Мадонна Сапегаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мадонна Сапегаў

Маці Божая з дзіцем Ісусам і святымі Францыскам і Бернардам, або Мадонна Сапегаў — абраз XVIXVII стст. з Віленскага кляштара бернардзінак. З'яўляецца часткай збораў Музея сакральнага мастацтва(польск.) бел. ў Вільнюсе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Абраз Маці Божай з касцёла Святога Міхаіла бернардзінскага кляштара, вядомы як «Мадонна Сапегі», з'яўляецца адной са старэйшых многафігурных алтарных карцін у Літве.

Іканаграфічныя аналогіі віленскага алтарнага абраза невядомы; можна думаць, што ён выкананы па спецыяльнаму заказу. «Мадонна Сапегі» першы раз упамінаецца ў храналогіі бернардзінцаў Малой Польшчы і Літвы, запісанай каля 1655 г[1]. Яна згадваецца як цудатворная, якая мае шмат вотаў. У 1672 г. абраз упамінаецца ў кнізе езуіта Вільгельма Гумпенберга(англ.) бел. «Atlas Marianus», надрукаванай у Мюнхене[2], у якой былі сабраны звесткі аб самых вядомых абразах Марыі. Паведамленне аб віленскім абразе нямецкаму езуіту даставіў рэктар Віленскай акадэміі Альберт (Войцех) Каяловіч, які, пэўна, браў звесткі з дзвюх кніг аб гэтым абразе, выдадзеных у Вільні ў 1670 і 1671 гг[3].

У 1671 г. абатыса кляштара бернардзінак Канстанцыя Сакалінская напісала кніжку, у якой апавядаецца гісторыя абраза і звязаныя з ім цуды. Аналагічны змест паўтараецца і ў больш позніх апісаннях XVIIIXX стст. Найбольш падрабязна гісторыя выкладзена ў рукапісе «Каранацыя… найсвятлейшай нябеснай каралевы»[4].

Паводле гісторыі, абраз быў знойдзены ў лесе, у руінах старога касцёла і прынесены віленскім бернардзінцам. Доўгі час ён знаходзіўся ў калідоры кляштара і нібы аднойчы загаварыў з манахам, які маліўся перад ім, і прасіў павагі. Пасля гэтага абраз перанеслі ў касцёл і змясцілі ў бакавым алтары.

У 1594 г. канцлер вялікі літоўскі Леў Сапега пачаў будаваць кляштар бернардзінак і касцёл Св. Міхаіла. Ён выпрасіў абраз у бернардзінцаў і пабудаваў для яго спецыяльны бакавы алтар. Карціна была ўжо старой, таму Сапега загадаў паднавіць абраз. Але лік Маці Божай не прыняў новай фарбы, і мастак толькі на месцы фігур апосталаў Пятра і Паўла, што знаходзіліся побач з Марыяй, намаляваў святых ордэна бернардзінцаў — Францыска і Бернарда. У 1655 г. у Вільню ўвайшло маскоўскае войска, кляштар і касцёл бернардзінак былі разграблены, аднак абраз цудам захаваўся.

Пасля вайны слава абраза яшчэ больш узрасла, і ў 1669 г. віленскі біскуп Аляксандр Казімір Сапега сабраў камісію на чале з біскупам-суфраганам віленскім Мікалаем Слупскім для вывучэння выпадкаў вылячэння і іншых незвычайных з'яў, звязаных з абразом. Камісія пацвердзіла, што абраз мае асобую міласць ад Бога. У 1673 г. Папа Рымскі Клімент VII даў дазвол каранаваць абраз, але з розных прычын урачыстасць каранацыі адбылася толькі 810 кастрычніка 1750 г. Святкаванне каранацыі апісана ў спецыяльна надрукаванай кніжцы; да гэтай жа даты былі выбіты два памятныя медалі[5]. Гэтую дату нельга лічыць за дату прымацавання карон на абразе, бо, як бачна на самых старых гравюрах з рэпрадукцыяй абраза, зробленых Лявонціем Тарасевічам у 1686 г.[6] і да 1695 г.[7], ужо ў канцы XVII ст. абраз меў шату і кароны. Дазвол на каранаванне і звязаныя з гэтым урачыстасці трэба разглядаць як афіцыйнае прызнанне яго надзвычайнай дзейнасці і як акт выключнага шанавання.

