Ліпеньская рэвалюцыя ў Егіпце

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кіраўнікі руху Свабодных афіцэраў злева направа: Закарыя Махі эд-Дзін, Абдэль Лаціф аль-Багдадзі, Камаль аль-Дзін Хусейн, Гамаль Абдэль Насер, Абдэль Хакім Амер, Махамед Нагіб, Юсеф Сідык і Ахмед Шаўкі
Ліпеньская рэвалюцыя ў Егіпце
Free Officers, 1953.jpg
Праціўнікі
Commons-logo.svg Аўдыё, фота, відэа на Вікісховішчы

Ліпеньская рэвалюцыя — ваенны пераварот, які адбыўся ў Егіпце 23 ліпеня 1952 года, у выніку якога была скінута манархія і абвешчана рэспубліка. Пераварот быў здзейснены членамі руху радыкальна настроеных ваенных «Свабодныя афіцэры» на чале з Гамалем Абдэлем Насерам.

Перадумовы рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Сярод прычын, якія прывялі да рэвалюцыі[1]:

Егіпецкая паліцыя спрабуе затрымаць жанчын, якія блакуюць уваход у брытанскі банк, у час антыбрытанскіх маніфестацый у Каіры

Перавароту папярэднічала серыя масавых антыбрытанскіх маніфестацый у Каіры ў студзені і лютым 1952 года, якія скончыліся разнёй егіпецкіх паліцэйскіх і мірных жыхароў. Пасля гэтых падзей армія канчаткова перайшла пад кантроль апазіцыі. Тройчы кароль прызначаў новых прэм'ер-міністраў у надзеі вярнуць краіну пад кантроль, але яго спробы не ўвянчаліся поспехам. Першапачаткова арганізацыя радыкальна настроеных ваенных «Свабодныя афіцэры», на чале якіх стаяў старшыня выканкама гэтай арганізацыі падпалкоўнік Гамаль Абдэль Насер планавала здзейсніць пераварот 5 жніўня, аднак група змоўшчыкаў была раскрыта лаяльнай ураду службай бяспекі. Асцерагаючыся арышту, Насер вырашыў скінуць караля 23 ліпеня.

Хроніка рэвалюцыйных падзей[правіць | правіць зыходнік]

У 1952 годзе капітан Ахмед Хамруш служыў у Александрыі, дзе займаўся прапагандай сярод егіпецкіх войскаў, якія яшчэ былі ўзрушаны паражэннем Егіпта ў першай араба-ізраільскай вайне. Хамруш адным з першых уступіў у арганізацыю «Свабодныя афіцэры», дзе разам з Насерам, Халедам Махі эд-Дзінам, Салахам Салемам, Хамдзі Убейдам, Ахмедам Фуадам і Абдэль Рахманам Ананам займаўся напісаннем і распаўсюджваннем улётак[2].

21 ліпеня 1952 года, напярэдадні выступлення «Свабодных афіцэраў», да Хамруша прыйшлі браты Насера Шаўкі і Эз эль-Араб Абдэль Насеры і паведамілі, што ён, як прадстаўнік александрыйскага гарнізона, тэрмінова выклікаецца з Насерам у Каір за інструкцыямі. Увечар 22 ліпеня, каля 17.30, Насер на сваім чорным «Осціне» пад'ехаў да Хамруша, які чакаў яго на вуліцы ў суправаджэнні Камаля ад-Дзіна Хусейна і двух афіцэраў. Ён паведаміў, што гэтай ноччу армія здзейсніць пераварот і высуне патрабаванні да караля Фаруку. Для Хамруша гэтая навіна была поўнай нечаканасцю, тым больш, што ў асяроддзі ХАДЭТУ не падтрымлівалі ідэю ваеннага перавароту, а прытрымліваліся тэорыі народнай рэвалюцыі[2][3].

