Літоўскія паходы да 1270 года

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Літоўскія паходы да 1270 году)
Jump to navigation Jump to search

1030-1040-я[правіць | правіць зыходнік]

У 1038 годзе Мецлаў Мазавецкі з дапамогай ятвягаў і літоўцаў пачаў барацьбу з Казімірам Узнавіцелем. Казімір заключыў супраць Мецлава саюз з вял. кн. кіеўскім Яраславам. У 1038 годзе Яраслаў хадзіў супраць саюзнікаў Мецлава ятвягаў, у 1040 — супраць літоўцаў, у 1041 — на Мазовію, у 1044 — зноў супраць літоўцаў. Урэшце, у 1047 годзе рускія хадзілі ў Мазовію і ў баі з імі Мецлаў загінуў. Верагодна, у гэтай вайне ўдзельнічаў і саюзнік Яраслава — Брачыслаў Ізяславіч, бо з гэтага часу літоўцы пачалі плаціць даніну ў Полацк[1]. Гл. таксама:[2][3][4][5].

1060-1080-я[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы здзейснілі далёкі паход на карэлаў.

  • Крыніца звестак — ноўгарадская берасцяная грамата, якая ў паведамленні пра знаходку была памылкова датавана 1182—1212 гадамі, але пры падрыхтоўцы да публікацыі памылка была выяўлена — грамата датуецца 1065—1085 гадамі, бліжэй да 1065 года, верагодна, 1060-мі гадамі. Праўда, памылковая датыроўка паспела трапіць у навуковыя публікацыі. Так Т. Баранаўскас у сваёй манаграфіі гіпатэтычна датаваў яе 1191 годам, разглядаючы грамату ў кантэнксце шведска-ноўгарадскага канфлікту (1187—1193?), калі карэлы былі саюзнікамі наўгародцаў, а літоўцы такім чынам выступілі на баку шведаў, што, паводле Т. Баранаўскаса, мусіць пацвярджаць існаванне Літоўскай дзяржавы і яе далёкіх знешнепалітычных інтарэсаў. Але, як памылковасць стала вядома, цяпер кантэкст літоўскага паходу на Карэлію пакуль не прааналізаваны, чаму перашкаджае скупасць звестак пра тагачасную Літву.[6][7][8]

1132[правіць | правіць зыходнік]

Мсціслаў Уладзіміравіч з сынамі, Ольгавічамі і Усеваладкам Гарадзенскім хадзіў на Літву, спаліў краіну і ўзяў вялікі палон, але на адваротным шляху, калі дружыны ішлі паасобку, літоўцы забілі шмат кіяўлянаў.

1162[правіць | правіць зыходнік]

Валадар, кн. менскі, разам з літоўцамі разбіў кн. полацкага Рагвалода-Васіля, шмат палачан загінула і трапіла ў палон.

1167[правіць | правіць зыходнік]

Валадар, кн. менскі, разам з літоўцамі разбіў кн. полацкага Усяслава Васількавіча, заняў Полацк і пайшоў да Віцебска, але літоўцы спалоханыя начной бурай (або набліжэннем смаленскіх войскаў) разышліся на лясах, таму Валадару давялося вярнуцца ў Менск.

1180[правіць | правіць зыходнік]

Кіеўскія, чарнігаўскія князі з наўгародцамі, а таксама полацка-віцебскія князя з літоўцамі і лівамі хадзілі на Друцк.

  • Т. Баранаўскас лічыць, што ў 1180 годзе літоўцы апошні раз удзельнічалі ў паходзе ў складзе войскаў полацкіх князёў, бо недзе ў 1180—1183 г. утварылася Літоўская дзяржава (ВКЛ)[9].

1183[правіць | правіць зыходнік]

Зіма: Літоўцы ваявалі ваколіцы Пскова, пскавічы біліся з імі і, верагодна, пацярпелі.

  • Паводле Т. Баранаўскаса, гэта магчыма першы паход арганізаваны надысь узніклай Літоўскай дзяржавай (ВКЛ), даследчык лічыць яго буйной аперацыяй, якая прычынілася выгнанню з Ноўгарада кн. Яраслава, паводле Баранаўскаса, за няздольнасць абараніць Ноўгарадскую зямлю, у т.л. Пскоў ад літоўцаў[9].

1185[правіць | правіць зыходнік]

Люты 1185 г.: літоўцы хадзілі на ліваў, разрабавалі Лівонію, вывелі шмат палону. Пасля гэтага біскуп Мейнард угаварыў ліваў дазволіць яму пабудаваць два каменных замка для абароны ад літоўцаў (гл. Ікскюль і Гольм).