У XIX ст. слава абраза крыху знізілася, таму што пачало расці шанаванне абраза Маці Божай Вастрабрамскай. Калі ў 1888 г. царскія ўлады зачынілі касцёл Св. Міхаіла і кляштар бернардзінак, абраз быў перанесены ў касцёл бернардзінцаў, які ў гэты час стаў парафіяльным, і знаходзіўся там да 1912 г. У гэты час Сапегі атрымалі дазвол зноў адчыніць касцёл Св. Міхаіла, збудаваны іх продкамі, адрэстаўравалі храм і вярнулі на месца абраз Маці Божай.

У 19331935 гг. карціну рэстаўраваў Ян Руткоўскі. Ужо ён заўважыў, што ўся кампазіцыя намалявана алейнымі фарбамі, а твар Марыі — тэмперай, і выказаў думку, што лік з'яўляецца самай старой часткай карціны. Руткоўскі і манахіня Францыска Вяжбіцкая змянілі галаўны ўбор Марыі: замест ружавага вянка напісалі дыядэму з тонкай тканіны[8].


У пасляваенны час бясследна зніклі сярэбраная шата з абраза і кароны, а таксама унікальныя ўпрыгожанні, падараваныя знатнымі жанчынамі. У 1948 г. касцёл Св. Міхаіла зноў быў зачынены, яго мастацкая маёмасць трапіла ў розныя месцы; пашкоджаная «Мадонна» апынулася ў дамініканскім касцёле Св. Духа, адтуль у 1973 г. перададзена Мастацкаму музею Літвы і прабыла ў запасніках, дзе ў 1981 г. выяўлена I. Вайшвілайце. У 19841986 гг. карціна даследавана і рэстаўравана у Цэнтры рэстаўрацыі і кансервацыі музейных каштоўнасцей імя П. Гудзінаса Мастацкага музея Літвы.

У наш час экспануецца ў Музеі сакральнага мастацтва(польск.) бел., размешчаным у касцёле Святога Міхаіла ў Вільнюсе.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Устаноўлена, што абраз першапачаткова напісаны на ліпавых дошках. У час пажару, які адбыўся, верагодна, у 1610 годзе карціна, напэўна, была моцна пашкоджана. Ліпавую аснову абрэзалі да шырыні галавы Марыі, дошку патанчылі і прыклеілі да дубовай дошкі. Па баках да яе дадалі па тры дубовыя дошкі да патрэбнага фармату (зараз памеры карціны 259x188x3 см). Фарбавы слой і грунт з цэнтральнай дошкі знялі і пакінулі толькі жывапіс твару і шыі Марыі. Затым на драўляны шчыт наклеілі павалаку, у якой выразалі «акно» для ліку Марыі. На павалаку быў пакладзены мелавы грунт і створана цяперашняя кампазіцыя. Устанавіць, ці былі раней на абразе выявы Пятра і Паўла, цяпер немагчыма.

Абраз уяўляе сабою вельмі маштабную статычную кампазіцыю, у цэнтры якой у цэлы рост паказана Маці Божая, якая стаіць на паўмесяцы. На левай руцэ яна трымае дзіця Ісуса, злёгку падтрымліваючы яго правай. Да яго ног прыхіляюцца дзве фігуры анёлкаў. Над галавою Марыі лунаюць яшчэ чатыры анёлкі, якія падтрымліваюць маляваную княжацкую карону. Побач са стаячай Мадоннай намаляваны святыя Францыск і Бернард. Іх погляды накіраваны на твар Марыі, а жэсты выказваюць пашану і пакорлівасць. Перад святымі манахамі ў верхняй частцы кампазіцыі намаляваны іх атрыбуты — «Укрыжаванне» ў форме серафіма і манаграма Хрыста ў крузе з прамяністым ззяннем. Каля ног Св. Францыска ляжыць ягнё — сімвал ахвярнасці і пакорлівасці.

