Літаратурны музей Аркадзя Куляшова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Літаратурны музей Аркадзя Куляшовамузей, прысвечаны памяці і творчасці Аркадзя Куляшова. Заснаваны ў 1984 г. у в.Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. Філіял Касцюковіцкага краязнаўчага музея. Аснову экспазіцыі склалі прадметы з выстаўкі 1978 г., прысвечанай А.Куляшову, і рэчы з мемарыяльнага пакоя паэта, адкрытага ў 1980 г. у Касцюковіцкім краязнаўчым музеі. Размяшчаўся ў 3 пакоях драўлянай хаты.

У 1990 г. закрыты, экспанаты перададзены раённаму краязнаўчаму музею. У 1999 г. аднавіў сваю дзейнасць у будынку Новасаматэвіцкай сярэдняй школы як Літаратурны музей А.Куляшова. Музеем кіравалі Я.А.Шаройка, А.В.Раздзёрына. З 2006 г. дырэктар Н.М.Лабынцава.

Асноўны фонд (2008) налічвае 350 адзінак захоўвання. Плошча экспазіцыі музея 53,3 м².

Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: дзяцінства будучага паэта; пачатак творчасці; юнацтва — росквіт паэтычнага таленту; Вялікая Айчынная вайна; Куляшоў-перакладчык; даніна памяці паэту. Сярод прадстаўленых экспанатаў асабістыя рэчы пісьменніка, партрэт яго маці, бюст А.Куляшова, падораны яму скульптарам З.Азгурам, шматлікія фотаздымкі сям'і паэта, яго сяброў, віншавальныя тэлеграмы, ганаровыя граматы. Сабрана калекцыя друкаваных выданняў паэтаў і пісьменнікаў ХХ ст., якія захапляліся творчасцю А.Куляшова.