1190[правіць | правіць зыходнік]

Зіма: Рурык сабраўся супраць літоўцаў, але да вясны затрымаўся ў Пінску, таму да Літвы не дайшоў (гл. падр. 1193 г.).

1191[правіць | правіць зыходнік]

Палачане і ноўгародцы сустракаліся ў Вялікіх Луках і дамовіліся пра сумесны паход на літоўцаў або на чудзь налета. З нейкай прычыны, налета сумесны паход не адбыўся, наўгародцы асобна хадзілі на чудзь, а палачане адны хадзілі супраць літоўцаў

1192[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Полацкі хадзіў на Літву.

1193[правіць | правіць зыходнік]

Рурык сабраўся супраць літоўцаў, але ўжо з дарогі мусіў павярнуць да Паўднёвай Русі.

  • Паводле Т. Баранаўскаса, гэтыя (1193) разам з мінулымі (гл. 1190) рурыкавы зборы супраць літоўцаў можна разглядаць у кантэксце падзей у Польшчы. Яшчэ перад 1192 годам, яцвягі (Pollexiani Getarum seu Prussorum genus) нападалі на Польшчу ў чым іх падтрымліваў драгічынскі князь. У адказ, у 1192 годзе Казімір II Справядлівы (1177—1194), жонка якога Алена была сястрой Рурыка, пайшоў супраць яцвягаў. Праўда, літоўцы наогул не ўспамінаюцца, але польскія крыніцы яшчэ і ў ХIII ст. не заўсёды адрознівалі прусаў (яцвягаў) ад літоўцаў. Магчыма, што і літоўцы таксама прымалі ўдзел у нападах на Польшчу, а Рурык дзейнічаў узгоднена з Казімірам II. Сумесныя паходы яцвягаў і літоўцаў, паводле Т. Баранаўскаса, цалкам магчымы зыходзячы з пазнейшых сумесных паходаў (напр. гл. 1209) і сведчанняў крыніц, напр. у «Слове…» Раман, кн. валынскі, ухваляецца за пакарэнне (1180-я) адразу літоўцаў, яцвягаў і інш. варожых народаў — паводле Т. Баранаўскаса, магчыма, што яцвягі трапілі пад ўладу Літвы ў самым пачатку ўтварэння там дзяржавы, т.б. паводле яго ў 1180-я гады, і ўсе паходы яцвягаў былі або з удзелам літоўцаў, або інспіраваныя літоўцамі.

1198[правіць | правіць зыходнік]

Вясна: У Вялікія Лукі на княжанне пасаджаны Ізяслаў Яраславіч, каб арганізоўваць абарону Ноўгарадскай зямлі ад літоўцаў.

Восень: Палачане з літоўцамі хадзілі пад Вялікія Лукі, але лучане здолелі абараніць горад.

  • У. Пашута адзначае, што да гэтага часу літоўцы выступалі як саюзнікі палачан (трэба разумець баяр, палітычнай верхавіны Полацка) і, верагодна, паміж імі было нейкае пагадненне. У далейшым, паводле В. Пашуты, літоўцы пачынаюць дзейнічаць самастойна, але ўсё ж з яўнай або маўклівай згоды палачан.[10]

Рыфмаванай хронікай адзначаны паход літоўцаў разам з рускімі з Кукейноса ў зямлю ліваў супраць біскупа Бертольда, войска біскупа было разбіта (загінула 300 «хрысціян»), але звесткі пра гэты паход лічацца сумніўнымі.

1200[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на воласць Ловаць, у вярхоўях аднаіменнай ракі, але былі разбітыя ў пагоняй — забіта 80, а палон вызвалены. У баі з літоўцамі загінула 15 наўгародцаў.

Ваяводай у Вялікія Лукі прызначаны Няздзіла Пхцыніч.

1201[правіць | правіць зыходнік]

Дагавор 1201 года — літоўцы заключылі мір з немцамі ў Рызе.[11]

Літоўцы пайшлі супраць земгалаў, Уладзімір Полацкі ўварваўся ў Літву, што прымусіла літоўцаў вярнуцца.[11]

1203[правіць | правіць зыходнік]

Палачане хадзілі супраць немцаў у Лівонію і адступілі ад Гольма, але Усевалад Герцыкскі з літоўцамі парабаваў ваколіцы Рыгі.[11]

1204[правіць | правіць зыходнік]

Зіма: Ольгавічы хадзілі на Літву, забіта 1700 літоўцаў.

