Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з МДМК)
Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж  (МДМК)
Дата заснавання 1908
Тып каледж
Дырэктар Святлана Юр'еўна Данілковіч
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Мінск
Адрас 220070, Мінск, вул. Даўгабродская, д. 41, к. 1.
www.msmc.by

Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж (МДМК) — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Мінску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны ў 1908 г. пры Губернскай бальніцы як фельчарска-акушэрская школа. У дарэвалюцыйны перыяд былі падрыхтаваны 1433 спецыялісты[1].

У 1920 годзе ў выніку рэарганізацыі ўстановы былі ўтвораны Мінская савецкая фельчарская школа і Мінская савецкая акушэрская школа, якія ў 1922 годзе зноў былі аб’яднаны. У 1923 годзе школа ператворана ў Мінскі медыцынскі тэхнікум[1].

У 1932 г. школа рэарганізавана і перайменавана ў Медыцынскую школу. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўстанова прыпыніла сваю дзейнасць і зноў адкрылася ў 1944 годзе пад назвай Мінская школа медыцынскіх лабарантаў. Першы паваенны выпуск складаўся з 27 чалавек, у 1951 годзе — ужо са 105 чалавек[1].

У 1954 годзе навучальная ўстанова была пераназвана ў Мінскае медыцынскае вучылішча № 1. Падрыхтоўка ажыццяўлялася па дзвюх спецыяльнасцях — «фельчар» і «фельчар-лабарант», а да канца 1970-х гадоў — яшчэ і па спецыяльнасці «медыцынская сястра». Установа не мела ўласнай навучальнай базы, выкладанне ажыццяўлялася ў памяшканнях Мінскага медыцынскага інстытута, клінічных бальніц, некаторых сярэдніх школ г. Мінска[1].

У 1965 годзе вучылішчу быў перададзены невялікі будынак па вуліцы М. Горкага (цяпер вул. М. Багдановіча, раён Траецкага прадмесця), у якім размяшчалася дырэкцыя, бухгалтэрыя, канцылярыя, бібліятэка і тры невялікіх навучальных кабінета. У 1973 годзе вучылішчу перададзены чатырохпавярховы будынак былой Рэспубліканскай СЭС па вул. Казінца, 48, а ў 1987 годзе — трохпавярховы будынак былой вячэрняй школы рабочай моладзі Мінскага трактарнага завода па вул. Казлова, 71 (цяпер — вул. Даўгабродская, 41)[1].

З 2002 г. — Мінскае дзяржаўнае медыцынскае вучылішча № 1. З 1 студзеня 2006 года, рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, установе прысвоены статус каледжа[1].

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж мае два карпусы з сучаснымі аўдыторыямі, лабараторыямі, разгорнутай навучальнай бальнічнай палатай інтэнсіўнай тэрапіі, бібліятэкай, чытальнай, актавай і спартыўнай заламі. Базамі практычнага навучання з’яўляюцца, фактычна ўсе стацыянары клінічных бальніц, дыспансераў і шэраг амбулаторна-паліклінічных устаноў Мінска[1].

Спецыяльнасці[правіць | правіць зыходнік]

  • «Сястрынская справа»
  • «Лячэбная справа»
  • «Медыка-дыягнастычная справа»

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • msmc.by — афіцыйны сайт БДМК