Магілёўская школа дойлідства
Магілёўская школа дойлідства, або Магілёўскае барока[1][2] — самабытная школа стылю барока, якая склалася ў XVII—XVIII стст. у грамадскай і культавай архітэктуры Магілёва.
Фарміраванне
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне самастойнай школы ў Магілёве вызначалася высокім узроўнем эканамічнага развіцця, адноснай палітычнай незалежнасцю горада, наяўнасцю значных калектываў дойлідаў, жывапісцаў, сніцараў і іншых майстроў (акрамя дойлідскай, сфарміраваліся таксама самабытныя жывапісная і гравёрная школы). У культурных адносінах Магілёў сінтэзаваў усходнія і заходнія плыні, якія спалучаліся з мясцовымі традыцыямі і спрыялі стварэнню своеасаблівасці мастацкай культуры. На фарміраванне архітэктурна-мастацкага вобразу збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства моцна ўплывалі ландшафтныя ўмовы забудовы горада, якія дыктавалі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы замка, ратушы і інш.).
На першым этапе (XVII ст.) вялікі ўплыў на творчасць майстроў школы зрабіў стыль рэнесанс, на аснове якога выпрацаваны важнейшыя прыёмы стварэння кампазіцый і ў дэкоры (багаты дэкор мелі не толькі буйныя грамадзянскія і культавыя збудаванні, але і многія жылыя дамы). У XVIII ст. школа развівалася пад уплывам стылю барока, які ўзбагаціў сродкі выразнасці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр'ераў будынкаў. У другой палове XVIII ст. школа заняпала і перастала існаваць.
Асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш значныя дасягненні школы — у мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Характэрная рыса культавых збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства — сінтэз структур старажытна-рускіх трохапсідных крыжова-купальных храмаў і заходне-еўрапейскіх трохнефных базілік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазіцыя спалучалася з асіметрычнай базілікальнай, а архітэктурная дамінанта — дзвюхвежавы галоўны фасад, аздоблены сістэмай паярусна размешчаных рознай формы нішаў. Асноўную мастацкую ролю ў інтэр'еры адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і іншыя элементы, вырашаныя ў традыцыях так званай беларускай рэзі.
Збярогся помнік Магілёўскай школы дойлідства — Мікалаеўская царква.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Гармель І. Магілёўшчына турыстычная: рушым… на руйнаванне стэрэатыпаў! Архівавана 1 жніўня 2015., www.agrolive.by Архівавана 1 жніўня 2015.
- ↑ «Наш Магілёў» №75, 25 ліпеня 2014 Архівавана 5 сакавіка 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Магілёўская школа дойлідства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 248—249. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Магілёўская школа дойлідства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 461.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх