Ліштва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прафіляваныя ліштвы
Ліштва франтоннага тыпу ў доме па Паўночным завулку, 9 у Мінску

Лі́штва — накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найбольш пашыраная форма ліштвы — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асноўныя сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геаметрычнага, расліннага ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі ліштвы адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расліннага характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя ліштвы вядомы з 11 ст., фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка. Па-мастацку дэкарыраваныя ліштвы рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У другой палове 19 ст. разнастайны дэкор ліштваў паявіўся і ў сялянскім жыллёвым будаўніцтве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя ліштвы выкарыстоўваюць у сучасным народным жыллёвым будаўніцтве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, захадзе Віцебшчыны пашыраны ліштвы з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геаметрычнага, зааморфнага ці расліннага характару. У цэнтральным Палессі (Пінскі, Столінскі раёны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца ліштвы на ўсходзе Гомельшчыны (гл. Веткаўская разьба).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
  • Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;
  • Сахута Я. М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
  • Сахута Е. М. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;
  • Локотко А. И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]