Насер паставіў задачу пачаць мабілізацыю лаяльных «Свабодным афіцэрам» часцей арміі ў «летняй сталіцы» краіны, дзе знаходзіліся на адпачынку кароль Фарук і ўрад, забяспечыць кантроль над раёнам, не рухаючы войскі і не дапусціць канфліктаў паміж гарнізонамі Александрыі і Каіра. Аднак капітан Ахмед Хамруш, перш, чым выехаць у свой гарнізон, давёў да ведама камуніста Ахмеда Фуада, будучых членаў Савета рэвалюцыйнага камандавання маёра Халеда Махі эд-Дзіна і падпалкоўніка Юсефа Седыка, а таксама генеральнага сакратара ХАДЭТУ Сеіда Сулеймана Рыфаі (Бадра), што рыхтуецца выступленне. Было прынята рашэнне, што марксісты падтрымаюць пераварот. Ужо апоўначы Хамруш прыбыў у Александрыю[4] і адразу ж накіраваўся ў 2-і пражэктарны полк[5], а затым са штаба акругі даў сігнал камандзірам часцей прыбыць у іх размяшчэнні.

У Александрыі, у адрозненне ад Каіра, не сталі звяртацца да арыштаў, але да раніцы становішча заставалася нявызначаным, таму што лаяльныя каралю афіцэры, знаходзячыся на волі ў сваіх часцях, не ведалі, што ім рабіць.

22 ліпеня 1952 года на кватэры маёра Халеда Махі эд-Дзіна адбылася апошняя нарада перад пераваротам, які стаў пачаткам Егіпецкай рэвалюцыі. Член СРК маёр Халед Махі эд-Дзін адказваў за захоп стратэгічнага раёна Абасія — Геліёпаль, дзе знаходзіліся армейскія казармы[6].

У Кавалерыйскай управе арміі, якая кіравала бранятанкавымі часцямі, за аперацыю акрамя маёра Халеда Махі эд-Дзіна адказвалі таксама падпалкоўнікі Хусейн аль-Шафеі і Сарват Акраша, якія кіравалі дзеяннямі бранятанкавых падраздзяленняў у раёне аэрадрома Эль-Мазы і ў Абасіі. Бранетанкавы батальён Халеда Махі эд-Дзіна павінен быў заняць пазіцыю на ўездзе ў Геліёпаль каля кінатэатра «Роксі»[7].

Махі эд-Дзін так успамінаў падзеі той ночы:

«У тую памятную ноч я павінен быў падняць мотамеханізаваны батальён і захапіць важныя аб'екты ў раёне Абасія — Геліёпаль. Салдаты ведалі мяне, і таму не каштавала вялікіх намаганняў угаварыць іх дзейнічаць. Я сказаў ім: „Салдаты, наша радзіма ў цяжкім становішчы. У гэтыя крытычныя хвіліны Савет кіраўніцтва рэвалюцыяй даручае нам выканаць свой абавязак“ Гэтага аказалася дастаткова, каб батальён дружна выступіў пад камандаваннем свайго афіцэра. Аднак, у казарме з'явіўся афіцэр, які мог змарнаваць усю справу. Прыйшлося арыштаваць яго. Жэрабя было кінутае. Я загадаў салдатам заняць названыя Насерам аб'екты, мы захапілі іх амаль без супраціўлення»[8].

У ноч з 22 на 23 ліпеня 1952 года ў Каір увайшлі войскі, блакіраваўшы ўсе ўрадавыя ўстановы.

Ужо ў 7:30 раніцы 23 ліпеня па радыё прагучала камюніке генерал-маёра Махамеда Нагібу, у якім гаварылася, што «прадажны» ўрад скінуты. Насер і Махі эд-Дзін разам складалі тэкст першага звароту да нацыі. Камюніке зачытаў падпалкоўнік Анвар Садат. Кіраваў путчыстамі Савет рэвалюцыйнага камандавання Егіпта (9 афіцэраў, падпалкоўнікі і маёры. У іх колькасці, Гамаль Абдэль Насер, Абдэль Хакім Амер, Анвар Садат).

