Касцёл Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіум езуітаў (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіум езуітаў
Касцёл Святога Францыска Ксаверыя, пач. XX ст.
Касцёл Святога Францыска Ксаверыя, пач. XX ст.
53°53′51″ пн. ш. 30°19′54″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіум езуітаў — рымска-каталіцкі кляштарны і адукацыйны комплекс у Магілёве. Дзейнічаў у другой палове XVII ст. — 1820 (1833) годзе. Займаў пляц каля Каралеўскай брамы ў Старым горадзе (мясцовасць вакол Тэатральнай плошчы), абмежаваную вуліцамі Ветранай і Шклоўскай.

У склад комплексу ўваходзілі мураваныя касцёл і калегіум, за якімі ўздоўж Шклоўскай вуліцы размяшчаўся двор, абкружаны мураваным будынкам школы і гаспадарчымі збудаваннямі[1]. У глыбіні двара знаходзіўся кляштарны сад.

Касцёл і часткова[2] калегіум зруйнавалі ў 1950-я гады. У наш час замест аднаўлення бажніцы з’явіўся праект збудавання на месцы яе падмуркаў (якія захаваліся[3]) офіснага гмаху холдынга «Сервалюкс»[4][5], які, аднак, быў пабудаваны ў іншым месцы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Езуіцкі касцёл (у цэнтры) на акварэлі Ю. Пешкі

У 1678[1][6][7] года (паводле іншых звестак — у 1673[2]) смаленскі канонік і магілёўскі пробашч Я. Здановіч заснаваў езуіцкую рэзідэнцую, якая адкрылася ў 1680 годзе. З 1682 года пачала дзейнічаць найніжэйшая школа (у 17321738 для яе збудавалі мураванае памяшканне)[2]. Каля 1684 года з’явілася музычная бурса і канвікт (інтэрнат), з канца XVII ст. дзейнічаў тэатр.

У 1684 годзе збудавалі мураваную капліцу Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў, а ў 1686 годзе (паводле іншых звестак — у 1779[7]) пачалося ўзвядзенне мураванага калегіума[6]. Імёны яго архітэктараў-езуітаў: Я. Алендскі, прафесар матэматыкі і архітэктуры В. Абрампольскі і інш.

Першы драўляны касцёл пры рэзідэнцыі збудавалі ў 1687 годзе (згарэў у 1708). У 1699 годзе распачалося будаванне мураванага касцёла Анёлаў-Ахоўнікаў, Святога Тадэвуша і Святога Францыска Ксаверыя (кансекрацыя святыні адбылася ў 1725[6]). У 1720 годзе адкрылася аптэка[7], каля 1780 — музей, дзе выстаўляліся выкапні, матылі, манеты, медалі, дзейнічалі фізічны і хімічны кабінеты. У 1799 годзе рэзідэнцыю пераўтварылі ў калегіум з 6 класаў[2]. Станам на 1820 год езуіцкая бібліятэка налічвала 5 тысяч кніжак[7]. Магілёўскім езуітам падпарадкоўваліся місіі ў Гомелі, Фашчаўцы, Хальчы, Чачэрску і іншыя. Калегіуму належалі маёнткі Бялянічы, Варатынічы, Галынец, Дабрасневічы, Дубнікі, Куты, Параеўка, Паўлаўка, Турэц, Цёплае, Хронеў, Ямны і іншыя.[7]

Пасля скасавання ордэна езуітаў (1820) расійскія ўлады зачынілі калегіум і прыставалі будынак пад ваенна-афіцэрскую школу[6]. У студзені 1826 г. у будынку былога калегіума следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — членаў «Паўднёвага таварыства», удзельнікаў паўстання Чарнігаўскага палка, якое адбылося 29 снежня 1825 г. Сярод афіцэраў былі 3 галоўныя кіраўнікі паўстання: падпаручнік М. П. Бястужаў-Румін, падпалкоўнік С. I. Мураўёў-Апостал і падпалкоўнік у адстаўцы М. I. Мураўёў-Апостал, а таксама падпалкоўнік А. 3. Мураўёў, прапаршчык Ф. Ф. Вадкоўскі, капітан А. Ф. Фурман, падпаручнік Д. А. Малчанаў, прапаршчык Я. А. Драгаманаў, афіцэр А. А. Лебедзеў і інш. Усяго праз следчую камісію ў Магілёве прайшло каля 70 дзекабрыстаў. Для далейшага следства яны былі вывезены ў Пецярбург[8].

