ў плоскасці, якая праходзіць праз галоўны фокус перпендыкулярна галоўнай аптычнай восі. Гэта плоскасць называецца факальнай плоскасцю, а дадзены пункт, у адрозненне ад галоўнага фокуса, называецца фокусам.

У збіральнай лінзы ў фокусе перасякаюцца самі праломленыя прамені, якія нясуць энергію, у рассейвальнай лінзы — прадаўжэнні праломленых праменяў, таму фокус у збіральнай лінзы сапраўдны, а ў рассейвальнай — уяўны. Адлегласць ад аптычнага цэнтра да галоўнага фокуса называецца фокуснай адлегласцю.

Велічыня, адваротная фокуснай адлегласці, з’яўляецца аптычнай сілай лінзы і вымяраецца ў дыяптрыях (дптр). Аптычная сіла рассейвальнай лінзы, у якой фокус уяўны, ёсць адмоўнай велічынёй.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Фізіка: падруч. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. А. Ісачанкава, Ю. Д. Ляшчынскі; пад рэд. Л. А. Ісачанкавай; пер. з рус. мовы Н. Г. Ляўчук. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 183 с. : іл. ISBN 978-985-03-1330-0