Калі раніцай 23 ліпеня Анвар Садат зачытаў па радыё Маніфест «Свабодных афіцэраў», увесь александрыйскі гарнізон дружна выказаў падтрымку і далучыўся да руху. Хамруш адзначаў, што «нідзе не адбылося ніводнага варожага выступлення»[9]. Сярод афіцэраў, што падтрымалі намаганні Хамруша, акрамя братоў Насера, быў і будучы ваенны аташэ ў Амане Салах Мустафа. З Каіра паступіла распараджэнне не прадпрымаць актыўных дзеянняў, і толькі ў другой палове дня 23 ліпеня Насер і генерал Мухамед Нагіб патэлефанавалі Хамрушу, выслухалі даклад, пра тое, што ў Александрыі ўсё спакойна, і далі ўказанне затрымаць камандуючага Памежнай аховай генерала Хусейна Серы Амера, які хацеў бегчы ў Лівію[10].

Увечары 23 ліпеня 51-гадовы генерал-маёр Махамед Нагіб, камандуючы Паўднёвай ваеннай акругай і член арганізацыі "Свабодныя афіцэры", атрымаў ад караля пасаду галоўнакамандуючага арміяй[11]. Кароль Фарук яшчэ спадзяваўся на ваенную дапамогу ЗША, аднак неўзабаве быў схоплены, прымушаны да адрачэння і высланы з краіны. Каралеўскі прастол перайшоў да яго сына-немаўляці.

26 ліпеня 1952 года «свабодныя афіцэры» на чале з генералам Махамедам Нагібам удзельнічалі ў Александрыі ў цырымоніі правадоў у эміграцыю караля Фарука. Махі эд-Дзін успамінаў, што кароль запэўніваў лідараў рэвалюцыі, што сам намерваўся правесці пераўтварэнні, дзеля якіх яны зрынулі яго рэжым[12].

Далейшыя дзеянні рэвалюцыі егіпецкіх афіцэраў[правіць | правіць зыходнік]

12 жніўня 1952 года папулярныя чаканні неадкладных рэформ прывялі да бунтаў рабочых у Кафр-Давар, у выніку чаго новымі ўладамі былі вынесены два смяротныя прысуды.

15 жніўня Савет рэвалюцыйнага камандавання Егіпта ўзначаліў генерал-маёр пяхоты Махамед Нагіб. Яго намеснікам у СРК прызначаўся Гамаль Абдэль Насер.

Пасля прыходу «Свабодных афіцэраў» да ўлады на адным з першых пасяджэнняў СРК была ўнесена прапанова прыцягнуць экспертаў для распрацоўкі планаў палітычных і эканамічных пераўтварэнняў. Насер падтрымаў яго і спіс экспертаў было даручана скласці эканамісту Ахмеду Фуаду, які прытрымваўся марксісцкіх поглядаў[13]. Да распрацоўкі праектаў рэформ, у тым ліку і аграрнай, былі таксама прыцягнуты марксісты Рашыд аль-Бараві і Абдэль Разік аль-Сануры[14].

7 верасня 1952 года генерал Махамед Нагіб сфарміраваў новы ўрад, што азначала ўжо фармальную перадачу дзяржаўнай улады ад прэм'ер-міністра Алі Махіра, прызначанага 23 ліпеня зрынутым каралём, у рукі «Свабодных афіцэраў» [15]. 9 верасня быў выдадзены закон аб аграрнай рэформе. Латыфундыі абмяжоўваліся 126 гектарамі. Астатнія землі канфіскоўваліся і размяркоўваліся паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі. Землі каралеўскага дому былі канфіскаваны без кампенсацыі. Таксама абмяжоўвалася зямельная рэнта. Егіпет пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1952 года прызнаў права суданскага народа на самавызначэнне.