Пасля здушэння вызваленчага паўстання — у 1833 годзе гвалтоўна перарабілі касцёл у Васкрасенскую царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1848 годзе над дахам будынка ўзвялі несапраўдны шматгранны барабан, які даволі ўдала паўтараў завяршэнні вежаў і ўзбагачваў сілуэт святыні[6].

Калегіум і касцёл езуітаў на малюнку Рыгора Пархоменкі. 1940

16 красавіка 1929 года гарадскім саветам Магілёва прынята рашэнне аб канфіскацыі ад групы веруючых Васкрасенскай царквы і перадачы яе Магпрамсаюзу[9].

Пасля Другой Сусветнай вайне помнік архітэктуры зруйнавалі савецкія ўлады (існуе хібнае меркаванне[7], што на яго месцы ў 1983 годзе збудавалі 9-павярховы жылы дом[5]).

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Дняпроўскі праспект: злева — касцёл, пач. XX ст.

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Мураваны касцёл з’яўляўся творам архітэктуры стылю барока і меў блізкую архітэктоніку да Мінскага касцёла езуітаў[6]. Гэта была 3-нефная базіліка з паўкруглай апсідай, да якой далучаліся трапецападобныя ў плане сакрысціі. Стылістыка галоўнага фасада адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позняга барока: ордарная пластыка адначасова насычаная і строгая. Ён завяршаўся дзвюма вежамі (1-ярусныя чацверыкі[10]) з шмат’яруснымі барочнымі купаламі маляўнічага абрысу. Франтальны фасад дэкаравала ордарная пластыка: слаёныя пілястры, выгнутыя карнізы[7].

Меў цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі на папружных арках[6]. Інтэр’ер упрыгожвалі карынфскія пілястры, сцены і скляпенні — роспіс.

Калегіум[правіць | правіць зыходнік]

Аўтэнтычная сцяна езуіцкага калегіума ў двары этнаграфічнага музея

Будынак калегіума далучаўся да касцёла тарцовай сцяной і ўяўляў 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём. Гладкія сцены праразалі прамавугольныя аконныя праёмы.

У наш час на падмурках калегіума стаіць будынак Магілёўскага музея этнаграфіі. Унутраная сцяна, якая выходзіць у двор музея, з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII ст., колішняй часткай езуіцкага калегіума[5].

Зноскі

  1. а б Монастыри восточной и западной традиций 2002, с. 349.
  2. а б в г ЭнцВКЛ 2005.
  3. У Магілёве ТБМ дамагаецца аднаўлення езуіцкага касцёла Святога Ксаверыя. Радыё Рацыя (13 кастрычніка 2010). Праверана 22 кастрычніка 2010.(недаступная спасылка)
  4. На месцы касцёла Св. Францыска Ксаверыя будзе адміністрацыйны будынак?(недаступная спасылка). Mahilou.org » Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў Магілёве. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 22 кастрычніка 2010.
  5. а б в П. Левановіч, А. Дз'ячкоў. Няхай жыве касцёл у Магілёве!. Могилевский городской информационно-справочный портал (15 кастрычніка 2010). Праверана 22 кастрычніка 2010.
  6. а б в г д е ё Габрусь 2001, с. 156.
  7. а б в г д е ё Кулагін 2008, с. 434.
  8. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  9. Пушкін, І. А. Гістарычная і культурная спадчына горада Магілёва : Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 150 с.
  10. Тамара Габрусь. Наша «езуіцкае» барока // «Наша Вера» № 1 (15), 2001.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]