  • У тыя часы да чарнігаўскіх воласцей адносіліся Клецк, Капыль, Слуцк і інш. землі на Палессі.

NB: НПЛ, Саф.1, Васкр., Патр., Сімеон., Ермал. паведамляюць пра гэта пад 1203 г., Лаўрэцьеўскі пад 1205 г.

1205[правіць | правіць зыходнік]

Паход літоўцаў на Лівонію, дружына біскупа разам з братамі-рыцарамі Ордэна мечаносцаў разбіла літоўскі атрад[12].

  • Гэта першая згадка ўдзелу Ордэна ў ваенных дзеяннях.

1207[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Я. Длугаша, смаленскія князі Уладзімір Рурыкавіч, Раман Барысавіч і Канстанцін, Мсціслаў, Расціслаў Давыдавічы хадзілі на Літву.

26.12: Літоўцы хадзілі ў Лівонію, былі разбіты каля Ашэрадэна[13].

1209[правіць | правіць зыходнік]

Паводле ГВЛ, літоўцы і яцвягі здзейснілі вялікі паход на Валынь, моцна пацярпела Уладзімір-Валынскае княства.

1210[правіць | правіць зыходнік]

Паход літоўцаў на Ноўгарадскую зямлю, на зваротным шляху «…угони Литву Новгородцы в Ходыницех и избиша» (в. Ходыні паблізу Ловаці), пагоняй кіравалі браты Мсціславічы (Мсціслаў, Уладзімір, Давыд).

Паход літоўцаў на Рыгу.

1211[правіць | правіць зыходнік]

На ўладанні рыжскага біскупа (1212?)

На ўладанні рыжскага біскупа (зіма 1212/1213?)

1212[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі ў Лівонію, разрабавалі ўладанні бускупскага васала Данііла фон Леневардэна, які не здолеў даць ім адпору і рабавалі ўладанні біскупа. Ордэнскае войска разбіла літоўцаў пры Леневардэне, знічтожыўшы амаль увесь атрад, загінуў літоўскі князь.[14]

1213[правіць | правіць зыходнік]

Зіма 1212/1213: Літоўцы хадзілі ў Лівонію ва ўладанні Ордэна мечаносцаў, паход з цяжкасцю адбіты немцамі.[15]

На Пятроў пост літоўцы із'ездам захапілі Пскоў, відаць пасады, спалілі яго і бесперашкодна адышлі з палонам, бо пскавічы тым часам былі на возеры.

1214[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі ў Лівонію, але немцы разбілі іх, загінуў літоўскі князь Стэксэ.

1216[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Я. Длугаша, кн. Мсціслаў Давыдавіч са смаленцамі разбіў літоўцаў, якія рабавалі ваколіцы Полацка. Рускія крыніцы пра гэта не паведамляюць (гл. пра падзеі пасля смерці Уладзіміра Полацкага) — «Dux Mstislaus Davidovicz cum Smolensium militia celeri cursu in Poloczko adveniens lithuanos incautos offendens, absque numero sternit et occidit»[16].

1217[правіць | правіць зыходнік]

На Шалонь. За літоўцамі гналіся, але дагнаць не здолелі.

1219[правіць | правіць зыходнік]

Канец 1218-пачатак 1219: Літоўцы ў складзе нямецкага войска біліся з рускімі, які прыйшлі пад Вендэн[17]. Тым часам іншая частка літоўцаў разграбіла частку Пскова[18].

Дагавор 1219 г. — літоўцы папрасілі міру ў валынскіх князёў — канец літоўска-валынскай вайны.

1220[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на чарнігаўскія воласці, Мсціслаў Святаславіч пагнаўся за імі з Чарнігава, разбіў і вызваліў палон.

  • У тыя часы да чарнігаўскіх воласцей адносіліся Клецк, Капыль, Слуцк і інш. землі на поўдні сучаснай Беларусі.

1222[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы разам з рускімі хадзілі супраць немцаў пад Вендэн.

1223[правіць | правіць зыходнік]

На Таропец. За літоўцамі гналіся, але дагнаць не здолелі.

1224[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на Старую Русу, разбілі рушан, якія выйшлі супраць іх, узялі шмат коней.