15 студзеня адыбліся арышты па абвінавачванні ва ўдзеле ў змове афіцэраў артылерыі (сярод арыштаваных капітан Ахмед Хамруш) [16]. Насер уступіў у адкрыты канфлікт з егіпецкімі камуністамі і пачаў арышты членаў ХАДЭТУ - камуністычнай арганізацыі "Дэмакратычны рух за нацыянальнае вызваленне", яе армейскай секцыі. Член СРК Халед Махі эд-Дзін, які меў цесныя сувязі з членамі ХАДЭТУ, захаваў свае пазіцыі ў Савеце рэвалюцыйнага камандавання, у адрозненне ад іншага члена Савета — марксіста Юсефа Седыка, які прынцыпова падаў у адстаўку і быў адпраўлены ў эміграцыю[17]. Карыстаючыся падтрымкай Насера, Махі эд-Дзін выступаў супраць смяротнага пакарання для арыштаваных пасля падзей 15 студзеня, незалежна ад таго, прытрымліваліся яны левых, ці правых поглядаў. Дзякуючы яго пазіцыі не было прыменена смяротнае пакаранне да артылерыйскіх афіцэраў, арыштаваным па абвінавачванні ў рэакцыйнай змове[18].

17 студзеня года Нагіб, як галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі, выдаў маніфест аб роспуску ўсіх палітычных партый, канфіскацыі іх фондаў і трохгадовым «пераходным перыядзе»[19]. 10 лютага была апублікавана часовая канстытуцыя Егіпта, якая павінна была дзейнічаць у пераходны перыяд[20].

Ключавыя пасады ва ўрадзе рэспублікі з лета 1953 занялі лідары «Свабодных афіцэраў». 18 чэрвеня ў краіне ўсталявана рэспубліка. Першым прэзідэнтам прызначаецца кіраўнік урада генерал-маёр Махамед Нагіб. Насер стаў намеснікам прэм'ер-міністра. Аднак адразу ж выявіліся супярэчнасці Насера з Нагібам. Гамаль выступаў супраць існавання парламента, генерал Нагіб — за.

25 лютага 1954 года Савет рэвалюцыйнага камандавання зняў прэзідэнта Егіпта генерала Нагіба з усіх пасад і ўзяў яго пад хатні арышт. Прэм'ер-міністрам быў прызначаны Насер. У пятніцу 26 лютага афіцэры кавалерыйскіх войскаў запатрабавалі неадкладнага вяртання Нагібу на яго пасады і «аднаўленні дэмакратыі». Спроба Насера, які стаў прэм'ер-міністрам, угаварыць іх прыняць палітычныя змены, не прывяла да поспеху, і ён з'ехаў з кавалерыйскіх казармаў на нараду Савета рэвалюцыйнага камандавання перакананым у непазбежнасці ваеннага перавароту, які вось-вось здзейсняць кавалерыйскія і бранятанкавыя часці.

Тым часам Халед Махі эд-Дзін праводзіў пятніцу як традыцыйны для мусульман выхадны і не падазраваў пра выступленне сваіх таварышаў па службе. Ахмед Хамруш:

«У будынку Савета рэвалюцыйнага камандавання Халед Махі эд-Дзін прыбыў пасля таго, як, вярнуўшыся дамоў з кінатэатра позна ўвечар, даведаўся, што яго выклікаюць у СРК. Члены СРК сядзелі з хмурнымі тварамі, і ў іх ён прачытаў непрыязнасць. Пра тое, што адбывалася ў кавалерыйскіх казармах, ён не падазраваў».

Але Насер прапанаваў вярнуць Нагіба і прызначыць Махі эд-Дзіна прэм'ер-міністрам, каб той прыняў тэрміновыя меры па аднаўленні канстытуцыйнага ладу ў Егіпце. Махі эд-Дзін стаў пратэставаць супраць сыходу ў адстаўку іншых членаў СРК, але Насер не змяніў рашэння. Абдэль Хакім Амер пагадзіўся застацца на пасадзе галоўнакамандуючага, а Камаль ад-Дзін Хусейн настойліва прасіў Махі эд-Дзіна «не ператвараць краіну ў камуністычную», пасля чаго Савет ухваліў прапановы Насера[21].

