Перайсці да зместу

Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне
Жанр верш
Аўтар Арцём Вярыга-Дарэўскі
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання кастрычнік 1858
Дата першай публікацыі 1971
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Літві́нам, запіса́ўшымся ў мой Альбо́м, на пажагна́нне» (лац.: Litwinam, zapisauszymsia u moj Albom, na pażegnańnia) — верш беларускага паэта Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, напісаны ў кастрычніку 1858 года. Адзін з нешматлікіх беларускамоўных твораў аўтара, якія захаваліся да нашага часу[1].

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Верш быў напісаны паэтам у кастрычніку 1858 года пры ад’ездзе з Вільні і «ахвяраваны» ім М. Рэніеру[1]. Твор звязаны з вядомым «Альбомам» Вярыгі-Дарэўскага — своеасаблівым літаратурна-грамадскім помнікам, у якім пакідалі свае аўтографы многія дзеячы беларускай культуры сярэдзіны XIX стагоддзя.

Захаванне рукапісу

[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінальныя беларускія творы А. Вярыгі-Дарэўскага амаль не захаваліся. Верш дайшоў да нас дзякуючы копіі, зробленай даследчыкам беларускай літаратуры Рамуальдам Зямкевічам у 1913 годзе[1]. Зямкевіч спісаў яго са старой копіі, а не з арыгінала, зверыўшы почырк з лістом Вярыгі да Ігната Легатовіча[2].

У 1913 годзе ў артыкуле «Памажыця!» ў газеце «Наша Ніва» паведамлялася, што ў рэдакцыі знаходзіцца «арыгінал» паэмы Вярыгі «Братом літвіном». Аднак даследчыкі мяркуюць, што гаворка ішла менавіта пра тую ж копію верша «Літвінам, запісаўшымся...»[1].

У міжваенны перыяд копія Зямкевіча захоўвалася ў Беларускім музеі ў Вільні. Пасля Вялікай Айчыннай вайны яе адшукаў у сваім асабістым архіве Я. Шутовіч, ад якога дакумент трапіў у Цэнтральную навуковую бібліятэку АН БССР (цяпер — імя Якуба Коласа НАН Беларусі), дзе і захоўваецца цяпер[1][3].

Упершыню верш быў апублікаваны ў 1971 годзе ў хрэстаматыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Публікацыя была зроблена з купюрамі, а назва твора была адвольна мадэрнізавана складальнікамі: «Літвінам, што запісаліся ў мой „Альбом“, на развітанне»[1].

  1. 1 2 3 4 5 6 Кісялёў 1993, с. 295.
  2. ↑ Кісялёў 1993, с. 53.
  3. ↑ Ліст Р. Зямкевіча захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН БССР, ф. 23, воп. 1, адз. зах. 405.