1225[правіць | правіць зыходнік]

Зіма: Літоўцы (7000) хадзілі на Таржок і адхадзілі праз Таропец і Усвят, былі разбіты — забіта 2000. У гэтай бітве з літоўцамі загінуў Давыд Таропецкі, брат Мсціслава Удатнага. Паводле Суздальскага летапісу, літоўцы небывалай да гэтага колькасцю ваявалі вакол Ноўгарада, Таропца, Смаленска, Полацка і паланілі шмат людзей, кн. Яраслаў Усеваладавіч выступіў з Пераяслаўля супраць літоўцаў, дагнаў і разбіў іх на возеры паблізу Усвята, паланіў літоўскіх князёў і вызваліў палон, пасля гэта ўстанавіўся мір на доўгія гады.[19]

  • У. Пашута заўважыў, што звесткі Суздальскага летапісу гіпербалізаваныя з мэтай ўзвысіць заслугі кн. Яраслава Усеваладавіча, ноўгарадскія крыніцы паведамляюць пра напад літоўцаў толькі на ноўгарадскія воласці (Таржок), а мір насамрэч цягнуўся не доўга.[20]

1229[правіць | правіць зыходнік]

Студзень: на Ноўгарад (Любна, Марэва, Селігер). Літоўцы разбітыя ноўгарадскай пагоняй, палон вызвалены.

1234[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на Старую Русу, спачатку захапілі горад, але рушане выбілі іх і біліся ў полі — у баі загінула 4 рушаніна. Літоўцы разграбілі Спаскі манастыр, забілі 4 манахаў і адхадзілі праз Клін і Таропец. Каля Таропца іх нагнаў кн. Яраслаў з наўгародцамі, літоўцы былі разбіты і разбегліся, палон вызвалены, наўгародцы ўзялі 300 коней. У бітве загінула 10 наўгародцаў.

1236[правіць | правіць зыходнік]

Пскавічы (200 вояў) разам з немцамі хадзілі на Літву, але пацярпелі ў бітве на Саўле, толькі 20 пскавічоў ацалела.

1239[правіць | правіць зыходнік]

(6747 сакавіцкі год) Яраслаў Усеваладавіч хадзіў супраць літоўцаў да Смаленска, разбіў іх і паланіў літоўскага князя, пасля гэтага пасадзіў на смаленскім стальцы Усевалада і з вялікім палонам вярнуўся ў Пераяслаўль.

Аляксандр Яраславіч пачаў будаўніцтва гарадкоў на Шалоні супраць літоўцаў.

Літоўцы хадзілі на Пскоў і зрабіўшы засаду 25.9 разбілі пагоню пскавічоў на Камені.

1240[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы ў складзе нямецкага войска хадзілі на ноўгарадскія воласці, узялі Лугу, захапілі шмат коней і быдла.

1245[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на Таржок і Бежыцы. За імі гналіся наваторжцы з кн. Яраславам Уладзіміравічам, але былі разбітыя літоўцамі страцілі коней, некаторыя трапілі ў палон. Потым за літоўцамі пагналіся Явід з цверанамі і Эрбет з дзмітраўцамі (Явід (Явидъ) і Ербет (Ербетъ, Кербетъ) — літоўцы на службе ў Цверы? (паводле Ермаловіча?)), а таксама зноў Яраслаў з наваторжцамі, нагналі літоўцаў каля Тарапца і разбілі іх. Рэшта літоўцаў забегла ў сам Тарапец, але на наступны дзень прыйшоў Аляксандр Яраславіч выбіў літоўцаў з Тарапца і забіў 8 літоўскіх князёў. Ад Тарапца Аляксандр Яраславіч пагнаўся за іншай часткай літоўцаў і нагнаў іх каля Жыжаца і знішчыў усіх, у т.л. князёў. Адтуль Аляксандр пайшоў у Віцебск да сына, на адваротным шляху з малай дружынай разбіў яшчэ адзін атрад літоўцаў каля Усвята.

1247[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на Пскоў і 3.7 разбілі пскавічоў на Кудзепі.

1248[правіць | правіць зыходнік]

Зіма: Літоўцы прайшлі праз Смаленскую зямлю і ўварваліся ў Маскоўскае княства, у бітве з імі на рацэ Протве загінуў маскоўскі кн. Міхаіл Яраславіч, літоўцы, аднак, былі разбітыя суздальскімі князямі пад Зубцовым.