Рашэнне Савета рэвалюцыйнага камандавання, якое складалася з пяці пунктаў, ледзь не змяніла гісторыю Егіпта. Генерал Нагіб вяртаўся на пасаду прэзідэнта краіны, якая станавілася парламенцкай рэспублікай, Халед Махі эд-Дзін прызначаўся прэм'ер-міністрам, які фарміраваў пераходны ўрад на тэрмін у 6 месяцаў і праводзіў выбары ва Устаноўчы сход, СРК распускаўся, а яго члены вярталіся ў свае вайсковыя часці.

Досвіткам 27 лютага Насер і Махі эд-Дзін прывезлі дэкрэт СРК у кавалерыйскія казармы, дзе рашэнні былі сустрэты з непрытоеным захапленнем. Затым Халед Махі эд-Дзін разам з маёрам Шамсам Бадранам накіраваўся дамоў да Мухамеда Нагіба і паведаміў яму пра вяртанне на пасады.

Аднак так званы «другі эшалон» «Свабодных афіцэраў» не падтрымаў рашэнні аб вяртанні арміі ў казармы. Начальнік ваеннай паліцыі падпалкоўнік Ахмед Анвар, які меў уплыў у ваенна-паветраных сілах падпалкоўнікі Вагіх Абаза і Алі Сабры, капітаны Камаль Рыфаат (які стаў пасля віцэ-прэзідэнтам ААР), Хасан ат-Тухамі і іншыя паднялі свае часці і ўзялі пад кантроль сітуацыю ў Каіры. Узброеныя афіцэры запоўнілі штаб-кватэру СРК, двое з іх паспрабавалі напасці на Махі эд-Дзіна, калі той вярнуўся ад Нагіба, але яго абаранілі члены СРК Абдэль Хакім Амер і Гамаль Салем. Насупраць кавалерыйскіх казармаў, ужо заблакаваных мотамеханізаваным батальёнам, паставілі процітанкавыя гарматы, туды ж была накіравана паднятая Алі Сабры авіяцыя[22]. Капітан Камаль Рыфаат па сваёй ініцыятыве арыштаваў прэзідэнта Нагіба і дэманстрацыйна даклаў пра гэта Амеру. Было зразумела, што ўчорашняе рашэнне Насера невыканальна.

Апоўдні 27 лютага члены распушчанага СРК сабраліся на нараду. На ёй Салах Салем, Гамаль Салем, Хасан Ібрагім, Камаль ад-Дзін Хусейн і Анвар Садат у адзін голас прапанавалі вывесці Халеда Махі эд-Дзіна са складу Савета і арыштаваць яго. Затым хтосьці прапанаваў саслаць яго ў Мерса-Матрух, Абдэль Хакім Амер прапанаваў высылку па-за межы Егіпта.

Толькі Абдэль Лаціф аль-Багдадзі заступіўся за Махі эд-Дзіна, заявіўшы:

«Халед не хаваў ад нас сваіх поглядаў. Пра тое, што яго погляды адрозніваюцца ад нашых, нам было вядома. Да таго ж ён падаваў у адстаўку, а мы яму ў гэтым адмовілі»[23].

. У дыскусію ўмяшаўся Насер, які перарваў абмеркаванне пытання сцвярджэннем, што справа не ў Халедзе Махі эд-Дзіне, а ў Нагібе[24].

Увечар таго ж дня Нагіб быў вернуты на пасаду прэзідэнта, а Махі эд-Дзін застаўся членам СРК[25], але па парадзе свайго стрыечнага брата Закарыі Махі эд-Дзіна да 5 сакавіка не паяўляўся ў Каіры[26].

8 сакавіка на пасаду прэм'ер-міністра пасля "12-дзённага інцыдэнту" быў вернуты прэзідэнт Махамед Нагіб. 25 сакавіка на пасяджэнні СРК Халед Махі эд-Дзін выступіў у абарону рашэнняў ад 5 сакавіка аб скліканні Устаноўчага сходу і запатрабаваў увесці новую структуру дэмакратыі[27]. Пасля гэтага ён суправаджаў прэзідэнта Нагіба і караля Саудаўскай Аравіі Сауда ў іх паездцы ў Александрыю. Там, асцерагаючыся за сваю бяспеку, ён затрымаўся на некалькі дзён[27].

