Лазар Саулавіч Ран

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Л. Ран)
Лазар Саулавіч Ран
Фатаграфія
Дата нараджэння 18 красавіка 1909(1909-04-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 1988
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Жанр партрэт, тэматычная карціна[d] і гістарычны жывапіс
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм
Уплыў Яфім Сямёнавіч Мінін, Міхаіл Георгіевіч Эндэ і Фёдар Адольфавіч Фогт

Лазар Саулавіч Ран (5 (18) красавіка 1909, Дзвінск — 5 жніўня 1988, Мінск) — беларускі савецкі графік, жывапісец, скульптар, паходзіў з яўрэяў горада Даўгаўпілс.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Даваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Калі Лазару споўнілася шэсць гадоў, сям’я пераехала ў беларускі горад Полацк. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1928—1932) у мастакоў Я. С. Мініна, Ф. А. Фогта, М. Г. Эндэ. У гады вучобы дружыў з Анатолем Волкавым, Абрамам Заборавым, Адольфам Гугелем, Раісай Кудрэвіч.

Пасля заканчэння вучобы Лазар Ран працаваў ілюстратарам кніг у Дзяржвыдавецтве БССР у Мінску. З канца 1930-х ён паспяхова ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках, у асноўным як жывапісец. Жанрам і тэматыкай яго прац былі партрэты, гістарычныя кампазіцыі ў рэалістычным напрамку. Творам уласцівы эмацыйнасць, жыццёвая праўдзівасць, тонкі псіхалагізм.

У лістападзе 1932 года быў арыштаваны за антысавецкую агітацыю і потым асуджаны Асобай нарадай пры Калегіі АГПУ. Некалькі месяцаў правеў за кратамі, але быў вызвалены (рэабілітаваны Пракуратурай БССР 31 мая 1989)[1]. Пасля выхаду на волю, Лазар Ран з’ехаў у Маскву і быў вымушаны заставацца там да вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. У час вайны мастак маляваў партрэты партызанскіх камандзіраў, падпольшчыкаў, якія прыбылі з-за лініі фронту. Гераічная тэма, тэма Вялікай Айчыннай вайны — традыцыйныя для беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Вядомы яго жывапісныя партрэты і сюжэтна-тэматычныя карціны:

  • Партрэт Героя Савецкага Саюза Г. Маслоўскай
  • Партрэт камісара партызанскага атрада У. Крайко, 1945
  • Партрэт прафесара Л. Ніканава, 1948
  • «Акупанты», 1948
  • «Дзядуля-герой», 1957
  • «Весткі з Петраграда», 1957
  • «Сталявары», 1958
  • «Беларуская легенда», 1960
  • Партрэт Францыска Скарыны, 1963

Сябра Саюза мастакоў БССР з 1940 года.

Пасляваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Вярнуўшыся ў 1944 годзе ў Мінск, Лазар Ран дазнаўся аб гібелі ў гета сваёй сям’і, усіх родных, што засталіся ў горадзе. Гэтая трагедыя вызначыла тэму ўсёй далейшай творчасці мастака. У сярэдзіне 1950-х гадоў ён пачаў працаваць над серыяй афортаў «Мінскае гета», якая не мае аналагаў. Мастак на працягу 20 гадоў працаваў над гэтым цыклам, стварае ўсё новыя і новыя варыянты, часам неаднаразова вяртаючыся да адной і той жа кампазіцыі, імкнучыся дамагчыся максімальнай выразнасці і тэхнічнай дасканаласці. Гэты цыкл з’яўляецца адным з самых пранізлівых твораў, прысвечаных трагедыі Халакосту. У серыю ўвайшлі 17 лістоў, сярод якіх:

  • «Пекла»
  • «Вар’ятка»
  • «За калючым дротам»
  • «Музыка»
  • «Паэт»
  • «Птушкі»
  • «Расстрэл»
  • «У схроне»
  • «Філосаф»
  • «Хворая маці»
  • «Шчасліўчык»
  • «Яма»

Серыя афортаў Лазара Рана «Мінскае гета» доўгія гады не экспанавалася на выстаўках. У 1979 пры пасрэдніцтве нямецкага мастака Ліі Грундзік альбом гэтых гравюр закупіла Дрэздэнская карцінная галерэя. Толькі ў 1991 годзе афорты былі паказаны на выставе ў Палацы культуры тонкасуконнага камбіната імя Ц. Я. Кісялёва. Пасля гэтага ў канцы 90-х гадоў, мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн зноў экспанавала гэтыя творы ў сваёй галерэі «Брама»[2].

Тэму Мінскага гета мастак працягнуў іншымі творамі ў літаграфіі, скульптуры, жывапісу. У якасці мастацкага элемента Лазар Ран уводзіць у літаграфіі «Кажыце, слухайце, памятаеце», «Фашысцкія забойцы» і «Рэквіем» надпісы на мове ідыш, якія даносяць да гледача галоўныя думкі і пачуцці мастака. У адрозненне ад афортаў, дзе пераважае маляўнічае спалучэнне цёмнага і светлага тонаў, літаграфіі выглядаюць як скульптурныя рэльефы. Дзве літаграфіі — «Мадонна з гета» і «Прысвячэнне Абраму Бразеру» выкананы ў выглядзе надмагільных камянёў. Абрам Бразер, беларускі скульптар, жывапісец, графік быў сябрам мастака і загінуў у Мінскім гета разам са сваім сынам.