  • Паводле Т. Баранаўскаса, гэты паход здзейснілі пасланыя Міндоўгам сваякі — Таўцівіл, Едзівід і Вікінт і менавіта з-за гэтае паразы Міндоўг выгнаў іх з Літвы, да таго ж паслаўшы забойцаў. У кожным разе, выгнаннікі знайшлі прытулак у Данііла Галіцкага — пачатак новай літоўска-валынскай вайны.

1253[правіць | правіць зыходнік]

Літоўцы хадзілі на наўгародскія воласці і адхадзілі праз Таропец. Каля Таропца іх нагналі наўгародцы з кн. Васілём, літоўцы разбіты, палон вызвалены.

1254[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі паход Данііла Галіцкага супраць літоўцаў — дагавор 1254 года — канец літоўска-валынскай вайны.

1258[правіць | правіць зыходнік]

Вясна/лета: Палачане з літоўцамі хадзілі на Смаленск і разарылі Вайшчыну[21].

  • У. Пашута бачыць тут ключовы момант — змену адносінаў паміж літоўцамі і палачанамі, падначалены стан апошніх, грунтуючыся на тым, што палачане прыйшлі з літоўцамі, а не літоўцы з палачанамі[22]. Паводле Д. М. Аляксандрава і Д. М. Валадзіхіна яшчэ паміж 1239—1252 у Полацку на стальцы зацвердзілася літоўская дынастыя[23].

Восень: Літоўцы хадзілі на Таржок, разбілі наваторжцаў, узялі пасад у Таржку, шмат гараджан забілі і ўзялі ў палон.

Зіма: Татары ваявалі Літву.

1262[правіць | правіць зыходнік]

Паміж Літвою (Міндоўгам) і Ноўгарадам (Аляксандрам Яраславічам) заключаны мір і саюз супраць немцаў.

  • Паводле В. Пашуты, пачатак новага этапу ў наўгародска-літоўскіх адносінах.[22]

Таўцівіл, кн. полацкі, хадзіў з палачанамі і 500 літоўцамі ў дапамогу наўгародцам супраць немцаў.

Зноскі

  1. Баранаускас Т. Вытокі…
  2. Пашуто В. Т. Внешняя политика Древней Руси. — М., 1968. — С. 29—40;
  3. Bieniak J. Panstwo Miecława. Warszawa, 1965. S. 67;
  4. Urbanczyk S., Beniak J. Miecław // SSS: — T. III. S. 247;
  5. Руссоцкий С. Мазовецкая государственность в период феодальной раздробленности (XIII—XVI вв.) // Польша и Русь. С. 157.
  6. Янин В. Л., Зализняк А. А. Новгородские грамоты на бересте (из раскопок 1977—1983 гг.). Комментарии и словоуказатель к берестяным грамотам (из раскопок 1951—1983 гг.). М., 1986. С. 50.
  7. Гайдуков П. Г. Славенский конец средневекового Новгорода. Нутный раскоп. М., 1992. С. 81.
  8. Янин В. Л. Берестяная грамота № 590 // Историческая археология: Традиции и перспективы. — М. — 1998. — С. 387—388.
  9. 9,0 9,1 Баранаўскас Т. Вытокі…
  10. Пашуто В. Образование… С. 50.
  11. 11,0 11,1 11,2 Генрых ХЛ……
  12. HCL. IX, 2.
  13. HCL. XI, 5.
  14. HCL. XVII, 5.
  15. HCL. XVII, 6.
  16. Długossi J. Historiae Poloniae. — Cracoviae, 1873, P. 181.
  17. НПЛ (ПСРЛ 1, III, 37)
  18. Генрых…
  19. ПСРЛ, т.1., в.2., стб. 447—448
  20. Пашуто В. Образование… С. 44.
  21. Воскресенская летопись, ПСРЛ, т. 29, С. 313.
  22. 22,0 22,1 Пашуто В. Образование… С. 51.
  23. Александрова Д. Н., Володихина Д. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Baranauskas T. Lietuvos valstybės ištakos. — Vilnius: «Vaga», 2000, 317 p.
  • Kiaupa Z., Kiaupienė J., Kuncevičius A. Lietuvos istorija iki 1795 metų. — Vilnius, 1995.
  • Leonavičiūtė I. Kariauna Lietuvoje formuojantis valstybei: magistrinis darbas / darbo vadovas E. Gudavičius. — Vilnius, 1998. (пералік паходаў 1162—1350 г., не дастаткова поўны і дакладны)
  • Paszkiewicz H. Regesta Lithuaniae. — Varsoviae, 1930. — T. 1.
  • Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. — T. 1. (пералік не дастаткова поўны і дакладны)