Магіла льва (паэма)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Літаратурны твор
«Магіла льва»
Выданне
Малюнак Я. Раманоўскага
да паэмы Янкі Купалы «Магіла льва»
(1959, папера, вугаль)
Жанр:

паэма

Аўтар:

Янка Купала

Мова арыгінала:

беларуская

Дата напісання:

2 ліпеня 1913

Дата першай публікацыі:

1920 лютага 1920

Электронная версія

«Магіла льва» — паэма Янкі Купалы, завершаная 2 ліпеня 1913 года ў Акопах. Упершыню надрукавана ў Мінску ў газеце «Беларусь» 1920 лютага 1920 года. Асобным выданнем выйшла ў Мінску ў 1927 годзе тыражом 3 тысячы асобнікаў. Адна з вяршынных Купалавых разгадак крыўд і бедаў беларускага народа напярэдадні рэвалюцыйных падзей.[1]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У аснове сюжэта паэмы — легенда пра ўзнікненне Магілёва, пра Машэку, нібыта пахаванага на гары з назвай Магіла льва альбо Машэкава гара. Але народная легенда была толькі адпраўной кропкай для купалавай фантазіі. Вобраз Машэкі атрымаў у Купалы прынцыпова розную ад фальклорнай інтэрпрэтацыю. Ад фальклорнага прататыпу аўтар узяў толькі вонкавае — канву сюжэта і народныя ўяўленні пра Машэку як волата, яго незвычайныя рост і моц. Аўтар змяніў матывы, паводле якіх Наталька — каханая Машэкі — пакідае яго і ідзе за панам, а вобраз Машэкі падаў не як волата і народнага заступніка, што помсціць панам за народную крыўду, а як разбойніка, аслепленага асабістай крыўдай, аднолькава варожага ў сваёй помсце і грамадзе і пану. Асноўная ідэя паэмы — асуджэнне проціпастаўлення асобы народа, асуджэнне эгаізму, сляпога індывідуалізму, няразвітасці грамадскай самасвядомасці.[1]

«Збіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
І сеўбу новую пачаць.

Пачнём дакапывацца самі
Разгадкі нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет. »

Я. Купала

З паэмы «Магіла льва»

Вобраз Наталькі ў паэме з'яўляецца супярэчлівым. З аднаго боку, яна — гераіня, якая ўздымае справядлівы караючы меч, здзяйсняючы народную волю, народны прысуд Машэку-разбойніку. Але з другога — яна выступае здрадніцай, прычынай шаленства і разбою Машэкі, яго жыццёвай драмы. І Наталька, і Машэка — вобразы глыбока рамантычныя, постаці незвычайныя. Паэма аб іх каханні — твор рамантычны, і рэалістычных матывіроўкаў паводзін, рэалістычнага раскрыцця стану душы герояў у ёй няма. Паэт рамантычна трактуе каханне як загадку, як насланнё. Пакуты кахання, аднак, аказаліся нішто перад пакутамі здрады. Ды здрада Наталькі, паводле паэмы, не яе віна: яна стала ахвярай «людской хітрасці», «данімання», панскіх заляцанняў, што павялі яе «пуцінамі крывымі». У сваёй лучнасці з роднай вёскай, з грамадой Наталька становіцца гераіняй. Народная памяць яе як бы выбачае, забываецца на тое, што яна аслепленая панскімі харомамі, калісьці пакінула сваю вёску.[1]

Крывавая развязка любоўнае калізіі ў паэме — як папярэджанне, заклён Купалы ад небяспекі быць адлучаным ад свайго народа. Прыватная крыўда Машэкі-разбойніка перарастае ў Купалы ў праблему нацыянальнае крыўды ўвогуле, у сцверджанне, што «крыўда цэлай грамады» ёсць сіла правамерная, натхняльная, гуманістычная.[1]

Па сваёй форме паэма нескладаная, арыентавана на класічную сіметрычнасць кампазіцыі: мае 20 раздзелаў, у кожным з якіх па 6 катрэнаў аднолькавай рыфмоўкі. Чатырохстопны ямб у першым і трэцім радках нарошчаны да жаночай рыфмы.[1]

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

" Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазіцыйнае пабудовы і стылю... паэмаў [«За што», «На куццю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай.
Андрэй Вазнясенскі[2]
"

Пераклады і мастацкія ўвасабленні[правіць | правіць зыходнік]

На рускую мову паэму пераклаў М. Ісакоўскі, на ўкраінскуюМ. Нагнібеда, на малдаўскуюП. Дарыё. Ілюстравалі паэму М. Басалыга, М. Бельскі, А. Кашкурэвіч, М. Купава, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў паэмы і іншых твораў Купалы на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1971 годзе быў створаны аднайменны кінафільм.[1]

Па матывах паэмы Р. Пукст напісаў оперу «Машэка», а Я. Глебаў — сімфанічную «Паэму-легенду».[3]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 А. Лойка Магіла льва (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 369—370.
  2. Янка Купала. "Магіла льва" (з народнага падання). 1913. Праверана 3 лістапада 2012.
  3. Янка Купала. Родныя вобразы. Праверана 3 лістапада 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Магіла льва (паэма)» / Аўтар — А.Лойка — C. 369—370.
  • Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.102—104.
  • Грынчык М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. — Мн., 69. — С.263—268.
  • Каваленка В. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. — Мн., 1981. — С.146—149.
  • Лазарук М. Магіла льва як філасофская паэма // Янка Купала і Якуб Колас: некаторыя аспекты творчасці. — Мн., 1982.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.173—176.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.88—89.
  • Пшыркоў Ю. Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы // Полымя рэвалюцыі. — 1940. — № 12.
  • Шкраба Р. Ідэя паэмы «Магіла льва» // «Літаратура і Мастацтва». — 1947. — 9 жніўня.
  • Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]