Пасля вайны Ран звярнуўся да графікі, да новых для яго тэхнікам афорта і літаграфіі. З гэтага часу графіка стала адным з асноўных відаў яго творчасці. Мастак стварыў серыі афортаў:

  • «Брэсцкая крэпасць» (15 лістоў), 1952
  • «Мой Родны Кут, як ты мне мілы…» (паводле твору Якуба Коласа), 1958—1960
  • «Якуб Колас у Навагрудку», 1960
  • «Па Родных Мясцінах» (паводле твораў Янкі Купалы), 1970
  • «Яўрэйскія пісьменнікі», 1962—1972
  • «Сустрэча ў Вільне», 1980
  • «Янка Купала і Цётка каля Чорнага возера», 1983
  • «Кіжы»
  • «Беларуская архітэктура»

Лазар Ран таксама вядомы як жывапісец і скульптар. У яго бронзавых рэльефах «Загінулым у гета прысвячаецца», «Музыка», «Памяці Януша Корчака», выкананага да 100-годдзя з дня нараджэння педагога, які загінуў разам з дзецьмі ў канцлагеры, выкарыстаны сімвалы яўрэйскіх святыняў і тэксты на мове ідыш. Бронзавая скульптура задумвалася мастаком як помнік загінулым у Мінскім гета.

Некаторыя жывапісныя палотны — «Хворая маці», «Музыка», «У схроне» паўтараюць кампазіцыі афортаў і бронзавых рэльефаў, прысвечаных Мінскаму гета. Мастак у творчасці ўвесь час вяртаўся да трагедыі свайго народа.

Працягваў таксама ілюстраваць кнігі: «Муму» І. Тургенева (1953 г.), «Дзіцячы сад» А. Вялюгіна, «Джым-ліфцёр» Н. Кальмы  (руск.) (1954 г.) і іншыя.

«Ідышэ шрайбер»[правіць | правіць зыходнік]

У цыкл літаграфій «Яўрэйскія пісьменнікі» ўвайшлі партрэты вядомых пісьменнікаў і паэтаў, якія жылі ў розныя эпохі і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё яўрэйскай культуры. Больш за 20 партрэтаў усёй серыі размешчаны на традыцыйных разьбяных надмагільных камянях — мацэйвах.

На загалоўным лісце серыі намаляваны камень з ільвом (сюжэт традыцыйнага яўрэйскага народнага арнаменту, сімвал адвагі), які трымае запаленую свечку над надпісам «Яўрэйскія пісьменнікі». Лазар Ран зрабіў вобразы класікаў яўрэйскай літаратуры, на творах якіх ён быў выхаваны: Шолам-Алейхем, Мендэле Мойхер-Сфорым, Шалом Ан-скі  (руск.), Шауль Чарніхоўскі  (руск.), Іцык Лейбуш Перац  (руск.). Працягнулі цыкл партрэты сучаснікаў мастака: Ісак Маньевіч Бабель  (руск.), Ізі Харыка, Пераца Маркіша  (руск.) і іншых.

Партрэты пісьменнікаў рэалістычныя і вядомыя. Для раскрыцця іх вобразаў, пры стварэнні сюжэтаў і дэталяў, мастак выкарыстоўваў разнастайныя прыёмы. Адным з такіх стылістычных прыёмаў сталі надпісы на мове ідыш імёнаў і прозвішчаў персанажаў цыклу, якія раскрываюць стаўленне майстра да творчасці пісьменнікаў. У некаторыя партрэты майстар уключыў дадатковыя тэксты, урыўкі з вершаў (Ізі Харыка, Пераца Маркіша  (руск.), Шмуэла Галкіна), асобныя выразы (Шолам-Алейхем), назвы твораў (Шалом Ан-скі  (руск.)). Некаторыя партрэты мастак змясціў на пабітыя камяні. Першапачаткова яны складалі асобную серыю «Разбітыя надмагіллі» («Цубрахене мацэйвес»). Пазней Ран аб’яднаў усе партрэты ў агульны цыкл «Яўрэйскія пісьменнікі». У арыгіналах усе творы цыклу створаны ў спалучэнні двух колераў — чорнага і залатога.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 2009 года ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы мастацтваў адкрылася выстаўка «Расстраляная літаратура». Яўрэйскія пісьменнікі ў графіцы Лазара Рана". Выстаўка была арганізавана бібліятэкай сумесна з Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі (Мінск). У экспазіцыі было прадстаўлена 16 арыгінальных графічных работ Лазара Рана з цыклу «Яўрэйскія пісьменнікі».

Творы мастака захоўваюцца, у асноўным, у прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, а таксама ў сям’і сына мастака.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазарь Ран. Минское гетто: графика, скульптура, живопись. Альбом. Сост. Инна Герасимова, Андрей Скребков. — Минск: Кнігазбор, 2008.
  • Р. Шаура. Ран Лазар Саулавіч. Мінск: Беларусь, 1975.
  • Выстаўка твораў мастака Л. С. Рана: [каталог / аўтар прадмовы У. Бойка]. — Мінск: Полымя, 1973.
  • Выстаўка твораў Лазара Саулавіча Рана, прысвечаная 30-годдзю творчай дзейнасці: каталог. — Мінск, 1963.
  • Н. Агафонаў. Думаць аб будучыні… // Мастацтва Беларусі, № 5/1990. -- С. 22-24.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]