1 красавіка Насер звязаўся з Махі эд-Дзінам[26], пасля чаго той вярнуўся ў Каір і падаў у адстаўку, якую Насер неадкладна прыняў[27]. (Іншая крыніца сцвярджае, што Махі эд-Дзін пакінуў склад СРК 9 сакавіка 1954 года). 18 красавіка 36-гадовы Гамаль Абдэль Насер быў прызначаны прэм'ер-міністрам. 14 лістапада 1954 года першы прэзідэнт Махамед Нагіб, які імкнуўся адрадзіць парламент і палітычныя партыі, а таксама абмежаваць ролю арміі ў палітычным жыцці краіны, быў адхілены ад улады і ўзяты пад хатні арышт. Фактычным кіраўніком краіны стаў Гамаль Абдэль Насер на пасадзе прэм'ер-міністра.

У 1954 годзе пасля няўдалага замаху членаў асацыяцыі Браты-мусульмане на Гамаля Абдэль Насера дзейнасць «Братоў-мусульман» у Егіпце была забаронена, некаторыя актывісты былі арыштаваны.

Міжнародныя наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова новы ўрад захоўваў умераныя адносіны з краінамі Захаду, аднак нацыяналізацыя Егіптам Суэцкага канала прывяла да вайны з Францыяй і Вялікабрытаніяй, а таксама Ізраілем (Суэцкі крызіс). Гэта выклікала рэзкую крытыку як з Масквы, так і з Вашынгтона. Тым не менш, пазіцыя ЗША тлумачылася галоўным чынам нецярпімасцю да самастойнасці саюзнікаў па НАТА у пытаннях знешняй палітыкі, тады як савецкае кіраўніцтва бачыла ў Егіпце магутнага саюзніка і імкнулася ўсімі спосабамі падтрымаць Насера. Хрушчоў нават прыстрашыў нанясеннем ядзерных удараў па Парыжы і Лондане[1]. У выніку ўрад Насера канчаткова заручыўся падтрымкай Савецкага Саюза.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Ратуючы Егіпет, Хрушчоў збіраўся бамбіць Парыж і Лондан — brainity.moscow
  2. 2,0 2,1 Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С.8.
  3. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С.156.
  4. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С.157.
  5. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С.167.
  6. Агарышев А. А. Гамаль Абдель Насер / М. 1975 — C.64.
  7. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С.163.
  8. Агарышев А. А. Гамаль Абдель Насер / М. 1975 — C.69.
  9. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С. С. 168.-169.
  10. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С. 182.
  11. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С.179.
  12. Aburish, Said K. Nasser, the Last Arab /2004, St. Martin’s Press,New York City, ISBN 9780312286835 — p.52.
  13. Агарышев А. А. Гамаль Абдель Насер / М. 1975 — C.89.
  14. Агарышев А. А. Гамаль Абдель Насер / М. 1975 — C.91.
  15. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С.193. С.195.
  16. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/М.1984 — С.229.
  17. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С. С. 229.—230.
  18. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте / М. 1984 — С. С. 243.—244.
  19. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С.193. С.217.
  20. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С.219.
  21. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте/ М. 1984 — С.249.
  22. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте / М. 1984 — С. С.250.-251.
  23. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте / М. 1984 — С.251.
  24. Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте / М. 1984 — С.252.
  25. Хамруш А. «Революция 23 июля 1952 года в Египте»/ М. 1984 — С.253
  26. 26,0 26,1 Gordon, Joel Nasser’s Blessed Movement: Egypt’s Free Officers and the July revolution / 1992, Oxford University Press US, ISBN 0195069358 — p. 158.
  27. 27,0 27,1 27,2 Хамруш А. Революция 23 июля 1952 года в Египте / М. 1984 — С.257.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Рэвалюцыі ў Егіпце