У выяве Марыі відаць некалькі іканаграфічных традыцый; больш за ўсё тут прысутнічаюць элементы іканаграфіі Праслаўленай Маці Божай. Марыя прадстаўлена як Дзева — з распушчанымі валасамі. Яна стаіць на сярпе-месяцы, у прамяністым арэоле. Такая іканаграфія, вядомая ўжо ў XI ст. у Заходняй Еўропе, асабліва ў Германіі, стала вельмі папулярнай у XVXVI стст., часта сустракаецца ў мастацтве Польшчы. Ружавы вяночак на галаве Марыі звязвае яе з вельмі пашыраным у XVXVII стст. абразом «Маці Божая Ружанцовая». Але ні для адной з гэтых заходніх іканаграфій не характэрна такая выява Хрыста, як на абразе «Мадонна Сапегі». Ісус, адзеты ў хітон, сядзіць на руцэ Марыі, трымае на каленях раскрытую кнігу і бласлаўляе правай рукой. Такая выява характэрна для мастацтва візантыйскай арыентацыі і звязвае «Мадонну Сапегі» з абразом Адзігітрыі, у якім Ісус паказваецца як Уседзяржыцель і Настаўнік[9].

Паказ святых побач з Маці Божай — частая з'ява ў жывапісе XVI ст. Польшчы, асабліва Кракава. Але ў такім Sancta Conversatione (Святая Бяседа) удзельнічаюць «свецкія» святыя-апосталы, айцы царквы. Выявы святых Францыска і Бернарда, відавочна, звязаны з галіной ордэна францысканцаў, якіх у Вялікім Княстве Літоўскім называлі бернардзінцамі.

На карціне выяўлены 5 сігнатур майстра — «Jan Antoni Kondratowicz» (Ян Антоні Кандратовіч). Вядома, што ён выканаў у 1734 г. дзве мініяцюры з абраза для кнігі «Graduale de tempore», якая знаходзіцца ў Кракаўскім кляштары бернардзінак[10].

Зноскі

  1. Chronologia Ordinii fratrim Minorum de Observantia Provinciae Minoris Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae. 1453—1656. (Archiwum bernardynow w Krakowie. M-25. S. 275).
  2. Gumpenberg W. Atlas Marianus… Monachii, 1672.
  3. Szczygielski S. Aprobacja obrazu NMP w kosciele sw. Michala. Wilno, 1670; Sokolinska K. Skarbnica niebieska otwarta…w obrazie Boga Rodzice Marii Panny w kosciele sw. Michala… Wilnae, 1671.
  4. Archiwum Provinciae in quo describuntur Exordia Fratrum minorum Observantia… ex Chronicii Anticis collectu in Anno Dni 1766 (Archiwum bernardynow w Krakowie. M-14. S. 57—144)
  5. Rewolinski T. Medale religijne, odnoszace sie do kosciola katolickiego. Krakow, 1887. № 726 i 728.
  6. Drews J. Method us peregrinationis… Wilnae, Typi Academicis. 1684.
  7. Степовик. Леонтій Тарасевич
  8. Resiauracja obrazu Maiki Boskiej w kosciele sw. Michata // Dziennik Wilenski. 1935. № 191
  9. Кондаков Н. П. Иконография Богоматери. СПб., 1914. Т. 2. С. 301
  10. Slownik arlystow polskich. Wroclaw; Warszawa, 1986. T. 4. S. 81.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]