Магілёўскі Аляксандраўскі палац
Палац | |
Аляксандраўскі палац | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Заснавальнік | Кацярына II |
Дата пабудовы | 1780 год |
Стан | Не існуе |
Магілёўскі Аляксандраўскі палац, дом Пасекавай — драўляны будынак горада Магілёва, які існаваў ў канцы XVIII – XIX ст.
Пабудаваны ў 1780 г. у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II).
Знаходзіўся ў глыбіні Саборнай пл. за Іосіфаўскім саборам, галоўным фасадам выходзіў на вул. Шклоўскую (сучасная Першамайская). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад быў багата аздоблены: вялікія прамавугольныя вокны з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя – упрыгожаны пілястрамі дарычнага ордара, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. Планіроўка анфіладная з параднымі памяшканнямі ў цэнтры. У 1808 г. палац заняпаў. У 1815 г. зроблены яго чарцёж (з натуры) настаўнікам (у архіўных матэрыялах ёсць хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ўніверсітэту і стварэнні ў ім губернскай гімназіі). Палац адзначаны на генплане горада 1842 г.